Бібліятэкар: правы і абавязкі

№ 38-39 (804-805) 29.09.2007 - 05.10.2007 г


Паважаная рэдакцыя! Звяртаюцца да “Культуры” работнікі адной з ЦБС Віцебскай вобласці. Мы пастаянныя чытачы вашай газеты, яна падабаецца нам актуальнасцю і праўдзівасцю. У тым ліку маем на ўвазе і рубрыку “Міністэрства — газета — чытач”. Адкажыце, калі ласка, на нашы пытанні.

Адказаць на пытанні нашых чытачоў мы папрасілі галоўнага спецыяліста ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры РБ Ганну ГАМЕЗА. 

Ці павінен бібліятэкар кампенсаваць недахоп літаратуры за свае грошы? Калі так, дык які працэнт бібліятэкар пакрывае асабістымі сродкамі?
— У адпаведнасці з пунктам 122 Інструкцыі па ўліку і захаванні бібліятэчных фондаў у Рэспубліцы Беларусь, зацверджанай загадам Міністэрства культуры РБ ад 28 жніўня 1998 г. № 300, адказнасць за захаванне бібліятэчнага фонду нясуць усе работнікі бібліятэкі, якія маюць да яго доступ.
Абмежаваную матэрыяльную адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам нясуць:работнікі бібліятэк — у памеры нанесенага ўрону (за пашкоджанне ці знішчэнне па няўважлівасці дакументаў), але не вышэй сваёй сярэднямесячнай заработнай платы;кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, іх намеснікі, кіраўнікі структурных падраздзяленняў — у памеры нанесенага ўрону па іх віне, але не вышэй трохкратнага сярэднямесячнага заробку, калі ўрон нанесены ў выніку няправільнай пастаноўкі ўліку і захаванасці дакументаў.
Урон, які не перавышае сярэднюю месячную заработную плату, утрымліваецца з бібліятэкара па распараджэнні адміністрацыі, з кіраўніка бібліятэкі — па распараджэнні вышэйстаячага органа шляхам утрымання неабходнай сумы з заработнай платы.
Пры кожнай выплаце заработнай платы агульны памер усіх утрыманняў не можа перавышаць 20%, у выключных выпадках, прадугледжаных заканадаўствам, — 50% ад заработнай платы.Не дапускаецца ўтрыманне з выхадной дапамогі, кампенсацыйных і іншых выплат, на якія, у адпаведнасці з заканадаўствам, не распаўсюджваецца кампенсацыя.

Які працэнт літаратуры спісваецца па розных прычынах?
— У адпаведнасці з Інструкцыяй па ўліку і захаванні бібліятэчных фондаў у Рэспубліцы Беларусь, зацверджанай загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 28 жніўня 1998 г. № 300, адбор і выключэнне дакументаў з бібліятэчнага фонду ажыццяўляецца работнікамі бібліятэкі з улікам фондавай камісіі. Яны ж і вызначаюць колькасць літаратуры, якая падлягае выключэнню з фонду ці спісанню. Акт на выключэнне дакументаў з фонду падпісваюць усе члены камісіі, затым яго зацвярджае дырэктар бібліятэкі.
Прычыны выбыцця дакументаў з бібліятэчных фондаў: 1. Састарэлыя па змесце дакументы; 2. Няпрофільныя; 3. Зношаныя; 4. Надзвычай дублетныя; 5. Дэфектныя экзэмпляры; 6. Згубленыя дакументы; 7. Скончаны тэрмін захавання дакументаў; 8. Пераведзены ў фонд іншага структурнага падраздзялення.

У які тэрмін павінна быць прынята рашэнне аб пагашэнні нястачы?
— Адпаведна пункту 128 абзаца 2 Інструкцыі па ўліку і захаванні бібліятэчных фондаў у Рэспубліцы Беларусь, зацверджанай загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 28 жніўня 1998 г. № 300, распараджэнне адміністрацыі павінна быць зроблена не пазней 2 тыдняў з дня выяўлення ўрону і прынята да выканання не раней 7 дзён з дня паведамлення аб гэтым работніку.

Чаму бібліятэкар абавязаны кампенсаваць увесь недахоп літаратуры?
— У адпаведнасці з пунктам 125 Інструкцыі па ўліку і захаванні бібліятэчных фондаў у Рэспубліцы Беларусь ад 28.08.1998 г. № 300, работнікі бібліятэк нясуць матэрыяльную адказнасць у поўным памеры ўрону, панесенага па іх віне, у тым выпадку, калі недастача дакументаў выклікана дзеяннямі, якія караюцца законам (крадзёж, прысваенне, наўмыснае пашкоджанне дакументаў і г. д.). Кошт нанесенага ўрону вызначаецца па дзеючых цэнах на момант вынясення рашэння аб яго пакрыцці ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.

Чаму сельскія бібліятэкары маюць адзін выхадны — панядзелак, у той час як работнікі гарадскіх бібліятэк — два выхадныя дні? Куды трэба звяртацца, каб і ў нас былі два выхадныя? І чаму іх два ў работнікаў клубаў і СДК?
— Поўная норма працягласці рабочага часу не можа перавышаць 40 гадзін на тыдзень у адпаведнасці з Працоўным кодэксам.
Пяцідзённы з двума выхаднымі днямі ці шасцідзённы з адным выхадным днём рабочы тыдзень устанаўліваецца наймальнікам па ўзгадненні з прафсаюзам.Калі пры пяцідзённым рабочым тыдні сума гадзін пяці працоўных дзён за каляндарны тыдзень менш тыднёвай нормы, неадпрацоўка кампенсуецца па меры яе стварэння ў асобныя тыдні ў лік аднаго ці двух (за выключэннем нядзелі) выхадных дзён, якія ў графіку работ (зменнасці) плануюцца як рабочыя дні.
Сума гадзін працы па графіку зменнасці пры пяцідзённым і шасцідзённым рабочым тыдні павінна адпавядаць разліковай норме рабочага часу кожнага каляндарнага года, якая ўстанаўліваецца Урадам Рэспублікі Беларусь ці ўпаўнаважанымі ім органамі.

Па якой прычыне ў сельскіх клубах — 2-3 работнікі, а ў сельскіх бібліятэках — адзін?
— У адпаведнасці з Тыпавымі штатамі культурна-асветніцкіх устаноў, зацверджанымі загадам міністра культуры і інфармацыі Рэспублікі Беларусь ад 01.01.1996 г. № 5, у штаты сельскіх клубаў уводзіцца штатная адзінка загадчыка і акампаніятара (пры наяўнасці калектыву мастацкай самадзейнасці). У сельскай бібліятэцы-філіяле с колькасцю чытачоў ад 205 да 450 і ад 3,3 да 6 тыс. кнігавыдач уводзіцца адна пасада бібліятэкара.

Ці мае права метадыст правяраць работу бібліятэкі без узгаднення з дырэктарам ЦБС?
— Метадыст мае права на наведванне бібліятэкі ў адпаведнасці з планам работ, зацверджаным дырэктарам ЦБС. Правы і абавязкі метадыста цэнтральнай бібліятэкі рэгламентуюцца ў адпаведнасці з яго службовымі інструкцыямі і абавязкамі.

Ці абавязаны бібліятэкар рамантаваць бібліятэку сваімі сіламі і за ўласны кошт?
— Адпаведна Закону Рэспублікі Беларусь “Аб бібліятэчнай справе ў Рэспубліцы Беларусь” ад 22.03.1995 г. №3680-ХІІ (у рэд. законаў Рэспублікі Беларусь ад 11.11.2002 г. № 147-3, ад 20.07.2006 г. № 162-3), дзяржаўныя бібліятэкі фінансуюцца з рэспубліканскага ці мясцовых бюджэтаў. Будаўніцтва, рэканструкцыя бібліятэчных будынкаў і памяшканняў ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў. Адпаведна, бібліятэкар не абавязаны праводзіць рамонт бібліятэкі сваімі сіламі і за ўласны кошт.

Колькі чытачоў у сельскай мясцовасці павінен абслугоўваць адзін бібліятэкар?
— У адпаведнасці з Палажэннем аб арганізацыі сукупнай сеткі бібліятэк, зацверджаным Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь 29.09.1993 г., бібліятэка ў сельскай мясцовасці адкрываецца не менш чым на 750 жыхароў, якія пражываюць у зоне абслугоўвання. Непасрэднае абслугоўванне жыхароў сельскай мясцовасці ажыццяўляецца ў радыусе 3 км. Населеныя пункты, аддаленыя больш чым на 3 км, абслугоўваюцца нестацыянарнымі формамі.У сельскай бібліятэцы-філіяле з колькасцю ад 250 да 450 чытачоў і ад 3,3 да 6 тыс. кнігавыдач уводзіцца адна пасада бібліятэкара (адпаведна Тыпавым штатам культурна-асветніцкіх устаноў, зацверджаным загадам міністра культуры і інфармацыі Рэспублікі Беларусь ад 01.01.1996 г. № 5).

Калі колькасць чытачоў перавысіла планавы паказчык, ці мае права бібліятэкар на даплату?
— У адпаведнасці з пунктам 2.5. Пастановы Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь ад 21.01.2000 г. № 6 “Аб мерах па ўдасканальванні ўмоў аплаты працы работнікаў арганізацый, фінансуемых з бюджэту”, кіраўнікі арганізацый у межах фонду заработнай платы маюць права ўстанаўліваць рабочым, спецыялістам і служачым даплаты за сумяшчэнне прафесій (пасад), расшырэнне зоны абслугоўвання (павелічэння аб’ёму выконваемых работ) ці выкананне абавязкаў часова адсутнічаючага работніка ў памерах да тарыфнай стаўкі (акладу) адсутнічаючага работніка ў залежнасці ад аб’ёму выконваемых работ.
У той жа час, адпаведна пункту 2.6., даплата не ўстанаўліваецца ў тых выпадках, калі сумяшчальная работа прадугледжана ў нормах працоўных выдаткаў, абумоўлена працоўнай дамовай (уваходзіць у кола абавязкаў работніка), ці даручаецца работніку ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку ў сувязі з недастатковай загружанасцю па асноўнай працы.

Чаму работнікам клубаў і СДК першую катэгорыю прысвойваюць за выкананне плана платных паслуг?
— Адпаведна Тыпавым штатам культурна-асветніцкіх устаноў, зацверджаным загадам міністра культуры і інфармацыі Рэспублікі Беларусь ад 01.01.1996 г. № 5, штатная адзінка метадыста, які мае права на прысваенне катэгорыі, не прадугледжана.
Катэгорыя прысвойваецца ў адпаведнасці са службовымі абавязкамі і кваліфікацыйнымі патрабаваннямі на падставе нарматыўнага дакумента “Кваліфікацыйны даведнік. Пасады служачых, занятых у культуры і мастацтве” (Мінск: НДІ працы, 2003. — 148 стар.).
Рашэнне аб прысваенні катэгорыі прымаецца наймальнікам і афармляецца загадам.
Адпаведнасць кваліфікацыі і фактычна выконваемых абавязкаў работнікаў патрабаванням службовых характарыстык вызначаецца атэстацыйнай камісіяй адпаведна Палажэнню аб атэстацыі кіраўнікоў і спецыялістаў дзяржаўных устаноў культуры, зацверджанаму Міністэрствам культуры 07.02.1997 №37. Рашэнне аб правядзенні атэстацыі, спіс работнікаў, якія падлягаюць атэстацыі, і перыядычнасць яе правядзення вызначаецца наймальнікам.