Экспанаты з “прапіскай”

№ 43 (1014) 22.10.2011 - 29.10.2011 г

Ліда: музейная кватэра

/i/content/pi/cult/347/6544/pic_28.jpgУ 1960-х, засяляючыся ўчатырох у маленькую двухпакаёўку, мы млелі ад шчасця. Гэтая хрушчоўка была першай кватэрай нашай сям'і. Я добра памятаю, якая мэбля там стаяла, што за дыванкі ляжалі на падлозе і з-пад якога абажура лілося святло...

Аўтарскі праект Таццяны Нікіфаравай, старшага навуковага супрацоўніка Лідскага гісторыка-мастацкага музея, "Хрушчоўка 60-х" вяртае нас у мінулае стагоддзе: у музейна-вобразны пакой са старанна ўзноўленымі інтэр'ерам і атмасферай тых гадоў. Знаёмая вешалка, авоська са шклянымі малочнымі бутэлькамі, радыёла і швейная машынка, чорна-белы тэлевізар, жалезны ложак, насценны дыванок з "Трыма мядзведзямі", вязаныя сурвэткі і вышыўкі ў рамках. Здаецца, вось-вось з'явіцца любімая бабуля з талеркай блінцоў і запросіць за круглы стол з плюшавым абрусам...

- Ідэя стварыць такую выстаўку ўзнікла нечакана: у музеі вызвалілася невялікае памяшканне, - распавядае Таццяна Нікіфарава. - Яго архітэктура чымсьці нагадала мне хрушчоўку. Экспазіцыю дапамагла стварыць падшыўка райгазеты за 1967-ы... Усе экспанаты - рэальныя прадметы той эпохі. У гэтым- "разыначка" выстаўкі.

Музейшчыкі знаходзілі іх ва ўласных кватэрах, у знаёмых, на месцы зносу старых забудоў. Асаблівае месца займаюць рэчы, вырабленыя на мясцовых прадпрыемствах: шклозаводзе "Нёман", абутковай фабрыцы, малочна-кансервавым заводзе і заводзе электравырабаў. У музейнай хрушчоўцы наўмысна няма дакументаў, фотаздымкаў, што распавядаюць пра канкрэтных людзей, - гэта абагульнены вобраз тагачаснай кватэры. Тут можна пагартаць старыя газеты і часопісы, пабыць сам-насам з часам.

Ала БІБІКАВА

Шчучын

На здымку: музейная хрушчоўка.

Фота Ліліі ЛАПШЫНОЙ