Спіс Судніковіча

№ 43 (1014) 22.10.2011 - 29.10.2011 г

Знаходкі за тысячы кіламетраў ад Радзімы

/i/content/pi/cult/347/6543/pic_27.jpgТэма беларускай дыяспары ў Забайкаллі неаднаразова ўзнімалася на старонках "К", таксама, як і гісторыя перасялення нашых суайчыннікаў напрыканцы ХІХ стагоддзя ў далёкі сібірскі край. Вярнуцца да гэтай тэмы прымусіў цікавы выпадак, непасрэдна звязаны з пошукам беларусам у трэцім пакаленні сваіх каранёў.

Нагадаем колькі фактаў з гісторыі. Напрыканцы ХІХ стагоддзя непадалёк ад Гомеля - на тэрыторыі цяперашніх Веткаўскага, БудаКашалёўскага і Чачэрскага раёнаў - склаліся цяжкія ўмовы для пражывання і вядзення сельскай гаспадаркі. Вёскі былі перапоўнены, востра не ставала зямлі для маладых сем'яў. Дзякуючы тагачаснай дзяржаўнай праграме некаторыя з нашых суайчыннікаў вырашылі знайсці сваё шчасце ў Сібіры. Яны прыехалі ў гэтыя невядомыя мясціны на пачатку ХХ стагоддзя- на сваіх конях, таму невыпадкова іх празвалі самаходамі. Можна толькі ўявіць, што азначала падарожжа цягам доўгіх месяцаў. І тым не менш, настойлівасць нашых людзей перамагла.

Яны ўзвялі ў глухім месцы, дзе на дзясяткі кіламетраў не было нават паляўнічай заімкі, тры вёскі: Ермакі, Асінаўку і Ялоўку. Пры гэтым назвы давалі паводле найменняў сваіх родных вёсак у Беларусі.

Тыя сібірскія паселішчы, па сутнасці, абмінула рэвалюцыйная хваля 1917-га года. Усё адбывалася мірна. Аднак калектывізацыя прыйшла і ў іхні глухі куток, паставіўшы людзей па розныя бакі барыкад. Той, хто быў багацейшы, зведаў усе пакуты пекла. З трох сібірскіх вёсак, дзе пасяліліся беларусы, былі арыштаваны дзясяткі людзей. Ніхто з іх так больш і не вярнуўся дахаты... Нехта з вяскоўцаў казаў, што іх недзе расстралялі. Але дзе? Так ніхто дакладна і не даведаўся, хаця пошукі вяліся не адзін дзясятак гадоў.

...А роўна праз сто гадоў, калі "самаходы" з Гомельшчыны пасяліліся ў Сібіры, у тых жа самых мясцінах пабываў пісьменнік і даследчык з Беларусі Рыгор Андрэявец. У выніку ягонай паездкі ў Сібір з'явілася цікавая кніга "Дзве Радзімы", што апавядае пра лёс і жыццё перасяленцаў з Беларусі на новых месцах.

 У Цюмені аўтар кнігі пазнаёміўся з Анатолем Судніковічам, бацькі якога пераехалі ў Сібір у 1903-м з вёскі Фалька, што пад Маладзечнам. Менавіта яму давялося ўдзельнічаць у вызваленні незаконна рэпрэсіраваных. Пасля выхаду на пенсію Судніковіч заняўся пошукамі рэпрэсіраваных беларусаў-перасяленцаў. З кожным годам пошукаў спіс іх імёнаў павялічваўся і дасягнуў 229 прозвішчаў. Анатоль Мікалаевіч перадаў Рыгору Андрэяўцу рукапіс са спісам рэпрэсіраваных беларусаў за 1937 - 1938 гг., які і лёг у аснову кнігі, што выйшла ў 2009-м.

А зусім нядаўна на радзіму продкаў прыехаў спявак Міхась Басякоў з сібірскай вёскі Ермакі. Ён не толькі хацеў пабачыць зямлю сваіх продкаў, але і выканаць наказ родзічаў: адшукаць хоць якія-небудзь звесткі пра сваіх прадзедаў, што зніклі немаведама дзе ў 1937 - 1938 гг. Дапамог той самы выпадак. У Веткаўскай бібліятэцы на вочы Міхасю Басякову трапіла кніга Р.Андрэяўца "Дзве Радзімы".

Асабліва яго зацікавіў нарыс "Спіс Судніковіча", дзе гаворка ішла пра іх мясціны і расстраляных там землякоў. Міхась Басякоў даведаўся з кнігі, што ягоны прадзед Яфрэм Басякоў і вядомы грамадскі дзеяч, аўтар падручніка "Геаграфія Беларусі" Аркадзь Смоліч знаходзіліся ў адзін і той жа час у Омскай турме, дзе і былі расстраляны. Па ўсёй верагоднасці, іх магілы знаходзяцца на тэрыторыі, якая прылягае да канца вуліцы імя 20-годдзя РККА ў Омску...

Наталля ДРАЗДОВА, бібліятэкар ЦГБ імя Герцэна

Гомель

На здымку: спявае Міхась Басякоў.