Больш пытанняў, чым адказаў

№ 43 (1014) 22.10.2011 - 29.10.2011 г

Сенсацыі з Лаўрышаўскага манастыра

/i/content/pi/cult/347/6541/pic_25.jpgСёння Лаўрышаўскі праваслаўны манастыр, адроджаны ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, ведаюць паломнікі з розных мясцін нашай краіны. Манастыру належыць асаблівая роля не толькі ў гісторыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, але і, відавочна, у гісторыі Беларусі наогул. Аднак літаральна да апошняга часу абсалютна ніхто не валодаў дакладнай інфармацыяй пра першапачатковае месца знаходжання гэтай старадаўняй абіцелі. І толькі сёлета было праведзена сапраўднае археалагічнае расследаванне, што дало свой плён. 

На думку кіраўніка археалагічных раскопак, доктара гістарычных навук Сяргея Рассадзіна, мінулае гэтага ўнікальнага праваслаўнага комплексу - не проста загадка, а цэлая легенда, якая, у тым ліку, сведчыць пра перанос манастыра з аднаго месца на іншае.

Згодна са звесткамі Іпацьеўскага летапісу, у сярэдзіне ХІІІ ст. манастыр быў створаны "На реце на Немне межи Литвою и Новым городком", насупраць сучаснай вёскі Лаўрышава. Заснавальнікам манастыра з'яўляецца святы Елісей Лаўрышаўскі. Пры гэтым некаторыя лічаць яго князем Рымонтам, сынам вялікага князя літоўскага Трайдзена, іншыя ж- нават самім вялікім князем Войшалкам.

Другая пасля 1225 года датаваная звестка пра манастыр адносіцца да 1398-га і звязана з яго зямельнымі ўладаннямі цягам ХІV - ХVІ стст. Як вядома з архіўных крыніц, шчодрую дапамогу манастыру аказвалі магнаты Хадкевічы і Храптовічы, а таксама мясцовыя шляхцічы, якія з павагай ставіліся да праваслаўнай святыні. Манастыр атрымаў вёскі з сялянамі, ворныя землі, сенажаці, права збору царкоўнай дзесяціны. Усё гэта афіцыйна зацвярджалася прывілеямі вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх, пачынаючы ад Вітаўта і заканчваючы Станіславам Панятоўскім. Існуе паданне: каля 1505 года, калі татары, спусташыўшы наваколле Навагрудка, наблізіліся да Лаўрышаўскага манастыра, Гасподзь паслаў цуд праз свайго ўгодніка Елісея: татарскім коннікам здалося, што манастырскі двор запоўнены адборнай конніцай. Таму яны ў страху кінуліся ўцякаць...

Менавіта гэты цуд і паслужыў падставай для кананізацыі прападобнага Елісея мітрапалітам Іосіфам Солтанам на Віленскім саборы ў 1514 годзе, што відавочна, сталася для манастыра перыядам найбольшага росквіту, які, на жаль, доўжыўся зусім нядоўга. Ужо ў 1530-м манастыр быў цалкам знішчаны татарамі, ад чыіх рук загінулі ўсе манахі. Аднак мяркуецца, што перад рабаваннем маёмасць манастыра і мошчы прападобнага Елісея былі схаваны пад зямлёй, і да сённяшняга дня іх лёс невядомы, нягледзячы на шматлікія пошукі гісторыкаў.

Такім чынам, каб знайсці цудатворныя мошчы святога, неабходна найперш вызначыць, дзе першапачаткова ўзнік манастыр. Не менш цікавае пытанне і ў тым, што ён з сябе тады ўяўляў. Па словах Сяргея Рассадзіна, трэба ўлічваць, што Лаўрышаўскі манастыр з'яўляўся адной з пяці лаўраў Кіеўскай Русі, а да таго - яшчэ і рэзідэнцыяй вялікага князя Войшалка.

Як адзначыў Сяргей Рассадзін, яшчэ ў 1990-я гады гродзенскі археолаг, доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч, што праводзіў даследаванні, выказаў здагадку: манастыр быў не там, дзе Свята-Елісееўскі мужчынскі манастыр існаваў у пачатку ХХ ст. і дзе ён быў адноўлены ўжо ў нашы дні- у мястэчку Незвішчы па-над Нёманам, што на Навагрудчыне. Са старажытных знаходак там выяўлены толькі крамянёвыя артэфакты са слядамі апрацоўкі, якія адносяцца да эпохі мезаліту і маюць адпаведны ўзрост - восем тысяч гадоў.

 А таму ўвагу даследчыкаў прыцягнула мясцовасць, размешчаная ўсяго за чатыры кіламетры на поўдзень ад вёскі Лаўрышава, з яе Успенскай царквой, пабудаванай у 1798 г. Меркавалася, што першапачаткова яна была менавіта манастырскай. Акрамя таго, Сяргею Рассадзіну ўдалося высветліць, што тэрыторыя ў раёне царквы мясцовымі жыхарамі спрадвеку называлася "Закляшторкі". Такім чынам, заставалася толькі знайсці сляды манастыра.

Ініцыятарам археалагічных раскопак выступіў яго настаяцель, айцец Яўсевій, які і запрасіў далучыцца да даследавання першаадкрывальніка легендарнага горада Казіміра. Таксама ў раскопках прынялі ўдзел студэнты Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта.

Па словах кіраўніка раскопак, даследаванню моцна перашкаджалі грунтавыя воды, якія з'явіліся ўжо на глыбіні ў паўтара метра. Зрэшты, гэтыя нязручнасці цалкам кампенсаваліся шматлікімі цікавымі знаходкамі, якімі быў насычаны культурны пласт.

 Чарговы раз можна толькі здзіўляцца інтуіцыі і прафесійнаму чуццю кіраўніка даследавання, бо ў раскопе плошчай усяго ў 32 квадратныя метры выявіліся рэшткі кафлянай печы, якая датуецца, хутчэй за ўсё, XVI стагоддзем. Што асабліва цікава, тая печ, як і сама пабудова, была разбурана ў выніку нейкага бедства, ад чаго застаўся выразны пласт пажарышча. Гэта ўказвае на ўжо згаданую трагедыю 1530 г., калі манастыр быў знішчаны.

Акрамя таго, пад пластом XVI ст. былі знойдзены сляды больш ранніх перыядаў. У прыватнасці, выяўлена вялікая колькасць рэшткаў посуду ХІІІ ст. Рыльца адной з бутэлек мае нават адметную маркіроўку. Пры гэтым няма ні характэрных для падобных помнікаў свецкага характару рэшткаў шкляных чарак, ні курыльных трубак, ні знаходак жаночых упрыгожанняў. Такім чынам, відавочна, строгі манастырскі статут тут сапраўды выконваўся.

Пасля першага этапа раскопак, падзяліўся сваімі думкамі Сяргей Рассадзін, у гісторыкаў засталося больш пытанняў, чым адказаў, а таму далейшыя работы, відавочна, буд у ц ь п р а цягвацца. Тым больш, праграма даследавання Лаўрышаўскага манастыра разлічана на пяць гадоў, а арганізатары археалагічных раскопак адкрыты для супрацоўніцтва з усімі аматарамі айчыннай гісторыі і культуры.

Тым часам, па словах Сяргея Рассадзіна, у недалёкай будучыні ў Лаўрышаўскім манастыры плануецца стварыць археалагічны музей. А тыя камяні, што былі знойдзены на месцы колішняга манастыра, лягуць у падмурак новай лаўры, што ствараецца на Навагрудчыне.

На здымку: знаходкі з лаўрышаўскай "прапіскай".

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"