Два “светы” вострым пяром

№ 43 (1014) 22.10.2011 - 29.10.2011 г

“Жывапісны” люд і рысакі-птахі Станіслава Богуша-Сестранцэвіча

/i/content/pi/cult/347/6540/pic_23.jpgБогуш-Сестранцэвіч... Прозвішча гэтае ў XVIII - XIX cтст. было даволі распаўсюджана і ў Беларусі, і ў Польшчы. І ў Расіі яго таксама добра ведалі. Дзве асобы з такім прозвішчам - даволі знакамітыя. Гэта - Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, які з 1773га быў епіскапам на Беларусі, а праз 11 гадоў - мітрапалітам усіх рымска-каталіцкіх цэркваў у Расійскай імперыі, будаўнік храма Святога Станіслава ў Пецярбургу, заснавальнік першых у Расіі ўсяслаўных гімназій, гісторык і асветнік. Але сёння нас цікавіць іншы Богуш-Сестранцэвіч, таксама Станіслаў, - жывапісец, бліскучы рысавальшчык, графік-жанрыст і графік-сатырык, выдатны анімаліст. Але зноў жа - з племені тых "забытых" і "прызабытых" у нас творцаў, якія ў свой час рабілі гісторыю беларускага выяўленчага мастацтва. 

Праўда, у 1940-м, калі мастак ужо 13 гадоў як пайшоў з жыцця, яго карціна пад назвай "Баль у Мінску" экспанавалася ў Маскве. Яе ўбачыла вядомая тады савецкая пісьменніца Ганна Караваева, будучы лаўрэат Сталінскай прэміі. Праз колькі дзён на старонках "Литературной газеты" яна апублікавала артыкул пра выстаўку. Там былі такія словы пра карціну Богуш-Сестранцэвіча: "Напісаная ў эскізнай манеры, яна робіць незабыўнае ўражанне - настолькі сатырычна вострыя рашуча ўсе людзі, тыпы. Вось правінцыйныя какеткі, вось настаўніца гімназіі, худая, у пенснэ, старая дзева, якая ненавідзіць моладзь; вось настаўнік, хмурная істота, чалавек у футарале, мінскае параджэнне Белікава; вось манерная паненка, якая ўжо "нявесціцца", а побач самазадаволены бамбіза - яе будучы муж; пацешны хлапчук-падлетак, вялікагаловы, са смешнымі коскамі на шыі, напэўна, упершыню дапушчаны на гэты баль... Які сум, прэтэнцыёзнасць, тупасць!"

Такую ж "прэтэнцыёзнасць" прадстаўнікоў вышэйшага царскага чыноўніцтва мы бачым у вострагратэскавых вобразах самазадаволеных карцёжнікаў, багемных фарсуноў, балбатуноў і плеткароў у іншай акварэльнай кампазіцыі гэтага цыкла "Віленскае грамадства", да якой прымыкае і яшчэ адна забаўная сатырычная рэч - "Кветкі вялікага горада". Вось такі выразны трыпціх. Карыкатура? Магчыма, але яна дае вельмі яркую, выразную, часам іранічную, "гумарыстычную" карціну таго свету, у якім жыў мастак на пачатку ХХ стагоддзя.

Але не толькі і не столькі сатырай на сучаснае яму грамадства быў вядомы Богуш-Сестранцэвіч. У гісторыю беларускага, літоўскага і польскага мастацтва ён увайшоў (або павінен увайсці) як выдатны бытавы "жанрыст" і бліскучы анімаліст, якога па адлюстраванні коней можна параўнаць, мабыць, толькі з рускім мастаком, яго папярэднікам Мікалаем Свярчковым. І ў гэтым плане ён пераўзышоў і свайго галоўнага настаўніка, баталіста і анімаліста акадэміка Багдана Вілевальдэ. Але пра ўсё па парадку.

/i/content/pi/cult/347/6540/pic_24.jpgБіяграфічных звестак пра Станіслава Богуш-Сестранцэвіча захавалася вельмі мала. Вядома толькі, што нарадзіўся ён у 1869 годзе, дзесьці ў Віленскім павеце (паводле іншай версіі- у самой Вільні), і што шляхецкая сям'я яго была не вельмі багатая. Першапачатковую адукацыю Станіслаў атрымаў у Віленскім рэальным вучылішчы. Далей "белая пляма" - ажно да паступлення ў Акадэмію мастацтваў у 1889-м. Так ён лёгка апынуўся у батальным класе Багдана (Готфрыда) Вілевальдэ, таго самага прафесара, у якога раней навучаўся і наш Генрых Вейсенгоф. Зразумела, паступіць у гэтую навучальную ўстанову без прафесійнай падрыхтоўкі было немагчыма. Такім чынам, я лічу, што Станіслаў пасля Рэальнага вучылішча наведваў Віленскую рысавальную школу знакамітага тады Івана Трутнева, дзе і атрымаў навыкі ў жывапісе і малюнку. А як жа інакш?

І хаця Багдана Вілевальдэ сёння мала хто ведае, ён заслугоўвае таго, каб сказаць пра яго колькі слоў, бо без гэтага чалавека Богуш-Сестранцэвіч наўрад ці стаў бы цудоўным анімалістам і аўтарам шматлікіх кампазіцый з жыцця людзей і коней. Вілевальдэ ў 30 гадоў ужо стаў прафесарам Акадэміі. Заўважу, што званне гэтае атрымаць тады было больш складана, чым званне акадэміка, якое давалася мастаку за адзін або некалькі твораў, а прафесарства трэба было "здабываць" шматгадовай добрай працай на ніве педагогікі. Такім чынам, стаць прафесарам у 30 гадоў - рэдкі выпадак. Цягам паўстагоддзя Вілевальдэ кіраваў класам батальнага жывапісу, сам напісаў шмат карцін, прысвечаных ваенным гістарычным перамогам Расіі і афіцыйным грамадскім падзеям. А яшчэ ён праславіўся як таленавіты анімаліст, знаўца коней, і менавіта гэта асабліва прыцягвала ўвагу студэнта Богуш-Сестранцэвіча. Можна дапусціць, што ў дзяцінстве на сваёй малой радзіме Стасік меў справу з конямі, якія ў шляхецкіх маёнтках былі самымі галоўнымі жывёлінамі ў гаспадарцы, паляванні, проста на адпачынку і адыгрывалі не апошнюю ролю ў "эстэтычным" выхаванні дзяцей.

Адзін з вучняў Вілевальдэ - А.Сласцьён - так узгадвае настаўніка: "Мы ўсе яго паважалі за ягоную незвычайную дабрыню і шчодрасць, хаця выгляд у яго быў суровы. Многім вучням батальнага класа ён выдаваў са сваіх сродкаў стыпендыі і розныя "вспоможения", не кажучы ўжо пра фарбы, палотны, пэндзлі. Ён заўсёды клапаціўся аб вучнях не толькі свайго, але і іншых класаў".

Заняткі ў Вілевальдэ былі плённымі не толькі дзякуючы асобасным якасцям педагога, але перш за ўсё таму, што маладым баталістам даводзілася шмат працаваць над натурай. У класе не існавала сюжэтаў міфалагічных ці біблейскіх - баталісты звярталіся не да Антычнасці, а да падзей свайго часу, рускай гісторыі незалежна ад месца, адкуль паходзілі мастакі-пачаткоўцы. Яны павінны былі адлюстроўваць жанчын і мужчын, дзяцей і старых, сялян, гараджан, салдат, афіцэраў, купцоў, мяшчан, іхнія ўчынкі і перажыванні. Яшчэ яны малявалі і рысавалі коней, займаліся пейзажам, радзей - партрэтам. Такім чынам, батальны клас Акадэміі даваў усебаковую падрыхтоўку, і гэта растлумачвае, чаму там мог так ахвотна ў першы час вучыцца Богуш-Сестранцэвіч, будучы бліскучы майстра бытавога жанру.

На другім курсе Станіслаў зрабіў натурны эцюд каня ў яблыках і нечакана для сябе, пры падтрымцы, канешне ж, Вілевальдэ, атрымаў сярэбраны медаль! З таго часу юнак і стаў удзельнічаць у выстаўках Пецярбургскага таварыства мастакоў. У асноўным, экспанаваў графічныя творы з адлюстраваннем сцэн з жыцця беларускіх мястэчкаў і шляхецкіх сядзіб. Для распешчанага сталічнага "бамонднага" гледача такія каларытныя творы з "экзатычнага" народнага быцця беларусаў уяўлялі асаблівую цікавасць./i/content/pi/cult/347/6540/pic_22.jpg

Вядома, што, пад час навучання ў Акадэміі мастак часта хварэў (магчыма, на сухоты) і, зразумела, прапускаў заняткі. Бюлетэняў тады не існавала, і хваробы вучняў мала хвалявалі акадэмічных чыноўнікаў. Так здарылася па іроніі лёсу, што з трэцяга курса Станіслаў, учарашні медаліст, быў выключаны "за непаспяховасць"! Нейкі час ашаломлены студэнт, яшчэ не ачуняўшы ад хваробы, бадзяўся па вуліцах Піцера, затрымліваючыся на дзень-другі ў знаёмых. Калі ўжо сабраўся ехаць у Вільню, вясной наступнага, 1893-га, года, зноў жа, па патрабаванні настаўніка, яго знайшлі тыя ж чыноўнікі, папрасілі прабачэння (маўляў, не разабраліся) і аднавілі ў правах студэнта. Але праз год зноў штосьці здарылася незразумелае, і Сестранцэвіч сам падаў у акадэмічны савет прашэнне, у якім заяўляў аб "нежаданні працягваць выхаванне ў Імператарскай Акадэміі мастацтваў". Прычыны застаюцца невядомымі і па сёння. Мо палічыў сябе такім падрыхтаваным у прафесійных адносінах, што вучыцца далей, губляючы час, для яго не мела сэнсу? Ці былі іншыя матывы, звязаныя з нейкімі канфліктнымі сітуацыямі паміж студэнтам і акадэмічным кіраўніцтвам? Ці якіясьці крыўды на нясправядлівае стаўленне не давалі яму спакою?.. Прыкладна праз тры гады, таксама нечакана, пакінуў Акадэмію і ягоны сябра Конрад Кржыжаноўскі, будучы польскі экспрэсіяніст, які з'ехаў з Пецярбурга спачатку ў Мюнхен, потым - на малую радзіму, у Варшаву, а пазней - у Парыж...

І зноў - Вільня. Самае цікавае, што адразу пасля прыезду Богуш-Сестранцэвіч з галавой кідаецца ў, так бы мовіць, "часопісную" творчасць, ілюструючы розныя перыядычныя выданні. А трохі пазней, пасля 1906 года, супрацоўнічае і з першай беларускай легальнай перыядычнай газетай "Наша ніва". Канешне ж, ён быў знаёмы і з братамі Луцкевічамі, і з Алаізай Пашкевіч (Цёткай), і з маладымі Янкам Купалам, Вацлавам Ластоўскім, Ядвігіным Ш. Друкуе Богуш-Сестранцэвіч свае ілюстрацыі да твораў беларускіх і польскіх пісьменнікаў, робіць замалёўкі і жанравыя кампазіцыі. Часам вобразы мастака змяшчаюць у сабе глыбокія, трапныя сацыяльныя характарыстыкі.

Такія тыпы, створаныя ім у ілюстрацыях да аднаго з першых беларускіх кніжных выданняў ХХ стагоддзя - апавядання Элізы Ажэшка "Гедалі", якое выпусціла "Наша ніва". У літаратурным творы апісваецца хатні суд, які адбыўся ў доме багатага хутараніна Карэйбы над няўдалым карабейнікам - бедалагам Гедалі, які захаваў сярод дробных штодзённых клопатаў душэўную чысціню і наіўны ідэалізм. Гэты маленькі стары чалавек быў злоўлены на полі Карэйбы, калі наядаўся там паспелым гарохам. Цудоўныя, створаныя пяром мастака ў манеры беглага накіда партрэты лагоднага Гедалі і хітрага Карэйбы, а таксама і яго суседа шляхціча Тамкевіча, нікчэмнага і ганарлівага, які ўсім сваім выглядам дэманстраваў пагарду да няшчаснага Гедалі...

З Вільні мастак часта выязджаў у "творчыя камандзіроўкі" ў Мінск ды іншыя гарады і мястэчкі Беларусі, дзе перш за ўсё яго цікавіла жыццё сялян, збяднелай шляхты і... арыстакратыі. А позірк у мастака быў надзвычай востры, часам - як джала пчалы, часам - мякка-іранічны, калі гаворка ішла пра становішча простых сялян-хлебаробаў, гандляроў, карчмароў, пастаяльцаў, паляўнічых, цыганоў, фурманоў і іншага "жывапіснага" люду.

Наогул, яркія, запамінальныя жывапісныя карціны і графічныя аркушы, выкананыя пяром і тушшу, нараджаліся з натурных накідаў. Такія творы, як "У мястэчку", "Работы ў фальварку", "На паляванне", "Уборка сена", "У дарозе", "Размова", "Бегавы конь", і сёння з'яўляюцца непераўзыдзенымі па майстэрстве і эмацыйнай выразнасці. Большасць гэтых работ знаходзіцца ў музеях Літвы і Польшчы.

Вось, напрыклад, вельмі цікавая кампазіцыя "Злоўлены жыўцом". Кірмаш. На прылаўках - бітая заечына, цецерукі, якія вісяць на вешалах; страшэнна зацікаўленыя мужыкі, што заглядаюць у кош, дзе сядзіць "нехта спакойны". А хто гэты "нехта" - сяляне пакуль не ведаюць. І мы - таксама. Але - смешна! Яшчэ адзін беларускі кірмаш і вясковыя залёты ля воза з сенам. Ледзь намечаныя местачковыя халупы, затое бачная босая дзявочая нага на спіцы кола. А як прыгожа выгнута спіна! І якая хітрая ўсмешка ў ейных вачах! І які нягеглы гэты хлопец у світцы ды тоўстых закарэлых ботах...

Колькі цудоўных аркушаў мастак прысвяціў качавым цыганам. Яны гандлююць на базары конямі, займаюцца варажбой для даверлівых гараджан, імчацца па дарозе ў запрэжанай парай вараных пралётцы або сустракаюць досвітак пад адкрытым небам побач з табуном... А якое захапленне выклікае артыстызм мастака пры адлюстраванні ў руху складаных ракурсаў вараных! Майстэрства, з якім ён схопліваў найдрабнейшыя асаблівасці таго або іншага каня, было надзвычайнае. Мастаком створана вялікая галерэя самых разнастайных выяў коней, адлюстраваных з такой дакладнасцю натуры, з такімі ведамі анатоміі, што яны ўяўляюць значны інтарэс не толькі ў мастацкіх, але і ў навукова-пазнаваўчых адносінах. Вось шалёна імчацца рысакі-птахі, віецца пугаўе, сцелецца пад капытамі пыльны шлях... І карцінна, у складаным ракурсе, адкінутая на падножку нага барадатага вазака ў наваксаваным скураным боце!.. Эх, коні мае, коні!.. І чуецца хвацкая цыганская песня...

А вось ужо жывапісная карціна іншага роду - "Прачкі". Нават на чорна-белай выяве відаць, як мастак цудоўна валодаў фарбамі. А ў колеры... Тут- сапраўдны імпрэсіянізм, асабліва ў адлюстраванні пераліваў вады і пейзажу на другім плане. На беразе возера стаяць у гордай і незалежнай постаці прачкі ў сваёй звыклай працы. У руках- памытая бялізна, якая складана пераліваецца ў промнях сонца на заходзе, побач - драўляныя вёдры. А ў глыбіні - удалечыні, на зялёным узгорку, - у залаціста-аранжавых тонах, віднеюцца простыя сялянскія пабудовы, што патанаюць у садах, хаткі пад насупленымі саламянымі стрэхамі, пуні, агароды - тыповы беларускі краявід таго часу... Аўтар дасягае бліскучага выніку ўмелым спалучэннем каларыстычнага і танальнага рашэння. У карціне добра адчуваюцца "жывы" аб'ём і прастора, "жывая" матэрыяльнасць прадметаў, і зусім, як у імпрэсіяністаў, адсутнічае чарната фарбаў...

Не ведаю, як склаліся лёс і творчасць Богуша-Сестранцэвіча пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі: звестак пакуль не знайшоў. Вядома толькі, што пайшоў з жыцця ён у 1927-м, і было яму ўсяго 58 гадоў...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"