Прытча пра чайную ружу і пра ружу чырвоную

№ 43 (1014) 22.10.2011 - 29.10.2011 г

Віктар Тураў, які заўсёды заставаўся сабой. Частка 1

/i/content/pi/cult/347/6539/pic_20.jpgВіктар Тураў нарадзіўся 75 гадоў таму, але ўжо 15 гадоў яго няма з намі. І абедзве гэтыя даты прыходзяцца на кастрычнік: 25-га і 31-га. Так склаўся лёс... І сёння, можна сказаць, сам Гасподзь загадаў нам яшчэ раз успомніць гэтага цудоўнага чалавека, выдатнага кінарэжысёра, педагога і актыўнага грамадскага дзеяча, жыццё і творчасць якога цалкам былі аддадзены роднай Беларусі. Ад Магілёва, дзе ён нарадзіўся, да Мінска, дзе знайшоў месца вечнага спачыну,- вялікі, шчодра ўсыпаны не толькі чырвонымі ружамі, але і цярністымі калючкамі, шлях. Такая доля ўсіх Асоб, для каго мастацтва і жыццё былі абсалютна непадзельныя...

Аднойчы Віктар Цімафеевіч расказаў мне прытчу, што ў студэнцкія гады пачуў ад сябра і аднакурсніка Атара Іаселіяні. Аднаму мастаку, які лічыўся майстрам адлюстравання кветак, заказалі намаляваць тыгра. "Спецыяліст па кветках" падумаў, памаўчаў, а потым адказаў: "Я з задавальненнем намалюю вам тыгра, толькі ён у мяне будзе падобны на чайную ружу як дзве кроплі вады, - вы ўжо мяне не судзіце строга..."

Віктар расказваў прытчу, усміхаўся і казаў, што сапраўдны мастак тым і адрозніваецца ад халоднага рамесніка, што яму важна заўсёды заставацца самім сабой. У гэтым, мне здаецца, - залаты ключык да патаемнай дзверцы ўсёй душэўнай арганізацыі самога Турава. Бо Віктар Цімафеевіч заўсёды заставаўся самім сабой: і на здымачнай пляцоўцы, і дома, і ў коле сяброў і студэнтаў, і ў сваёй майстэрні на "Беларусьфільме", і на "кіношных" афіцыйных ды неафіцыйных сустрэчах, і ў час кіраўніцтва Саюзам кінематаграфістаў, і нават у дні доўгай хваробы, ад якой ён "вылечваўся" частымі ўцёкамі з бальніцы проста на кінастудыю, дзе ўбягаў у свой кабінет на другім паверсе і адчуваў сябе на гэты час цалкам здаровым... Менавіта ў тым кабінеце, акрамя, зразумела, іншых месцаў, мы сустракаліся з Туравым амаль штодзённа цягам лета і пачатку восені 1996 года. Нам было пра што пагутарыць. Іншым разам у нашай гутарцы прымалі ўдзел ягоныя калегі, якія заходзілі сюды "на хвіліначку": Міша Пташук, Юра Марухін і Саша Яфрэмаў. Захавалася колькі кадраў тых сустрэч, якія зняў Генадзь Жынкоў. Гэта былі апошнія фота ў жыцці Турава на яго роднай студыі.

...Я пазнаёміўся з Віктарам Цімафеевічам далёкай вясной 1965-га ў Маскве, на кватэры сцэнарыста і паэта Генадзя Шпалікава, майго старога знаёмага. Памятаю, у маленькім пакойчыку вялікай камуналкі дома ў Чаромушках размясцілася цёплая кампанія за тузінам бутэлек з "вогненнымі водамі". Тамадой быў "аксакал кіно" Марлен Хуцыеў - тады ўжо вядомы рэжысёр, аўтар "Вясны на Зарэчнай вуліцы". Віктар сядзеў у куточку побач з Юрыем Файтам. Я прыладзіўся злева ад Турава, якога да гэтага не ведаў. Выпіўшы, Шпалікаў няцвёрда стаяў ля краю стала і чытаў свой верш: "По белому снегу я палкой вожу,/ Стихи - они с неба,/ А я- перевожу..." (цытую па памяці).

Там я і даведаўся, што мой сусед па стале Віктар Тураў - з Беларусі, з Магілёва, год таму ён скончыў "ВГИКаўскую" майстэрню Аляксандра Даўжэнкі, працуе ў Мінску на "Беларусьфільме", а ўчора прыехаў спецыяльна да Шпалікава наконт удакладнення сцэнарыя карціны пра "рэха вайны" (у будучым - фільм "Я родам з дзяцінства"). Але гэтым разам "камандзіроўка", шапнуў мне на вуха Тураў,- "нулявая".../i/content/pi/cult/347/6539/pic_21.jpg

Ад Генадзя мы выйшлі ўдвух з Туравым і павольна пакрочылі па мокрым асфальце ў кірунку да станцыі метро "Акадэмічная". Віктар расказаў, што не трэба адмоўна ставіцца да Шпалікава, вельмі таленавітага чалавека, яго трэба разумець: жонка, актрыса Іна Гулая, з маленькай дачкой Дашай пакінула яго, маці таксама адвярнулася ад сына, вельмі цяжка з фінансамі і г. д. Канешне, шкада, што так здарылася: заўтра яму, Тураву, трэба вяртацца ў Мінск. Ну, яшчэ паспеў расказаць трошкі пра сябе, пра бацьку Цімафея Антонавіча, якога расстралялі фашысты, пра маці Марыю Ісаеўну, з якой ён, сямігадовы хлопчык, апынуўся ў Германіі, у канцлагеры, адкуль іх, ужо напрыканцы вайны, вызвалілі амерыканцы. "Бачыш, Бора, вось застаўся "на памяць" шрам, - Тураў паказаў метку на твары. - Гэта след ад фашысцкай дубінкі начальніка канцлагера, сапраўднага звера... Ведаеш, я ужо ў школе, калі іграў у драмгуртку ў Палацы чыгуначнікаў, даў сабе клятву нейкім чынам распавесці людзям пра тое, што паспеў перажыць у час вайны. А натхніў на тое, каб стаць рэжысёрам, фільм Сяргея Герасімава "Маладая гвардыя". Я прачытаў, што многія акцёры прыйшлі ў кіно з самай што ні ёсць правінцыі. А што я- горшы? Чаму не паспрабаваць? Праўда, спачатку думаў паступаць на акцёрскі, але вось гэты шрам... А тут якраз Даўжэнка набіраў курс на рэжысуру. Ну, я і рызыкнуў... Здарылася гэта дзесяць гадоў таму". Значыць, у 1955-м...

...З таго часу прайшло амаль 30 гадоў, але з Туравым я не сустракаўся, хаця і даўно жылі ў адным горадзе- Мінску. Канешне, я ведаў пра яго поспехі ў кінематографе, глядзеў усе ягоныя стужкі. Аднак асабіста нашы шляхі не перакрыжоўваліся: мабыць, важкай нагоды для гэтага не было. А тая маскоўская мімалётная сустрэча даўным-даўно растаяла ў тумане як нязначная. Але лёс ёсць лёс: пабачылі адзін аднаго на пасяджэнні камісіі Мінгарвыканкама па перайменаванні вуліц і плошчаў сталіцы. У перапынку выйшлі з Туравым пакурыць, пагутарылі, успомнілі той далёкі маскоўскі вечар, Генадзя Шпалікава, якога ўжо даўно не было на свеце...

На тым і разышліся, як кажуць, "да хуткай сустрэчы". Прайшоў яшчэ нейкі час... Ліпень 1996 года. Акурат у нацыянальнае свята французскага народа- Дзень узяцця Бастыліі - адбыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў Францыю. А культурныя сувязі гэтай краіны і нашай Беларусі ніколі не перарываліся.

Газета "Культура" тады звярнулася да Турава з просьбай распавесці пра яго сустрэчы з французскай актрысай Марынай Уладзі, з якой ён сябраваў. І Віктар Цімафеевіч з задавальненнем паведаміў пра тое, як да яго ў госці ў час здымак у раёне Навагрудка прыехалі ягоныя сябры - Марына Уладзі і Уладзімір Высоцкі. Вось тады і высветлілася, што Віктар шмат гадоў быў блізкім сябрам Уладзіміра Сямёнавіча! Але пра гэта ён ніколі нікому не расказваў, у тым ліку і прэсе. "К" ледзь угаварыла рэжысёра распавесці пра гэтыя старонкі няпростага жыцця двух выдатных людзей. Але Тураў пагадзіўся толькі з умовай: пра гісторыю таго сяброўства ён раскажа толькі мне, каго ведае нібыта "сто гадоў" як журналістапрафесіянала.

Памятаю, мая першая гутарка на тую тэму і пачалася з таго, што я спытаў Віктара: чаму ён "прамаўчаў", калі пасля смерці Высоцкага і ў год яго 50-годдзя літаральна ўсе СМІ і тэлебачанне гаварылі пра яго? А Тураў адказаў, што для яго непрыемныя і бязмежнае абагаўленне Высоцкага, і яго ганебнае прыніжэнне, і брыдкая мітусня вакол ягонага імя. Як не зразумець, кажа ён, што толькі праўда, прытым поўная, павінна быць сапраўднай памяццю пра Валодзю? "І чаму ж ты так доўга маўчаў?" - "Як толькі Валодзя памёр, з усіх кутоў павылазілі на свет Божы цэлыя натоўпы ягоных "прыхільнікаў", а прасцей кажучы - фальшывых сяброў. Вось тады я даў сабе клятву нічога не казаць у друку пра майго сябра цягам хаця б пяці гадоў. Разам з Валодзем мы з'елі не адзін пуд солі, шмат часу былі побач, і да таго, што адбывалася ў нашым грамадстве ды наогул у свеце, ставіліся адэкватна, бо ў нас, амаль равеснікаў, было шмат агульнага, і не толькі ў характарах, мастацкіх ды жыццёвых схільнасцях і густах. Аб'ядноўвала нас і тое, што абодва мы былі "дзеці вайны", і тое, што сустрэліся на маёй карціне пра ваеннае дзяцінства, адкуль былі родам. А яшчэ я вельмі ганаруся тым, што Высоцкі ўпершыню заспяваў свае песні менавіта ў маіх фільмах, ды і якія песні: "Холода, холода", "Высота", "Братские могилы"...

Віктар нагаварыў мне два дзясяткі касет, і пра сяброўства не толькі з Высоцкім, але і з іншымі дзеячамі кіно: Уладзімірам Белакуравым, Генадзем Гарбукам, Юрыем Гарабцом, Барысам Няўзоравым, Данатасам Баніёнісам, Нінай Ургант, Анатолем Забалоцкім, Яўгенам Ганкіным, Яўгенам Ігнацьевым, Дзмітрыем Зайцавым, Алесем Адамовічам, яго сакурснікамі па ВГИКу Вітаўтасам Жалакявічусам, Ларысай Шапіцька, Рытай Касымавай, Джэмай Фірсавай, Атарам Іаселіяні, Георгіем Шенгелія, Аляксандрам Мітой. У коле сяброў асабліва вылучаў "за чалавечнасць і прафесіяналізм найвышэйшай пробы" літоўскага акцёра Бронюса Бабкаўскаса і аператара Аляксандра Княжынскага.

Першы мой артыкул "Пра сяброўства з Высоцкім я маўчаў шаснаццаць гадоў..." з'явіўся ў газеце "Культура" 15- 21 кастрычніка (№ 42 за 1996 г.). Апошні, дзявяты, - у № 50, 17 - 23 снежня, ужо пасля смерці Віктара Цімафеевіча. Праўда, рукапіс майго вялікага матэрыялу ён паспеў прачытаць і выказаў сваё задавальненне. Памятаю, з якой дакладнасцю, скрупулёзнасцю ён вычытаў- ужо ў бальніцы- гэты рукапіс нашай шматдзённай гутаркі, каб - крый Божа! - не з'явіліся ў тэксце якія-небудзь памылкі або недакладнасці.

Матэрыял, апублікаваны ў "К", меў вельмі пазітыўны рэзананс не толькі ў Беларусі. Яго вялікі фрагмент - пра сустрэчу Высоцкага з Хрушчовым, - напрыклад, перадрукавала маскоўская "Литературная газета", некаторыя аўтары мемуараў пра Высоцкага пазней таксама штосьці бралі з яго, праўда, "без двукосся", не заўсёды спасылаючыся на першакрыніцу. А вось у сваёй манаграфічнай кнізе пра Турава "Ад сэрца - да сэрца" вядомы кіназнаўца, прафесар Ефрасіння Бондарава двойчы адсылае да гэтага матэрыялу, называючы яго шчырым апавяданнем. Яна піша: "Пасля смерці Высоцкага пра яго сталі пісаць сябры і зласліўцы. Віктар Цімафеевіч маўчаў, не хацеў трывожыць памяць, уключацца ў плёткі і інсінуацыі, і толькі праз шаснаццаць гадоў, у апошнія месяцы жыцця, ён пагадзіўся расказаць аб іхнім сяброўстве карэспандэнту беларускага штотыднёвіка "Культура" Барысу Крэпаку... Я адсылаю чытача да гэтых публікацый... У іх шмат падрабязнасцей, пра якія не пісалі "ўспамінацелі" рознага рангу..."

Я ведаю з аповедаў Турава і іншых людзей, што не ўсе калегі па рэжысуры і некаторыя высокія чыноўнікі ад культуры добра ставіліся да яго. Казалі, маўляў, ён пастаянна п'е, не заўсёды справядлівы і ўважлівы да людзей, асабліва ў здымачнай гарачцы, нібыта, ідзе на кампрамісы там, дзе патрэбна прынцыповасць. Яго абвінавачвалі ў саўдзеле ў ліквідацыі на кінастудыі творчых аб'яднанняў, якія ўзніклі пасля перабудовы кінавытворчасці ў адпаведнасці з рэкамендацыямі V Усесаюзнага з'езда кінематаграфістаў. На хвалях дэмакратычнай эйфарыі гэты з'езд лічыўся "р-ррэвалюцыйным". Віктар жа быў упэўнены, пра гэта ён сам мне казаў: той форум быў "пачаткам разбурэння вялікага савецкага кінематографа". Што ж, у выніку, ён меў рацыю!..

(Заканчэнне будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"