На свае вочы і па-за

№ 43 (1014) 22.10.2011 - 29.10.2011 г

Што знайшоў у спектаклі рэжысёр?

/i/content/pi/cult/347/6534/pic_18.jpgНапрыканцы мінулага сезона на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа выйшаў спектакль "Я чакаю сапраўднага мужчыну" паводле Э.Радзінскага. У галоўнай ролі- Аэліты - Тамара Кабяк, якая на пачатку вясны адзначыла свой юбілей. Рэжысёр-пастаноўшчык Юрый ЛІЗЯГНЕВІЧ таксама неўзабаве адзначае "круглую дату".

- Ды справа не ў "круглых датах", - парыруе Юрый Лізянгевіч.

- А чым жа?

- Момантамі, калі становіцца неабходна спыніцца і паразважаць пра жыццё і пра сябе. Да таго ж, наша прафесія, сама па сабе - вучнёўская.

- Чаму для "агульнага" бенефіса вы абралі гэты матэрыял?

- Калі я думаў пра юбілей Тамары Аркадзьеўны, то шукаў такую п'есу, дзе змясціліся б і Алена Андрэеўна з "Дзядзькі Вані", і Ранеўская з "Вішнёвага саду", і Аркадзіна з "Чайкі", і Марта з "Непаразумення", і Фру Альвінг з "Грахоў бацькоў" - усе тыя вобразы, якія яна стварыла на сцэне. Як я пра сябе паўжартам кажу, шукаў тое, што магло б увасобіць сыграную ёю "жаночую сусветную душу". І- знайшоў! Мы дазволілі сабе зрабіць уласную сцэнічную рэдакцыю.

- Ці можна прымірыць любоў публікі да лёгкіх жанраў з элітарнасцю?

- Тэатр - гэта ўсё ж прастора інтэлектуальнага насычэння і духоўнага ачышчэння. І таму для мяне гэтае пытанне простае: на сцэне павінна быць цікава. Калі там існуе сэнсавы аб'ём, калі артысты будуць апавядаць па-чалавечы і пра чалавека, то кожны глядач пацягнецца да мастацтва і зразумее яго.

- А чым вы будзеце здзіўляць публіку ў час свайго вечара?

- Менш за ўсё мне хочацца ў гэты вечар расказваць пра сябе, бо лёс мяне зводзіў з унікальнымі людзьмі: я блізка ведаў і плённа працаваў з Раманам Вікцюком, Барысам Эрыным, стажыраваўся ў Анатоля Эфраса, уваходзіў у склад рэжысёрскіх лабараторый Пятра Фаменкі і Анатоля Васільева. Без іх я быў бы не я.

- За дваццаць гадоў у Коласаўскім вы "прыжыліся" ў Віцебску?

- У нейкім сэнсе - не. Бо не даю сабе права сказаць: ну вось і ўсё, тут камфортна. Ніколі нельга даваць сабе права супакоіцца, "прыжыцца". Каб не стаць такімі, мы з жонкай пастаянна ездзім у замежжа. Глядзім лепшыя спектаклі, трапляем на іх праўдамі і няпраўдамі. Гэта накладна, скажа нехта. А я лічу, што накладна іншае: адстаць! Трэба бачыць жывы тэатр акрамя свайго! Трэба ездзіць і глядзець, ведаць і на свае вочы бачыць мастацтва, якое існуе па-за тваім тэатрам.

Вікторыя ДАШКЕВІЧ

Віцебск

Фота Сяргея НІКАНОРАВА