Сальеры ў Шарлевілі

№ 43 (1014) 22.10.2011 - 29.10.2011 г

Маршруты брэсцкіх лялечнікаў

/i/content/pi/cult/347/6533/pic_17.jpgДля брэсцкіх лялечнікаў восень распачалася са здзяйснення адной з запаветных мар: калектыў тэатра атрымаў запрашэнне прыняць удзел у Сусветным фестывалі тэатраў лялек у французскім Шарлевіль-Мезьеры.

- Шарлевіль-Мезьер - сапраўдная сталіца лялечнага мастацтва,- кажа дырэктар - мастацкі кіраўнік Брэсцкага тэатра лялек Міхаіл Шавель. - Тут праходзіць самы буйны і знакаміты ў свеце лялечны форум, які сёлета адзначаў сваё 50-годдзе. Тут жа працуе і Міжнародны інстытут лялечнага мастацтва, пры якім утварылася аўтарытэтная школа лялечнага тэатра, месціцца штаб-кватэра Сусветнага саюза лялечнікаў...

У час фэсту, што доўжыцца дзесяць дзён, у гэты невялічкі гарадок з 50 тысячамі насельнікаў прыязджае амаль сто тысяч гасцей не толькі з Францыі, але і з многіх краін свету. Для артыстаў-лялечнікаў усіх кантынентаў і іх шматлікіх прыхільнікаў Шарлевіль-Мезьер становіцца месцам, дзе можна пазнаёміцца з усім шматабліччам гэтага мастацтва. Дастаткова сказаць, што сёлета ў фэсце прынялі ўдзел 283 тэатры!

- Мы кожны год бываем на буйных фестывалях, - адзначае Міхаіл Шавель, - але шарлевільскі фэст нельга параўнаць з ніякім іншым. Мы ігралі "Месяц Сальеры" паводле трагедыі А.Пушкіна тройчы, і нас парадаваў прыём, якi выказалi яму гледачы. Успрыняцце было вельмі дакладнае і зацікаўленае. Пасля спектакля цягам амаль гадзіны гледачы знаёміліся з лялькамі, фатаграфавалі іх, прасілі артыстаў паказаць, як яны ажыўляюць сваіх герояў. Вельмі важна, што на такім адказным форуме годна прагучала імя нашай краіны. Як прызнанне паспяховасці нашай працы мы можам разглядаць і запрашэнне арганізатараў прыняць удзел і ў наступным фестывалі - праз два гады. Па вялікім рахунку, Брэсцкі тэатр лялек у адзіночку прадстаўляў у Шарлевілі ўсю лялечную "культурную прастору" постсавецкіх краін.

Акрыленыя поспехам, нашы лялечнікі вярнуліся ў Брэст, каб праз дзень зноў выправіцца ў дарогу. Гэтым разам іх чакалі на Украіне, у Івана-Франкоўску, дзе праходзіў V Міжнародны фестываль нацыянальнай класікі на сцэне тэатраў лялек "Абярэгі".

- Не прыняць запрашэнне ўкраінскіх сяброў мы не маглі, - кажа Міхаіл Шавель, - бо фестываль у сталіцы Прыкарпацця нарадзіўся пасля таго, як калегі з Івана-Франкоўска пабывалі ў Брэсце на "Белай Вежы". Яны лічаць нас ледзь не хроснымі бацькамі свайго фэсту...

Маштаб івана-франкоўскага фестывалю, у параўнанні з шарлевільскім, больш лакальны, але падкупляе гасціннасцю і ўвагай арганізатараў да кожнага ўдзельніка. У яго праграме - тэатры з Украіны, а таксама з яе краін-суседак: Расіі, Малдовы, Славакіі, Чэхіі, Польшчы і Беларусі.

Прыемнай нечаканасцю для брэстчан было і тое, што гаспадары фестывалю ўключылі ў праграму адразу тры свае спектаклі, пастаўленыя на іх сцэне галоўным рэжысёрам Брэсцкага тэатра лялек Зміцерам Нуянзіным: у свой час рэжысёр працаваў на гэтай сцэне над сваім дыпломным спектаклем, і яго стасункі з калектывам захаваліся на доўгія гады.

І ў Івана-Франкоўску інтарэс да "Месяца Сальеры" быў вялікі. Амаль гадзіна, цягам якой на сцэне адбывалася гэтая трагічная гісторыя, падалася імгненнем, і ў фінале, пасля напружанай цішыні, - шквал апладысментаў. Ён паўтарыўся праз два дні, на цырымоніі закрыцця фэсту, калі журы аб'явіла, што дыплом за лепшы спектакль уручаецца Брэсцкаму тэатру лялек.

Рыгор БАКІЕВІЧ

Брэст

На здымках: сцэна са спектакля "Месяц Сальеры".