Палёты з адрэналінам

№ 43 (1014) 22.10.2011 - 29.10.2011 г

Як "Макбет" стаў "Кілбетам"?

/i/content/pi/cult/347/6532/pic_15.jpgБадай, упершыню за ўсю гісторыю фестывальнага руху ў беларускай сталіцы - спектакль з Карэі. Рэклама "Кілбета" паводле шэкспіраўскага "Макбета" абяцала шмат цікавага, а перадусім- "лятаючых акцёраў", што, безумоўна, не магло пакінуць гледача абыякавым: сучасны ўсплёск цікавасці да азіяцкай культуры і яе шырокае прызнанне, натуральна, заахвочвала і да знаёмства з яе тэатральнымі праявамі. І "Play Factory Mabangzen" гэты інтарэс цалкам задаволіў.

"Прыгоды класікаў" - у дадзеным выпадку Шэкспіра - адкрылі сваю новую серыю: дзеянне карэйскай версіі твора, свядома перайменаванага ў "Кілбета", адбываецца ў турме будучага, дзе няма наглядчыкаў і абмежаванняў, а насельнікі яе шляхам "натуральнага адбору" самі знішчаюць адно аднаго. Рэжысёр пастаноўкі будуе сцэнічную дзею, моцна закручваючы яе на стэрэатыпах і штампах сучаснага галівудскага кіно, бадай, таму, што ў якасці свайго асноўнага адрасата бачыць маладое пакаленне, для якога стыль жыцця, пачэрпнуты з экранаў, уяўляе з сябе пэўнага кшталту эталон. І, разам з тым, спосаб сцэнічнага існавання карэйскіх акцёраў не трансфармуецца, а працягвае нацыянальныя традыцыі: выразная, падкрэслена дэманстратыўная міміка, абазначэнне характараў персанажаў праз гратэскавую пластыку, асаблівая/i/content/pi/cult/347/6532/pic_16.jpg "катурнавая" манера прамаўлення тэкстаў...

Аднак карэйскі Макбет усяго толькі "скарыстоўвае" шэкспіраўскі тэкст, сам жа ён- "прадукт" і герой ХХІ стагоддзя. Ён - не персанаж трагедыі, а, хутчэй, герой баевіка, таму не адчувае ні трагічнай віны, ні ўвогуле драматызму існавання чалавека ў свеце. Для яго жыццё - гэта сцвярджэнне свайго лідарства і пастаяннае пеставанне ўласных амбіцый. Яго літаральна ап'яняе не столькі ўлада, колькі адчуванне ўласнай усемагутнасці. І галоўнай спакусай становіцца для яго не ўлада, а той адрэналін, у якім літаральна "патанае" герой. Але новыя адрэналінавыя "порцыі", раз ад разу ўсё большыя, перастаюць даваць ранейшы эфект, і гіне Макбет не ад рук сваіх ворагаў, а ад таго, што, як кажа сам, перастае адчуваць. "Адрэналінавая ломка" асобы - вось пра што, на маю думку, важна было сказаць рэжысёру спектакля сёння. І гэта, лічу, удалося.

Вяртаючыся да самога "ТЭАРТ"у, хочацца адзначыць адну важную акалічнасць. Арганізатары фестывалю ўсклалі на свае плечы і свядома развіваюць надзвычай важную для беларускай тэатральнай прасторы дзейнасць: эстэтычную і тэатральную адукацыю гледачоў. З дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя і да нашых дзён кантынгент тэатральнай публікі значна змяніўся. Татальная пераарыентацыя тэатра-трыбуны ў бок тэатра рэкрэацыйнага натуральным чынам прывяла да таго, што інтэлектуальны глядач стаўся рэдкасцю, бо аказаўся выцеснены гледачом-спажыўцом. І гэты працэс у пэўнай ступені аб'ектыўны. Аддаючы належнае дадзенаму факту, наступная задача - выхаванне гэтых самых спажывецкіх густаў, прывіванне думкі аб тым, што дыяпазон прапаноў сёння здольны задаволіць і інтэлектуальнага "спажыўца", і таго, хто арыентаваны на забаўляльнасць. Толькі для таго, каб ведаць ды разумець гэтую розніцу, неабходна спрычыніцца і "пакаштаваць" рознага тэатра. І хаця дадзены працэс на першы погляд здаецца вельмі няўдзячным і непадатлівым, азіраючыся ў мінулае, можна з упэўненасцю сказаць, што занятак такі не безнадзейны. Згадваецца, мінулым разам пад час "Панарамы" тэатральную залу пакідалі "абураныя" гледачы: спектакль "Соня" ў пастаноўцы Алвіса Херманіса, які сабраў мноства прэстыжных еўрапейскіх узнагарод, аказаўся для айчыннага гледача незразумелым "на смак". Затое гэтым разам "на Херманіса" прыйшлі менавіта тыя, для каго мастацтва рэжысёра сталася сугучным уласным інтарэсам і настроям. І кола тых асоб аказалася даволі шырокім. Таму, заўважаючы, як пад час карэйскага спектакля пэўная частка гледачоў выказвала незадаволенасць тым, што сцэнічнае дзейства разгортвалася па адрозных ад айчынных традыцый законах, я думала пра іншую катэгорыю - тых, для каго пастаноўка сталася адкрыццём новай, незнаёмай і пакуль, бадай, "іншапланетнай" тэатральнай культуры. Значыць, гэты "палёт у краіну "Кілбета" аказаўся ўдалым і важным.

На здымках: сцэны са спектакля.