Кафедра адкрыццяў

№ 43 (1014) 22.10.2011 - 29.10.2011 г

Колькі ж гадоў беларускаму музыказнаўству?

/i/content/pi/cult/347/6531/pic_14.jpgСвяткуючы сваё 20-годдзе, "К" абмянялася прывітаннямі-віншаваннямі са сваёй аднагодкай - кафедрай беларускай музыкі, якая была адкрыта ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі таксама 20 гадоў таму, разам з атрыманнем Беларуссю сваёй Незалежнасці.

- Нацыянальны фактар умацоўвае дзяржаўнасць, - падкрэслівае загадчык кафедры, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга ДАДЗІЁМАВА. - Сведчаннем гэтаму тое, што газета і кафедра, якія абедзве працуюць на захаванне і развіццё нацыянальнай культуры, узніклі практычна ў той самы час.

- Усё ж, мабыць, неяк дзіўна, што беларуская музыка існавала, а кафедры па яе вывучэнні - не было...

- Гэта зусім не значыць, што не было даследчыкаў! Наадварот, толькі дзякуючы іх нястомнай, плённай дзейнасці (а яна, дарэчы, не заўсёды знаходзіла ўзаемаразуменне ў тагачасных структурах улады) быў закладзены той трывалы навуковы падмурак, на якім і можна было будаваць кафедру.

- Цікава, а хто быў ініцыятарам яе з'яўлення?

- Аўтарам ідэі і арганізатарам выступіў тагачасны рэктар БДАМ, народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Казінец. І ўжо адно гэта сведчыць пра тое, што ён - сапраўдны руплівец нацыянальнай культуры, які глыбока ўсведамляе не толькі яе праблемы, але і магчымасці іх вырашэння. Падтрымлівалі нас і наступныя рэктары. Сапраўды, ці можна сабе ўявіць, каб у якім-небудзь знаным еўрапеўскім універсітэце былі б кафедры іншых нацыянальных культур - і не было б той, што вывучае сваю? І не толькі вывучае! З самага пачатку свайго існавання кафедра яднала не толькі перадавую навуковую думку і метадычна-педагагічную дзейнасць, але і ўласна мастацкую практыку. Так павінна быць апрыёры, бо музыка існуе толькі тады, калі яна гучыць. І мы, даследчыкі, вельмі ўдзячныя ўсім творчым калектывам і выканаўцам (а сярод іх - Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр і яго шматлікія камерныя склады, "Беларуская капэла" на чале з Віктарам Скорабагатавым, наш Вялікі тэатр, ансамбль "КласікАвангард", піяністы Ігар Алоўнікаў, Уладзімір Дулаў, Зоя Качарская, Ганна Каржанеўская і многія іншыя), якія вяртаюць забытую спадчыну не толькі ў навуковы, але і ва ўласна мастацкі "ўжытак".

- Больш за тое: часта імкненне папулярызаваць новыя веды апярэджвае сам працэс іх атрымання. Здараецца, толькі-толькі навукоўцы знойдуць які-небудзь невядомы раней твор, не паспеюць яшчэ як след яго даследаваць, асэнсаваць, пашукаць, можа, іншыя асобнікі, што захаваліся лепш, а выканаўцы ўжо хапаюць тыя ноты, хутчэй адаптуюць іх для свайго калектыву - ды выносяць на публіку. Лепшыя ж выканаўцы і самі клапоцяцца пра навуковы падыход. Той жа Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам даўно ўжо працуе толькі ў тандэме з вамі: вы адшукваеце ноты, складаеце канцэпцыі канцэртных праграм і нават выступаеце на ўсіх такіх фестывалях як вядучая, папулярызуючы найноўшыя навуковыя веды...

- Скажу яшчэ пра адзін кірунак. Наш кабінет народнай музыкі, што месціцца ў маленечкім пакойчыку, стаўся сапраўднай навукова-даследчай лабараторыяй, якая захоўвае каля тысячы гадзін гучання аўтэнтычных запісаў. Яны ж таксама не ляжаць мёртвым грузам! Імі карыстаюцца і замежныя даследчыкі, асабліва тыя, якія займаюцца памежнымі з Беларуссю тэрыторыямі, і нашы кампазітары, творчыя калектывы. Кожны з тых, хто ў нас выкладае (Іна Назіна, Тамара Якіменка, Ларыса Касцюкавец, Тамара Ліхач ды іншыя), не толькі адметная творчая асоба, але і заснавальнік цэлай галіны музыказнаўства. Такі ахоп усіх складнікаў- спеўнага фальклору, народна-інструментальнай культуры, гісторыі беларускай музыкі, музычнага крыніцазнаўства, літургічнай музыкі, беларускага музыказнаўства і крытыкі - і дазваляе даваць адказы на вечныя пытанні: "Хто мы?" і "Куды ідзём?" А ці ж не гэтым займаецца газета "Культура"? Так што мы папраўдзе не толькі аднагодкі, але і аднадумцы. Са святам вас - вашым і нашым! І- далейшага сумеснага плёну!

На здымку: пад час фальклорнай экспедыцыі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"