Магілёў-опера? Чаму б і не!

№ 43 (1014) 22.10.2011 - 29.10.2011 г

У тым, што Магілёў — адна з калысак сучаснага опернага мастацтва Беларусі, пераконвае дзейнасць студыі класічнага вакалу Магілёўскай абласной філармоніі. І ў Магілёве, і ў Мінску, і далёка за межамі нашай краіны яе ведаюць па імені кіраўніка. Так і кажуць: “Студыя Людмілы Браілоўскай”.

/i/content/pi/cult/347/6530/pic_13.jpgСярод яе выхаванцаў - такія знаныя салісты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, як народны артыст краіны Сяргей Франкоўскі і заслужаная артыстка Ніна Шарубіна. Ужо адных гэтых спевакоў хапіла б, каб залатымі літарамі ўпісаць імя іх выкладчыка ў гісторыю нашай нацыянальнай культуры. Бо абое яны - не проста прызнаныя майстры, якія вядуць практычна ўвесь тэнаровы і сапранавы рэпертуар тэатра. Яны, да ўсяго, - адны з самых стабільных выканаўцаў, што пры любых абставінах выдаюць выдатны вынік: голас захоўвае сваю напоўненасць, сакавітасць і моц ва ўсіх рэгістрах, нават у самых нязручных акустычных умовах, калі іншыя папросту "губляюцца". І калі ўласна прыгажосць тэмбру даецца ад прыроды, дык усё астатняе, што вызначае ўменне валодаць сваім голасам і зберагаць яго, залежыць ад школы.

У тым, што найлепшая школа - менавіта ў Л.Браілоўскай, калісьці пераканаўся С.Франкоўскі. Як кажуць, на ўласным горкім вопыце. Пазаймаўшыся ў ейнай студыі, паехаў вучыцца ў Маскву. Але штосьці не пашанцавала з педагогам: малады спявак літаральна страціў голас. Нават вырашыў ніколі больш пра спевы не згадваць. Але па старой памяці завітаў у родную магілёўскую студыю: раз, другі... Пасля заняткаў у Л.Браілоўскай голас вярнуўся.

Можа, оперная аўра Магілёўшчыны была закладзена яшчэ стагоддзе таму? Першай беларускай операй савецкіх часоў сталася "Вызваленне працы" Мікалая Чуркіна, увасобленае сіламі аматараў у... Мсціславе яшчэ ў 1922-м. Гэтая опера была пастаўлена і ў самім Магілёве - у 1924 годзе. А ў Мінску, дзе потым жыў і працаваў кампазітар, так і не ішла. Людміла Браілоўская пераехала ў Магілёў у 1980-м, папярэдне скончыўшы Маскоўскую кансерваторыю і атрымаўшы багаты педагагічны вопыт, бо цягам дзесяцігоддзя выкладала сольныя спевы ў Кіргізскім дзяржаўным інстытуце мастацтваў. Так забытыя оперныя традыцыі Магілёва, заснаваныя на шырокім далучэнні да жанру оперы падрыхтаваных аматараў і шчырых рупліўцаў, набралі новыя абароты. У музычным вучылішчы імя М.Рымскага-Корсакава існавала дырыжорскахаравое аддзяленне (яго, дарэчы, скончыла тая ж Ніна Шарубіна), і Людміла Яўгенаўна стала выкладаць пастаноўку голасу. А галоўнае - адкрыла ў горадзе студыю класічнага вакалу, якая ўжо праз пяць гадоў атрымала званне народнай.

Сёння выхаванцы Л.Браілоўскай працуюць не толькі ў нас, але і ў замежжы: у маскоўскай "Гелікон-оперы", у Санкт-Пецярбургскім тэатры музычнай камедыі, у оперных тэатрах і філармоніях краін СНД. Дый тыя, хто застаўся ў Магілёве, нясуць найлепшыя традыцыі бельканта не толькі сваім землякам, але і замежным слухачам. Тая ж Алена Мацярынка, салістка абласной філармоніі і аркестра народных інструментаў імя Л.Іванова, неаднойчы гастралявала па Францыі і Расіі.

Увогуле, зорных выхаванцаў Браілоўскай столькі, што юбілей Людмілы Яўгенаўны не ўклаўся ў адзін вечар. Гэта была цэлая чарада шыкоўных канцэртаў: і пад раяль, і з аркестрам. І хто б ні выходзіў саліраваць - сусветная зорка ці пачатковец, - творчы почырк педагога, які займаўся пастаноўкай голасу гэтага выканаўцы, адчуваўся адразу.

На здымку: Сяргей Франкоўскі, Людміла Браілоўская, Ніна Шарубіна.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"