Менавіта сонечнае святло з'яўляецца "галоўным героем" яго твораў. Яркія блікі, стракатая вясёлка, гуллівыя сонечныя зайчыкі - вось палітра мастака. Жвавая і імпрэсіяністычная манера пісьма, вытанчанае майстэрства і незвычайная шчырасць аўтара ўвасабляюць на карцінах гімн хараству прыроды і радасці жыцця.
Васіль Пяшкун працуе ў асноўным у жанры пейзажа і нацюрморта. Яго нацюрморты - утульныя і камерныя, аднак майстэрства мастака прымушае гледача па-новаму зірнуць на простыя рэчы і прадметы, спыніцца ў задуменнасці і ўбачыць тонкую прыгажосць у будзённым і звыклым.
Але ўсё ж такі ўлюбёным для творцы з'яўляецца пейзажны жанр. Практычна ўсе свае работы аўтар стварае на пленэры, менавіта таму іх вылучае трапнасць і свежасць імгненнага ўражання. Асаблівую ўвагу Васіль Пяшкун надае колеравым адносінам, каларыту і асвятленню. Колер для яго - гэта спосаб перадаць настрой, гаму перажыванняў і адценні пачуццяў. Дзякуючы гэтаму жывапіс мастака прыцягвае асаблівай цеплынёй і эмацыйнасцю. Васіль Пяшкун не проста непрадузяты назіральнік, які суха і метадычна канстатуе як факт хараство наваколля, - ён тонка адчувае прыроду, ейныя характар і стан, спрабуе злавіць і перадаць яе дзіўныя нюансы, ледзь заўважныя паўтоны і пераходы, прыўносіць у пейзаж свае асабістыя стаўленне і адчуванні.
Разглядаючы карціны Васіля Пешкуна, мы здзяйсняем дзіўнае падарожжа - не толькі геаграфічнае, але і падарожжа ўнутр сябе, што дорыць пачуццё неверагоднай і незвычайнай сувязі чалавека і прыроды, знешняй і ўнутранай гармоніі.
Ганна СІЛІВОНЧЫК, мастачка