Польскі плакат, дзякуючы арыгінальнасці і тэхнічнаму майстэрству, карыстаецца прэстыжам у свеце. Жарт, метафара, сцэнаграфія - гэта яго пазнавальныя знакі. Плакат з'яўляецца вулічным мастацтвам, але на вуліцах яго жыццё не заканчваецца - пазней ён трапляе ў галерэі і музеі.
Сёння ў нас ёсць магчымасць параўнаць асобы двух творцаў-жанчын. Абедзве яны - выхаванкі з адной навучальнай установы: Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Катавіцэ, якая цяпер, бадай, найбольш адкрытая для розных кірункаў сучаснага мастацтва. Выстаўка твораў Монікі Старовіч і Богны Ота-Вэнгжын сведчыць пра моцную пазіцыю плаката, які менавіта ў гэтай навучальнай установе развіваецца найбольш свабодна.
Моніка Старовіч абрала шлях жывапіснага плаката. Яна займаецца праблемамі, якія хвалююць сучаснае грамадства. Дыяпазон іх вельмі шырокі: пачынаючы ад праектаў, звязаных з Дэкалогам- старым біблейскім законам, - да творчасці, цесна спалучанай з нашым штодзённым жыццём, каханнем і эпасам Эраса. Яе лічаць прапагандысткай мастацтва без межаў. Яе плакаты - бы каляровыя матылькі, нібыта лямпачкі, якія падміргваюць нам інтрыгуючымі вобразамі.
Творы Богны Ота-Вэнгжын выходзяць за межы адзначанай класіфікацыі - яны знаходзяцца на памежжы станковай графікі ды ілюстрацыі. Але гэта не звычайныя ілюстрацыі, а добра прадуманая сатырычная гульня, збудаваная на прыгожых, фантастычна сканструяваных калажах, у якіх ёсць гумар, іронія, метафара. Яна выкарыстоўвае тэхніку калажа, спалучаючы між сабой элементы з даўніх графічных работ, гравюр і ілюстрацый са сваімі ўласнымі творамі, што дае дзівосны эфект сувязі гісторыі і сучаснасці.