Тыдзень сапраўды насычаны падзеямі, сярод якіх асаблівую цікавасць выклікае выстаўка кубінскага плаката з калекцыі Пасольства Рэспублікі Куба ў Рэспубліцы Беларусь і з прыватнай калекцыі рэктара Акадэміі, прафесара Міхаіла Баразны.
Прадстаўленыя плакаты ахопліваюць самую розную тэматыку: ад палітыкі ды культуры да народнай гаспадаркі і асветы. Многія работы прысвечаны кубінскай рэвалюцыі.
Шэраг плакатаў выкананы ў тэхніцы шаўкаграфіі вядомым майстрам Феліксам Белтранам. Яго творы можна ўбачыць у вядучых музеях свету. У галерэі ж "Акадэмія" прадстаўлены плакаты Ф.Белтрана "А"- гэта першая літара алфавіта", "Антыімперыялістычнае адзінства" і дзве работы, прысвечаныя Анжэле Дэвіс.
Не менш цікавыя творы іншага вядомага кубінскага дызайнера і плакатыста Альда Менендэза на тэмы 70-годдзя з дня нараджэння кубінскага паэта Нікаласа Гілена і выставак Нацыянальнага музея лацінаамерыканскай краіны.
Кацярына КЕНІГСБЕРГ