Як “завабіць” зорку...

№ 43 (1014) 22.10.2011 - 29.10.2011 г

"Райдар" красавіка ў кастрычніку

/i/content/pi/cult/347/6521/pic_3.jpgЛюбы фестываль і нават канцэрт, не кажучы ўжо пра іншыя творчыя праекты, пачынаецца не ў дзень яго ўрачыстага адкрыцця, а нашмат раней. Гэта добра ведае кіраўнік вядомага канцэртнага агенцтва, менеджар і маркетынгавы дырэктар Каралеўскага музычнага фестывалю Максім БЕРЫН. Яго чарговы прыезд у Мінск быў прысвечаны арганізацыі і падрыхтоўцы ІІ Міжнароднага фестывалю "Уладзімір Співакоў запрашае", што пройдзе... 20 - 27 красавіка 2012 года. 

- Другі фестываль Співакова ўжо, можна лічыць, існуе. Праўда, пакуль на паперы, але гэта таксама вельмі важна, бо ўсё ўжо практычна спланавана.

- Максім Аркадзьевіч, вы заўсёды робіце ўсё задоўга да правядзення мерапрыемства? Няўжо не здараюцца выпадкі, калі праграма фарміруецца літаральна пад час канцэрта?

- Доўгатэрміновае планаванне- гэта нармальная еўрапейская і сусветная практыка: у сферы канцэртна-гастрольнай дзейнасці і, тым больш, фестывальнага руху так працуе ўвесь свет. А намагацца штосьці "выцягнуць" у апошні момант... Калі ўсё атрымаецца, гэта, пэўна, можа быць прыраўнавана да "подзвігу". Але ці патрэбны ён, калі можна абысціся без усялякіх аўралаў? Адказ - відавочны.

- Ды ўсё ж ад экстрэмальных сітуацый не застрахаваны ніхто. Адна з іх здарылася ў час "Магіі раяля": народны артыст СССР Мікалай Пятроў патрапіў у шпіталь. Але ніводны з канцэртаў не сарваўся!..

- Насамрэч, гэта не столькі наша заслуга, колькі саміх музыкантаў - беларускіх і замежных. Ніхто з музыкантаў, увайшоўшы ў сітуацыю, не адмовіўся таксама выступіць дадаткова, замяніўшы на сцэне Пятрова. І ніхто не здаў білеты, хаця пра хваробу гэтага папраўдзе зорнага музыканта і пра замены ў праграме мы папярэдзілі адразу. Ва ўсім гэтым, пэўна, выявілася яшчэ і павага да майстра.

- Калі, дарэчы, чакаць чарговы Міжнародны форум "Магія раяля"?

- Як і запланавана, у 2013-м: ён мае праходзіць раз на два гады - у адрозненне ад штогадовага фестывалю Співакова.

- Кажуць, летась білеты "на Співакова" разышліся за чатыры гадзіны. Няўжо не перабольшанне?

- Сапраўды: людзі паверылі ў імя маэстра на афішы. Столькі яшчэ нараканняў было, што, маўляў, камусьці не хапіла! Сёлета, думаю, білеты разыдуцца яшчэ хутчэй: гадзіны за дзве. І гэта, паверце, далёка не рэкорд у параўнанні, зноўтакі, з сусветнай практыкай. Але на фестывалі Співакова мы ўлічваем, што хтосьці з той або іншай прычыны не зможа трапіць на канцэрт, таму замаўляем тэлеверсіі. Сёлета такая дамоўленасць з Першым каналам таксама дасягнута.

- Ці змагаецеся вы за якасць тэлетрансляцый? Здараецца, канцэрты не суправаджаюцца цітрамі, а ў ідэале на экране ўвогуле павінны паказвацца тыя інструменты і выканаўцы, якія саліруюць... Рэжысёр павінен спачатку вывучыць партытуру, папрысутнічаць на рэпетыцыі аркестра... Так і рабілі ў нас калісьці, калі новыя творы айчынных кампазітараў запісвалі ў студыі тэлебачання, накладаючы "карцінку" на адшліфаваны радыёзапіс...

- Такая літаральна "патактавая" праца практыкуецца ва ўсім свеце. Але для яе неабходны спецыялісты не толькі з рэжысёрскай, але і адначасова з музычнай адукацыяй - гэта і ёсць сапраўдныя прафесіяналы менавіта музычных тэлеверсій. Ці, можа, патрэбна запрашаць на запісы музыкантаў, каб тыя дапамагалі разабрацца ў партытуры? Мы, вядома, зацікаўлены ў як мага больш якасных трансляцыях, бо апошняе ўплывае на імідж фестывалю. Але не будзем забываць, што у рэшце рэшт, гэта найперш імідж тэлекампаніі. Таму спадзяёмся, што сёлета запісы і эфіры будуць весціся з яшчэ большай увагай. Дадам, некаторыя леташнія хібы фестывальных трансляцый былі выпраўлены тэлебачаннем ужо пры паўторах. Гэта добры знак! Калі меркаваць па слухацкіх водгуках, публікацыях спецыялістаў (найперш, дарэчы, у вашай газеце), дык усе канцэрты, якія мы тут праводзілі, былі запамінальныя і значныя.

- Акрамя згаданых фестывальных праектаў, вы ладзілі ў Беларусі шмат іншых канцэртаў. Ці ёсць у вас нейкія сакрэты, як "заманіць" зорку? Некаторыя лічаць, што зрабіць гэта магчыма выключна грашыма...

- Усё гэта так, грошы заўсёды даводзіцца шукаць. Без дапамогі дзяржавы і Міністэрства культуры, без падтрымкі спонсараў нічога не адбылося б. Але для творчых асоб вельмі вялікую ролю звычайна адыгрываюць і іншыя фактары: асабістыя кантакты, сяброўства, зацікаўленасць праектам і шмат чаго яшчэ.

- Дык што там сярод "яшчэ"?

- Тое, як у тым або іншым горадзе творцу віталі. Беларусы ўмеюць прымаць гасцей, ахінаць іх сваёй сардэчнасцю, добразычлівасцю, ствараць ім утульнасць, папраўдзе творчыя ўмовы - і гэтым усё сказана. Той жа Уладзімір Співакоў неаднойчы казаў, што пачувае сябе ў Беларусі, як дома: яму тут утульна, ёсць шмат сяброў, канцэрты заўсёды праходзяць у добрай, узнёслай атмасферы, плануецца час для адпачынку, творчых зносін і сустрэч...

- Дык што ж мы пачуем і ўбачым на ІІ Міжнародным фестывалі "Уладзімір Співакоў запрашае"?

- Адкрыццё пройдзе ў Вялікім тэатры Беларусі, гэта будзе оперны гала-канцэрт з Нацыянальным філарманічным аркестрам Расіі і маладымі салістамі Беларусі, Расіі, Украіны, Італіі. Гэты ж калектыў выступіць у Гомелі і Магілёве, бо традыцыя ахопу абласных цэнтраў прадоўжыцца. Два канцэрты "не ў сталіцы" адбудуцца з "Віртуозамі Масквы" і стыпендыятамі Фонду Співакова. Між трыма гарадамі аб'яўлены своеасаблівы "тэндар": хто з іх прадаставіць найлепшыя ўмовы для прыняцця і выступлення знакамітага калектыву. Вельмі рады, што дасягнута дамоўленасць на прыезд аркестра "Камерата Зальцбург" - найлепшага ў свеце выканаўцы музыкі Моцарта. Саліраваць з ім будзе Уладзімір Співакоў, а гэта ўжо эксклюзіў. Завітае да нас аўстраліец Томі Эмануэль, які ўваходзіць у тройку лепшых акустычных гітарыстаў свету. Раскажу таксама пра яшчэ адзін цікавы праект, які на фестывалі Співакова ў шведскім Кальмары сабраў звыш шасці тысяч чалавек з усяго свету. Мы набылі аўтарскія правы і агучылі фільм "Агні вялікага горада". Паказ суправаджаецца жывым выкананнем аркестра на чале са Співаковым. Тэхнічна ажыццявіць гэта складана, але, упэўнены, у вас гэтая чорна-белая стужка заззяе яшчэ больш яркай музычнай палітрай і збярэ прыхільнікаў не толькі музычнай класікі, але і Чарлі Чапліна. Будуць і іншыя сюрпрызы, але давайце хоць што-небудзь пакінем "для таямніцы".

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"