Брэнд — не кола на фасадзе

№ 43 (1014) 22.10.2011 - 29.10.2011 г

Ракурс тэмы

Тэма развіцця рамёстваў у кантэксце агратурызму абмяркоўвалася днямі ў сталічным Грамадскім прэсцэнтры Дома прэсы.

Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі зазначыў, што традыцыйныя рамёствы ў краіне апошнімі дзесяцігоддзямі развіваюцца сістэмна. У раёнах дзейнічае 99 дамоў рамёстваў, у многіх ёсць сельскія філіялы. Для рэалізацыі сувенірнай прадукцыі створана 60 салонаўкрам. Але ўсё гэта не выключае і наяўнасці сур'ёзных праблем. Да прыкладу, пакідае жадаць лепшага метадычнае забеспячэнне названых спецыялізаваных устаноў. Наспела неабходнасць больш актыўнага стварэння рамесніцкіх класаў і школ, якія ўзначалілі б народныя майстры. Кожнаму з іх, па словах Тадэуша Стружэцкага, патрэбна падтрымка - і маральная, і матэрыяльная. З гэтай нагоды больш чым актуальным з'яўляецца наладжванне спецыялізаваных турыстычных тураў "па мясцінах рамесніцкай славы". А гэты патэнцыял выкарыстоўваецца далёка не напоўніцу.

Дзе можна пабачыць жывыя беларускія традыцыі? Толькі на святах ды фестывалях. А, скажам, у ЗША існуе Музей саломкапляцення. Беларусь жа ў гэтым мастацтве, можна сказаць, задае тон усяму свету, але музея народнага мастацтва пакуль не мае. Не сталі "канцэнтратам" беларускага рамесніцкага майстэрства і шматлікія аграі экасядзібы, дзе збольшага частуюць турыста хіба шашлыком. Такую выснову старшыні Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўгена Сахуты падтрымалі ўсе ўдзельнікі прэс-канферэнцыі. Дарэчы, рэгіёны на ёй невыпадкова былі прадстаўлены Брэстчынай, паколькі менавіта гэтая вобласць пайшла ў развіцці традыцыйнага мастацтва адметным кірункам: пачала наладжваць школы рамёстваў. Натуральна, першынство арганізацыі РДР - за Віцебшчынай, але імідж Брэстчыне стварылі школы бондарства ў Іванаве, ткацтва - на Камянеччыне, ганчарства - у вёсцы Гарадной. Турыстаў, і нашых, і замежных, тут заўжды шмат, але гаворку пра развітую туріндустрыю весці яшчэ рана.

Дырэктар Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Святлана Каржук паведаміла, што такіх школ у вобласці- 30, а ў Брэсце дзейнічае сувенірная крама "Скарбніца". Пра шматлікія мерапрыемствы, прывабныя для турыстаў, распавялі загадчык аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцко і метадыст Бярозаўскага раённага метадычнага цэнтра Наталля Кавалевіч. Кропку ў гаворцы паставіла дырэктар Брэсцкага раённага дома рамёстваў Таццяна Лук'янюк, якая пераканана: удзел работнікаў культуры, майстроўрамеснікаў у турыстычнай індустрыі варта падмацаваць спецыялізаванай праграмай, без якой любая турпрынада застанецца неэфектыўнай.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"