"Хатні" фармат канкурэнцыі

№ 43 (1014) 22.10.2011 - 29.10.2011 г

Ці стане ініцыятыва "фішкай"?

/i/content/pi/cult/347/6519/pic_2.jpgДа нядаўняга часу гісторыі гэтых двух сядзібных дамоў былі амаль аднолькавыя. Родавыя котлішчы Бохвіцаў у Вошкаўцах (цяпер - вёска Ураджайная Ляхавіцкага раёна) і Раецкіх у Райцы Карэліцкага раёна - гэта ўзоры жытла шляхціча сярэдняй рукі: не Версаль, але... з густам. Абодва драўляныя аднапавярховыя дамы некалі атачаў дагледжаны парк з экзотамі ды іншымі цікавосткамі... 

У паваенны час будынкі выконвалі адну і тую ж пачэсную місію: у іх былі размешчаны вясковыя амбулаторыі. Абодва некалі мелі статус гісторыкакультурнай каштоўнасці, але ж потым яго страцілі (у Зборы помнікаў 80-х гадоў пра іх згадваецца, а вось уключыць тыя адметнасці ў сучасны Дзяржаўны спіс чамусьці "забыліся"). Урэшце, ужо ў нашым стагоддзі яны абодва спусцелі і засталіся без гаспадара.

Мінулай восенню дом, дзе пісаў свае творы вядомы філосаф-мараліст Фларыян Бохвіц, быў разабраны на дровы. Ляхавіцкая раённая бальніца, на балансе якой знаходзіўся будынак, вырашыла паставіць у яго гісторыі кропку. Мясцовыя ўлады не запярэчылі. Хаця, як мяркуюць некаторыя даследчыкі, гэтая гісторыя мае вытокі ажно ў XVII (!) стагоддзі.

Прыкладна ў той самы час лёс дома Раецкіх, які месціцца ўсяго за паўсотні кіламетраў ад Вошкаўцаў, зрабіў піруэт зусім у іншы бок. І ўжо сёння можна з упэўненасцю казаць, што яго гісторыя мае працяг.

 

Майстар-класы замест карпаратываў

Аляксандр і Вера Салдатавы - сям'я незвычайная. Муж- іканапісец і мастак, жонка - вядомая саломкапляцельшчыца, чые творы ўжо лічацца "класікай жанру". Амаль пятнаццаць гадоў таму яны пакінулі Мінск ды перабраліся на хутар непадалёк ад вёскі Райца.

 - Прыехала туды на лета - адпачыць, - ды так і засталася, - сцісла распавядае пра гэтую змену ў жыцці Вера Яўгенаўна. - Потым у мяне неаднаразова ўзнікалі спакуслівыя магчымасці з'ехаць за мяжу, але ж... Мне падабаецца тут!..

Якім чынам сярэдняга дастатку сям'я стала ўласнікам шляхецкага маёнтка? Гэта - невыпадковая выпадковасць.

- Прызнацца, у нас нават і думак такіх не было! - кажа Вера Салдатава. - Ініцыятыва зыходзіла менавіта ад раённай улады. Нам прапанавалі, мы парахавалі і- пагадзіліся...

Як распавяла гаспадыня, на збудаваны два стагоддзі таму дамок Раецкіх ды прылеглы да яго парк знайшоўся і яшчэ адзін прэтэндэнт, куды больш заможны. Ён планаваў стварыць у вёсцы буйны турыстычны цэнтр. Але не ў сядзібе, а менавіта замест яе, не пакінуўшы і слядоў ад гістарычнай мясціны. Раённыя ўлады палічылі такі варыянт непрымальным.

Маёнтак, які ўключае дом і паўтара гектары зямлі, дастаўся Салдатавым, лічы, задарма: за адну базавую велічыню. А вось яго аднаўленне запатрабуе куды больш сродкаў ды высілкаў. Сёе-тое ў сядзібным доме захавалася і ад былых часоў - прыкладам, паркет, камін з характэрнай кафляй... Але агулам інтэр'еры іначай як занядбанымі не назавеш: усё ж даюцца ў знакі тыя шэсць гадоў, цягам якіх будынак прастаяў пусты. Зарос і парк, дзе ўсё яшчэ сустракаюцца экзоты - напрыклад, васьмітычынкавы каштан, які з'яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.

Усе рамонтныя работы сям'я робіць сваімі рукамі. Нават печкі самі складаць навучыліся! І хаця сядзібны дом сёння не мае афіцыйнага статуса культурнай каштоўнасці, гаспадары ставяцца да ацалелай спадчыны Раецкіх вельмі беражліва. Дзяржаўныя законы гэтага, нібыта, не вымагаюць, а вось закон унутраны... Таму і давялося вынаходзіць адмысловую канструкцыю для той самай пячной трубы - каб толькі не прабіваць дах.

Натуральна, ад гаспадароў можна атрымаць і вычарпальную на сёння інфармацыю пра іх папярэднікаў - Раецкіх, Верашчакаў ды іншых. Прычым тыя звесткі ўвесь час папаўняюцца. Акурат надоечы вось прыйшоў адказ з польскіх архіваў...

Працы засталося яшчэ вельмі шмат, сродкаў бракуе - іх даводзіцца зарабляць выключна ўласным майстэрствам. Але ж сядзіба ўжо сёння прымае турыстаў. За сімвалічныя грошы ім прапануюць наведаць хатні музей Салдатавых. Экспазіцыя пакуль - часовая, аднак экскурсія па ёй можа доўжыцца хоць тры гадзіны.

У музеі можна ўбачыць не толькі творы саміх гаспадароў, але і ладную калекцыю "аскепкаў даўніны" - рацыянальна-мудрагелістых прадметаў народнага побыту, прызначэнне якіх не ўгадае ніводзін сучаснік, ручнікоў, керамікі... Некаторым гэтым рэчам пад д з в е сотні гадоў. Большасць з іх паходзіць менавіта з ваколіц Райцы. Балазе культурны слой тут унушальны - ва ўсіх сэнсах.

- Трэба быць уважлівым, збіраючы грыбы, - Вера Салдатава дзеліцца сакрэтам папаўнення фондаў. - Неяк у лесе я літаральна спатыкнулася аб збан, прыналежны да ўнікальнай ды ўжо зніклай школы гарадзенскай керамікі. А аднойчы мы дапамаглі мясцовай бабулі капаць бульбу, і тая не ведала, як нам аддзячыць: маўляў, грошай вы не бераце, чаркі цураецеся... І вось, у яе знайшлося старое ды ўжо "непатрэбнае" крэсла...

Падобнае крэсла Вера Салдатава ўбачыла на старых фотаздымках са спаленай яшчэ ў вайну сядзібы ў Варончы. Апрача гэтай рэчы, ад апошняй нічога, мабыць, і не засталося...

Цяпер мясцовыя жыхары ўжо ведаюць, куды можна збыць "старое ламачча". Дзякуючы гэтаму калекцыя Салдатавых няспынна папаўняецца. Таму наконт напаўнення экспазіцыі яны не хвалююцца. Адны толькі кросны зоймуць столькі месца... Гэта пакуль што яны стаяць разабраныя, а калі іх наладзіць, дык будуць спраўна працаваць.

Да пераезду ў вёску Вера Салдатава выкладала саломкапляценне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Пакідаць гэтую працу было вельмі шкада. Ды ўжо неўзабаве ёй знайшлася своеасаблівая замена. На "майстар-класы" да Веры Яўгенаўны сталі наведвацца дзяўчаты з суседніх паселішчаў. Шасцёра з іх атрымалі такім чынам шлях у прафесію, стаўшы дыпламаванымі майстрамі альбо мастакамі-рэстаўратарамі, і цяпер у вольны час дапамагаюць настаўніцы ў яе шчыраваннях па стварэнні музея. Ды і акурат пасля нашай размовы Вера Салдатава заспяшала ў мясцовы СДК, дзе яна вядзе гурткі для дзятвы.

У перспектыве на базе музея плануецца рэгулярна ладзіць больш сур'ёзныя майстар-класы, разлічаныя на некалькі дзён. Іх удзельнікі будуць забяспечаны і жытлом, і хатняй кухняй... Пакаштуюць і спечанага гаспадыняй хлеба.

 А вось "першы-лепшы" замовіць тут пакой ды вячэру не здолее. Гаспадары адразу абралі сваю нішу, якая не прадугледжвае правядзення тлумных карпаратываў. Яны збіраюцца прымаць толькі адмысловых гасцей - аматараў культуры і даўніны.

- Мы зразумелі, што не створаны для "звычайнага" агратурызму,- кажа Аляксандр Салдатаў. - І таму тут будзе ўсё ж музей, а не аграсядзіба.

 

Дэталь да самавыяўлення?

У памяць аб колішніх уласніках Райцы застаўся не толькі сядзібны дом. Непадалёк на высокім узгорку стаіць храм, вежа якога вельмі нагадвае замкавую. Яго "двайніка" на Беларусі не знойдзеш. Цяпер гэта праваслаўная царква Святой Варвары, а ад пачатку - фамільная пахавальня Раецкіх. Цяпер яна дзейнічае, але яшчэ адносна нядаўна была ў руінах, пра што ўскосна сведчыць вялізны надпіс "2000", выкладзены са свежай цэглы на тыльнай частцы архітэктурнага помніка. Мабыць, хтосьці з будаўнікоў вырашыў "самавыявіцца"... І наўрад ці такая дэталь мела належную санкцыю Міністэрства культуры краіны. Зрэшты, гэта далёка не самая прыкрая недарэчнасць у тых мясцінах.

Пасярод колішняга парку, чыя цэласнасць была парушана ўжо паваеннымі пабудовамі, можна натрапіць на загадкавую каменную стэлу з гербам Раецкіх. Вырашэнне загадкі таілася на прымацаванай да яе шыльдзе, але.. яна знікла яшчэ ў часы паўстання Каліноўскага. Як распавяла Вера Яўгенаўна, несуцешны пан пахаваў там сэрца сваёй заўчасна памерлай жонкі. У кожным разе, пра характар гэтага таямнічага аб'екта сведчаць выявы крыжа ды чэрапа.

А за некалькі метраў ад магілы яшчэ за савецкім часам з'явілася... грамадская прыбіральня. Той, хто з мноства варыянтаў яе размяшчэння выбраў менавіта гэты, наўрад ці кіраваўся класавай варожасцю - хутчэй, ім рухала да абсурду ашаламляльная бездухоўнасць. Натуральна, ад такой ганебнай "адметнасці" трэба пазбаўляцца як мага хутчэй, пакуль яшчэ ў Райцы няшмат турыстаў.

 

З музея ў музей

Музей Салдатавых пакуль нават не пачынаў сябе рэкламаваць: у гаспадароў дастаткова іншых клопатаў. Але ж наведвальнікі туды ўжо завітваюць. Прычым Вера Яўгенаўна адзначае вялікую цікавасць замежнікаў. Часам да іх трапляюць цэлыя групы палякаў.

І сапраўды, геаграфія тут спрыяе турызму. Кіруючыся з Міра ў Навагрудак, чаму б не зрабіць кола, каб наведаць яшчэ пару-тройку цікавых мясцін- пакуль "нераскручаных"... і ўжо гэтым прывабных?

Вырушыўшы з Райцы на поўдзень, праз якія сем кіламетраў трапляеш у вёску Варонча, дзе можна агледзець барочны касцёл, у якім хрысцілі Яна Чачота, ды старыя могілкі, здатныя навеяць рамантычны сплін ды натхніць пісьменніка на захапляльныя сюжэты. А потым - і заначаваць у аграсядзібе, пад дахам якой таксама створаны невялічкі этнаграфічны музейчык.

Той, хто абярэ ўсходні напрамак, неўзабаве трапіць у Асташын, на радзіму Яна Булгака. Не так даўно рэшткі сядзібы выкупіў зямляк знакамітага фатографа - прадпрымальнік родам з тых мясцін. І ўжо неўзабаве руіны пераўтворацца ў невялічкі турыстычны комплекс. А далёкасяжная мэта - запачаткаваць Музей фатаграфіі.

Але большасць падарожнікаў, мабыць, абяруць менавіта заходні напрамак - балазе ад Райцы да Свіцязі не будзе і 10 кіламетраў. Непадалёк ад чароўнага возера можна загасцяваць у аграсядзібе выкладчыкаў Навагрудскага дома рамёстваў Піразевых. У ёй таксама ёсць свой музей: гаспадыня малюе, вышывае, стварае габелены і г.д., засвойваючы ўсё новыя і новыя тэхнікі. Гаспадар з'яўляецца вядомым у краі кавалём. Інтэр'еры двухпавярховага дамка, які прапануюць наведвальнікам, выкананы зусім не па стандартах еўрарамонту. Кожная са шматлікіх дэталей зроблена менавіта ўручную.

Ці здолеюць такія музейчыкі канкурыраваць з сур'ёзнымі і паважнымі ўстановамі? Пытанне - рытарычнае і недарэчнае. Бо пра канкурэнцыю тут казаць не выпадае. Ці ж можна параўноўваць вячэру ў добрым рэстаране з прыязнай гутаркай на кухні ў сяброў? І відавочна, што кожны з гэтых варыянтаў мае свае плюсы. Мо такі "хатні" фармат турызму і стане той "фішкай", якая вылучыць айчынны прадукт на размаітым рынку прапаноў? Урэшце, людзей прывабліваюць не толькі дзівосы прыроды або архітэктуры, але таксама і іншыя людзі - тыя, у чыіх вачах ёсць іскарка Божая. І ўжо хаця б гэта можа стаць добрай нагодай наведаць Райцу.

 

 ■ ■ ■

Сёння ўжо відавочна, што распачатая на дзяржаўным узроўні ініцыятыва пошуку прыватных інвестараў для закінутых шляхецкіх маёнткаў моцна "буксуе на месцах". Зразумелыя і прычыны. Адна з самых распаўсюджаных - брак імпэту з боку мясцовых улад.

Звыклыя адгаворкі, якія даводзілася чуць ужо неаднойчы, гучаць такім чынам: "Ды ўсё адно ніхто не купіць, каму тая сядзіба патрэбна?", "Ну, мы ж шукаем інвестара, нават думаем на сайт райвыканкама даць абвестку... Можа, у наступным годзе яна ўжо і з'явіцца", і г. д.

Не прапануючы нікому ружовых акуляраў, варта, аднак, заўважыць: калі мясцовыя ўлады праўляюць належную руплівасць у пошуках інвестараў альбо гаспадароў, тыя нярэдка знаходзяцца. Балазе ініцыятыўных і прадпрымальных людзей у краіне не бракуе. Такую аптымістычную тэндэнцыю адлюстроўваюць канкрэтныя прыклады - ад магутнага туркомплексу, што літаральна пару месяцаў таму адкрыўся ў старой сядзібе на Стаўбцоўшчыне, і да невялічкага, але прачулага музея сям'і Салдатавых.

Мінск - Карэліцкі раён - Мінск