Скансен: з паляўнічым ці з цвёрдым прэйскурантам?

№ 43 (1014) 22.10.2011 - 29.10.2011 г

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Палажэнне аб асаблівасцях прававога становішча музея пад адкрытым небам

/i/content/pi/cult/347/6518/pic.jpgСупрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту даўно чакалі гэтага дакумента. Больш за тое: зрабілі ўсё для таго, каб ён быў максімальна поўны і дакладна адлюстроўваў адметную спецыфіку скансена. Паводле меркавання дырэктара ўстановы Святланы Лакотка, зроблена галоўнае: адпраўная, так бы мовіць, база для далейшага руху наперад, а дакладней - для ўдасканалення ўсіх відаў дзейнасці нешараговага музея, што па сваёй інтэрактыўнай структуры, а таксама па мемарыяльных змесце і форме з'яўляецца беларускай вёскай пазамінулага стагоддзя. Ад гэтай старадаўняй унікальнай "печы" і варта танчыць у накірунку асэнсавання і аналізу ўзнятай намі праблематыкі.

 

Гарантыі і праблемы

Удакладню, Палажэннем вызначаюцца асаблівасці прававога становішча музея пад адкрытым небам, яго аховы і выкарыстання. Давайце ўчытаемся ў радкі дакумента... Як вядома, у скансене ля вёскі Строчыцы з усёй Беларусі старанна сабраны архітэктурныя каштоўнасці, якія, кажучы мовай Палажэння, "музеефікаваны на месцы іх бытавання". У чым жа асаблівасці прававога становішча ўстановы? Вектары яе развіцця і дзейнасці вызначаюцца згодна з профілем і канцэпцыяй. Апошняя - аснова для складання творчых праграм. Скансен, як падкрэслена ў Палажэнні, мае пераважнае права на культурную і іншую дзейнасць на ўласных 150 гектарах. Плошча, пагадзіцеся, дастатковая для самых смелых творчых эксперыментаў, старт якім і дае новае Палажэнне.

Пад "іншай" дзейнасцю музея маецца на ўвазе магчымасць развіцця раслінаводства, жывёлагадоўлі, вытворчасці тавараў народнага спажывання, прыгатаванне прадуктаў харчавання. Натуральна, усё гэта павінна ажыццяўляцца з выкарыстаннем старадаўніх тэхналогій і прылад працы. Не будзем забывацца на тое, што неабходная ўмова існавання скансена ва ўсіх праявах ягонай непаўторнасці - абавязковая адпаведнасць пэўнаму гістрычнаму перыяду, гарантыя таго, што музейным прадметам не будуць пагражаць пры гэтым пашкоджанні, страты, знішчэнні.

Самае галоўнае, удакладняе Святлана Лакотка, што дакументам прадугледжаны асаблівы рэжым дзейнасці ўстановы, абсалютна не характэрны для "звычайных" музеяў. Паколькі ва ўласнасці - немалая зямельная плошча, дык патрэбны адмысловы рэжым яе аховы. Тое ж самае датычыцца і зялёных насаджэнняў, прыродных аб'ектаў. Мясцовая рачулка, да прыкладу, патрабуе дасканалага водаахоўнага рэжыму. Далей: праз музейную тэрыторыю не павінны пракладацца інжынерныя камунікацыі, дарогі, што не з'яўляюцца неабходнай умовай музейнага існавання. Прынамсі, так яно павінна быць. А насамрэч...

 - У сапраўдную праблему ператварылася тое, - распавядае кіраўнік Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту,- што жыхары вёскі Строчыцы праклалі сцяжыну да роднага жытла праз нашу музейную зямлю. А гэтага не павінна быць па вызначэнні... Больш за тое: праз скансен праходзіць лінія электраперадач, што таксама зусім не пасуе нашай канцэпцыі. Уявіце: карпатліва створана асяроддзе, узноўлены адпаведны гістарычны антураж, а эмацыйнае ўспрыняцце наведвальнікаў адцягвае чужародны элемент, які, натуральна, прыбраць цяпер проста нерэальна...

Гаворка - ніяк не пра пэўную запозненасць зацвярджэння вышэйназванага палажэння. Цудоўна, што зроблены такі важны крок у справе нарматыўна-прававога забеспячэння работы скансена. Наступная задача - прывесці ў адпаведнасць з дакументам шматлікія нюансы музейнай практыкі пад адкрытым небам.

Адзін з іх, як запэўнівае Святлана Лакотка, - нарматыў зімовага спецадзення для дзесяці музейных наглядчыкаў. А дакладней - поўная адсутнасць згаданага нарматыву. Сённяшняя заканадаўчая база, скардзяцца наглядчыкі, рэгламентуе толькі... халат. Дакладна ведаю, што цякучка кадраў сярод гэтых музейных работнікаў - менавіта з гэтай прычыны. Паспрабуйце папрацаваць дзень на бязлітаснай сцюжы без валёнкаў і кажуха! Больш за тое: яны, гэтыя валёнкі і кажух, па цвёрдым перакананні дырэктара музея, зноў-такі, павінны адпавядаць агульнай канцэпцыі ўстановы. Інакш кажучы, пажадана, каб зімовае спецадзенне мела выгляд традыцыйнай нацыянальнай вопраткі.

 

Яшчэ колькі слоў пра "іншую" дзейнасць

Адносна нядаўна вока наведвальнікаў скансена радавала не толькі старадаўняя архітэктура і летні першародны ландшафт, але і куры, гусі, што дадавалі хатам і свірнам прывабны выгляд гэткай абжытасці і турыстычнай прывабнасці. Па словах Святланы Лакотка, працэс птушкагадоўлі спынілі мясцовыя драпежнікі, для якіх скансен стаў не менш родным, чым для "свойскага" птушынага статку. Пытання ўвядзення стаўкі музейнага паляўнічага не ўзнікла не толькі з той прычыны, што Палажэнне гэтага пакуль не прадугледжвае, але і з-за таго, што скансен не мае права парушаць прыродны баланс. "Мы з прыродай сябруем, бо з'яўляемся не толькі этнаграфічным, але і ландшафтным музеем, - запэўнівае кіраўнік установы. - У нас па тэрыторыі, нягледзячы на заўсёдны турыстычны наплыў, і зайцы бегаюць, і лось аднойчы прайшоў. А ўночы скансен, па сутнасці, пусты, усе помнікі апячатаны. Працуюць толькі тры ахоўныя пасты, сабак, як у сапраўднай вёсцы, няма. Вось драпежнікі праз чаротавую заслону і прабраліся да нашых птушак. Шкада, канешне ж, але пра неабходнасць паляўнічага гаворкі, безумоўна, няма. Паўтаруся: мы з прыродай сябруем". Аналагічнае стаўленне - і да флоры. Рэдкія расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу, ахоўваюцца музейшчыкамі гэтак жа старанна, як і непаўторнае драўлянае дойлідства. Дарэчы, новым палажэннем, неаспрэчна, прадугледжваецца тое, што ў скансене "ўстанаўліваецца спецыяльны рэжым захоўвання музейных прадметаў з улікам размяшчэння іх ва ўмовах нестабільнага тэмпературна-вільготнаснага і светлавога рэжымаў". Да слова, нюанс гэты - адзін з асноватворных для мясцовых музейшчыкаў. І тут скансен таксама якасна адрозніваецца ад іншых "шараговых" музейных устаноў. Тэмпературны рэжым тут цягам года скача ад -30 да +30 градусаў, таму захаванне старадаўняй драўлянай архітэктуры - абавязковы штодзённы клопат мясцовых музейшчыкаў. Інакш кажучы, і раней у названым кірунку працавалі, і надалей рук апускаць не збіраюцца. Як, дарэчы, і ў прадпрымальніцкай дзейнасці, пра што "К" пісала неаднаразова.

- Мы займаемся гандлем прадукцыі, - працягвае Святлана Лакотка,- якая цалкам адпавядае нашай музейнай дзейнасці. Гэта сувеніры, рэчы-рэканструкцыі... Ва ўласных інтарэсах замаўляем і рэалізуем рэкламныя тавары, да прыкладу, кепкі ці блакноты з музейным лагатыпам, а таксама друкаваныя прэзентацыйныя выданні...

Усе гэтыя творча-камерцыйныя захады, да слова, прадугледжаны і новым музейным палажэннем. Калі ж казаць пра заўтрашнюю перспектыву музейнага прадпрымальніцтва, дык ідэй у Святланы Лакотка тут шмат. Адна з іх - рэканструкцыя гістарычных вытворчасцей. Кераміка і ткацтва значна пашырылі б музейны гандлёвы прэйскурант. Але для гэтага неабходны ўвод у штатную структуру новых спецыялістаў. Любы селянін ведае: пашырэнне працоўнай дзялянкі немагчымае без павелічэння колькасці рабочых рук. І названы музейны клопат- адзін з надзённых, бо гарантуе ў перспектыве немалыя дывідэнды. Як, зрэшты, і вырашэнне хваравітага пытання аб хранічным недахопе тэхнічных памяшканняў.

- Наведвальнікі нам часта задаюць пытанне: чаму не ўзялі на сябе прыгатаванне нацыянальных страў і аддалі карчму ў арэнду? - Святлана Лакотка працягвае гаворку аб музейных праблемах. - Адказ - просты: штатаў адпаведных пакуль няма, таму арэнда - адзінае на сёння выйсце...

Вернемся да дыферэнцаванага рэжыму аховы скансена, таксама дакладна абумоўленага новым Палажэннем. "У мэтах забеспячэння цэласнасці і захаванасці музейных прадметаў, выключэння выпадкаў іх пашкоджання, страты ці знішчэння музей пад адкрытым небам павінен быць абсталяваны неабходнымі сродкамі аховы і іншымі інжынерна-тэхнічнымі сродкамі абароны". Пра катэгарычную забарону забруджвання навакольнага асяроддзя, паніжэння біяразнастайнасці экасістэм, парушэння захаванасці зямельнага фонду, гідралагічнага рэжыму тэрыторыі мы сёння збольшага ўжо згадвалі. А пра заўсёдную супрацьпажарную гатоўнасць скансена "К" пісала нядаўна з нагоды пажару ў Дудутках, што выпаліў адзін з будынкаў прыватнай этнаўстановы. Дзяржаўны музей архітэктуры і побыту прыводзіўся тады ў прыклад узорнага стаўлення да аховы ўласнай маёмасці. Нагадаем, ва ўстанове з 2007 года дзейнічае пажарнае дэпо, дзе ёсць два пажарныя аўтамабілі і кругласутачна дзяжураць пятнаццаць пажарных. Пажарная машына дзяжурыць і на любым маштабным музейным мерапрыемстве. А іх тут шмат: на пачатак верасня ўстанова аказала культурных паслуг на 230 мільёнаў рублёў.

 

Заканадаўча дазволена тварыць

Гаворка пра дзейнасць скансена і пра новае музейнае Палажэнне была б не поўнай, натуральна, без каментарыя намесніка начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Святланы Гаўрылавай. Па яе словах, у свой час законам урэгуляваліся пытанні, што датычыліся музеяў-запаведнікаў. З гэтай нагоды пры падрыхтоўцы новага палажэння найперш было дадзена азначэнне скансена. Для яго не патрэбна гістарычная прывязка да тэрыторыі. Да прыкладу, для музея пад адкрытым небам і з ваенна-гістарычным профілем можна абраць любы кавалак зямлі і сканцэнтраваць там ваенную тэхніку... Дзяржаўны музей архітэктуры і побыту ў Строчыцах - пакуль адзіны на Беларусі. І Палажэнне на сёння дакладна адлюстроўвае спецыфіку яго дзейнасці менавіта пад адкрытым небам.

- Па-другое, мы імкнуліся, - распавядае Святлана Гаўрылава, - каб гэты музей быў "жывым". А колішняе заканадаўства прадугледжвала ашчаднае захоўванне музейных прадметаў у асаблівым месцы. Усе гэта правільна, але- для "звычайнага" музея, а не для скансена. Тут у якасці прадметаў выступаюць хаты, свірны і млыны... Дык вось, мы хацелі, каб усё гэта ў скансене не толькі захоўвалася, але і было абавязковым складнікам музейнай інтэрактыўнай дзеі. Цяпер музей пад адкрытым небам можа, скажам, выпякаць па старадаўніх тэхналогіях і рэцэптах хлеб і рэалізоўваць яго. Можа квас вырабляць, медавуху ці іншыя традыцыйныя напоі, што існавалі колісь у самых розных рэгіёнах Беларусі, архітэктура якіх і прадстаўлена ў Строчыцах... Цяпер на тэрыторыі скансена можна вырошчваць традыцыйныя для беларусаў сельскагаспадарчыя культуры...

 Словам, інтэпрэтуючы словы Святланы Гаўрылавай, музейшчыкам цяпер заканадаўча дазволена тварыць, пашыраючы тым самым і ўласны пазабюджэт і кола наведвальнікаў. А як быць з кажухом і валёнкамі? Па перакананні намесніка начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці, менавіта гэты нюанс уключаць неабходна не ў музейнае Палажэнне, а ў тое, што рэгулюецца заканадаўчымі актамі Міністэрства працы Рэспублікі Беларусь. Для гэтага, па словах Святланы Гаўрылавай, не існуе ніякіх перашкод. Як, дарэчы, і для пашырэння відаў платных паслуг ды штатных адзінак. Калі ласка, з абгрунтаваннем усіх перспектыўных творчых задум і адпаведнымі прапановамі- у Міністэрства культуры. Паразуменне - гарантавана.

І апошняе. Аналагічны скансен дзейнічае ў Вітаславіцы Наўгародскай вобласці. " Была там колькі гадоў таму,- распавядае Святлана Гаўрылава, - і ўражанняў прывезла, бадай, на ўсё жыццё. У скансене напоўніцу паказаны лад жыцця тых мясцін пазамінулага стагоддзя. Для наведвальнікаў прапаноўваюцца самыя разнастайныя інтэрактыўныя формы паслуг. Дзяўчаты і хлопцы ў нацыянальных строях уцягваюць цябе ў бясконцую тэатралізаваную дзею, што доўжыцца ад хаты да хаты, ад сялянскай школкі да царквы. Усё гэта, натуральна, - платна і заснавана на мясцовай традыцыі".

Калі мы маем на мэце захаванне ў скансене нашай беларускай традыцыі, нашага старадаўняга побыту, рухацца варта менавіта ў гэткім кірунку. Тым больш, што першыя крокі ў скансене ля Строчыц - больш чым упэўненыя.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"