На чарзе — “Панарама”

№ 43 (1014) 22.10.2011 - 29.10.2011 г

3 20 па 27 лістапада ў Мінску пройдзе V Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва “Панарама”. Гэтым разам ён прапануе аматарам Мельпамены дзевяць сустрэч з найлепшымі замежнымі і беларускімі спектаклямі з пяці краін свету.

/i/content/pi/cult/347/6517/3-4.jpg Гледачам "Панарамы2011" прапануюць, у тым ліку, спектаклі венгерскага тэатра "Csokonai Szinhaz" з горада Дэбрэцына і знакамітую "Чайку" ў пастаноўцы сусветна вядомага літоўскага рэжысёра Эймунтаса Някрошуса тэатра "Балтыйскі дом" з Санкт-Пецярбурга.

Гледачы таксама ўбачаць "Анну Карэніну" трупы "Anzelika Cholina Dance" і "Ідыёта" паводле Ф.Дастаеўскага калектыву "MENO FORTAS" з Вільнюса, а таксама спектакль "Прысвячэнне Еве", з удзелам акцёраў Тэатра імя Вахтангава з Масквы, польскую версію знакамітай "Пінскай шляхты" ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна варшаўскага тэатра "Rampa".

 Беларускае тэатральнае мастацтва будуць прадстаўляць купалаўскія спектаклі "Не мой" па прозе Алеся Адамовіча ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева і "Выкраданне Еўропы, або Тэатр Уршулі Радзівіл" Мікалая Пінігіна, а таксама "Драй швэстэрн" Аляксея Ляляўскага паводле драматургіі А.Чэхава Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Нагадаем, спектаклі Аляксандра Гарцуева і Аляксея Ляляўскага зусім нядаўна сталі пераможцамі першай у гісторыі нашай краіны Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

Арганізатарамі фестывалю, які праводзіцца з 2003 года, з'яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.