Эрмітаж у Заслаўі?

№ 43 (1014) 22.10.2011 - 29.10.2011 г

Гісторыка-культурны музейзапаведнік “Заслаўе” распачынае новы праект, які ставіць сабе за мэту звярнуць увагу грамадскасці на мала каму вядомы помнік спадчыны.

 

 У 2-й палове XVIII стагоддзя наўзбоч ад мястэчка паўстаў сядзібны ансамбль Пшаздзецкіх, аўтарам якога лічыцца італьянскі дойлід Карла Спампані. Апрача шыкоўнага класіцыстычнага палаца, комплекс уключаў таксама і мноства іншых пабудоў, сярод якіх - паркавы павільён. Паводле тагачаснай моды, што паўплывала таксама і на расійскую царыцу Кацярыну ІІ, ён атрымаў назву "Эрмітаж". Аднапавярховая камянічка ад пачатку мела выключна культурную функцыю: там месціліся бібліятэка і карцінная галерэя, адбываліся тэатральныя пастаноўкі ды канцэрты.

 Сёння пра існаванне сядзібы нагадвае менавіта той самы паркавы павільён (іншыя часткі да нашых дзён не захаваліся). Да нядаўняга часу ў ім месціўся Дом дзіцячай творчасці, але пасля таго, як будынак прызналі аварыйным, установа была змушана яго пакінуць. У лютым бягучага года былы "Эрмітаж" перадалі на баланс музея-запаведніка.

Рэстаўрацыя будынка і стварэнне ў ім музейнай экспазіцыі патрабуюць вельмі вялікіх сродкаў. Таму было вырашана ўжо цяпер выкарыстоўваць яго падворак для правядзення культурных імпрэз. Ініцыятыву падтрымала суполка аматараў электроннай музыкі. Першая з імпрэз адбудзецца сёння ў фармаце mini-open-air.