Слова для сваёй Радзімы

№ 43 (1014) 22.10.2011 - 29.10.2011 г

Пытанні далейшага развіцця айчыннай літаратуры ляглі ў аснову маштабнага і прадстаўнічага форуму, што днямі адбыўся ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі і сабраў больш за пяцьсот пісьменнікаў, паэтаў і літаратурных крытыкаў як з нашай краіны, так і з замежжа.

/i/content/pi/cult/347/6510/3-1.jpgСваё прывітанне ўдзельнікам ІІ З'езда грамадскага аб'яднання "Саюз пісьменнікаў Беларусі" даслаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Як паведамілі ў Прэс-службе Кіраўніка дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на важную ролю мастацкага слова ў грамадстве. "Кніга- гэта не толькі крыніца пазнання свету, але і мудры выхавальнік, нястомны настаўнік, таму дзяржава будзе заўсёды спрыяць дзейнасці пісьменнікаў, чые творы сцвярджаюць сапраўдныя духоўныя і эстэтычныя каштоўнасці, вучаць чытачоў любіць сваю Радзіму, ганарыцца яе гісторыяй і культурай", - адзначыў беларускі Лідар. Словы прывітальнага адрасу дэлегатам з'езда агучыў памочнік Прэзідэнта - начальнік Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Кіраўніка дзяржавы Усевалад Янчэўскі.

Удзел у пісьменніцкім форуме прыняў і міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка. У сваім выступленні ён адзначыў, што прыярытэтам для Міністэрства культуры нашай краіны з'яўляецца папулярызацыя беларускай літаратурнай спадчыны за мяжой, а таксама актывізацыя супрацоўніцтва з айчыннымі літаратарамі. Павел Латушка запэўніў, што Міністэрства культуры будзе і ў далейшым актыўна падтрымліваць сферу пісьменства. Яскравымі прыкладамі такога супрацоўніцтва мусіць стаць падрыхтоўка да святкавання юбілейных дат з нагоды нараджэння класікаў беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Акрамя таго, па словах Паўла Латушкі, Міністэрства культуры ініцыявала распрацоўку Нацыянальнай праграмы чытання, што павінна ўключаць цэлы комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю найлепшых твораў беларускай літаратуры, фарміраванне грамадскай думкі пра важнасць чытання, далучэнне да гэтага працэсу дзяцей.

 Паводле слоў старшыні Саюза Мікалая Чаргінца, арганізацыя актыўна ўдзельнічае ў грамадскім і культурным жыцці краіны, распрацоўвае і рэалізуе праекты ды праграмы, накіраваныя на прапаганду лепшых дасягненняў айчыннага слова, ажыццяўляе літаратурна-прапагандысцкую і культурна-асветніцкую дзейнасць. Як адзначыў Мікалай Чаргінец, Саюз пісьменнікаў Беларусі стаў магутным літаратурным цэнтрам, ён уносіць важкі ўклад у прапаганду духоўнасці і маральнасці.

 Старшыня Саюза пісьменнікаў падвёў вынікі папярэдняй пяцігадовай працы аб'яднання. Як адзначыў Мікалай Чаргінец, арганізацыя заключыла шэраг пагадненняў аб творчым супрацоўніцтве з пісьменніцкімі аб'яднаннямі Кубы, Венесуэлы, Сербіі, Расіі, Казахстана, Балгарыі, Турцыі і Сірыі.

Невыпадкова, на думку Мікалая Чаргінца, адным з асноўных напрамкаў работы Саюза, які актыўна развіваецца, стаў пераклад твораў айчыннай літаратуры на іншыя мовы, у тым ліку японскую, сербскую, балгарскую, англійскую і многія іншыя, а таксама пераклад літаратуры народаў свету.

Папулярызацыі айчыннай літаратуры паспрыяе і супрацоўніцтва нашых майстроў прыгожага пісьменства з іх замежнымі калегамі, якія таксама прымалі ўдзел у працы З'езда, у тым ліку творцамі з Сірыі, Чэхіі, Расіі, Літвы, Латвіі, Турцыі і Азербайджана.

Як адзначыў у размове з карэспандэнтам "К" пісьменнік і журналіст з Чэхіі Ян Элінек, чэшска-беларускія культурныя стасункі сёння развіваюцца досыць павольна. Наташа Вэберава, старшыня Таварыства чэшска-беларускай дружбы, якая далучылася да нашай размовы, падкрэсліла: "Задача нашага таварыства- папулярызаваць беларускае слова на чэшскай зямлі. Толькі нядаўна я адкрыла для сябе надзвычай прыгожую беларускую мову. Цяпер сябры нашага аб'яднання імкнуцца авалодаць ёй у дасканаласці, каб, найперш, чытаць вашу класіку ў арыгінале". Акрамя таго, Наташа Вэберава паведаміла, што такой падтрымкі літаратуры, якая існуе ў Беларусі, у ейнай краіне няма, і ў першую чаргу - у сферы кнігавыдання.

Як адзначыў член СПБ, святар СвятаАляксандра-Неўскай царквы горада Мінска, протаіерэй Павел Баянкоў, айчынныя творцы значна часцей сталі звяртацца да духоўнай літаратуры, скіраванай да найлепшых чалавечых памкненняў. Да таго ж, па словах святара, наяўнасць такой колькасці беларускіх пісьменнікаў сведчыць, што кніга- жывая. І вельмі важна, на думку айца Паўла, каб нашы суайчыннікі знаходзілі час не толькі на прагляд тэлебачання, але і на чытанне.

К.А.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 На здымку: у час працы форуму.