Прымадонна з вёскі Валокі

№ 38-39 (804-805) 29.09.2007 - 05.10.2007 г

У адзін з пагодных дзён аматары музыкі сабраліся ў Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі, каб павіншаваць з юбілеем зямлячку, вядучую салістку Днепрапятроўскага акадэмічнага тэатра оперы і балета Антаніну Гаркуша.

 /i/content/pi/cult/130/651/Prymadonna.jpg
Дзявочае
прозвішча Антаніны СцяпанаўныГіль. На Беларусі гілямі называюць прыгожых птушакснегіроў, якія прылятаюць у нашы гарады зімой. Так і Антаніна Сцяпанаўна, звязаўшы ў юнацтве свой лёс з Украінай, штогод прылятае, прыязджае на радзіму, на Карэліччыну, дзе яе, ураджэнку вёскі Валокі, добра ведаюць мясцовыя жыхары.
Да юбілею артысткі супрацоўнікі музея падрыхтавалі выстаўку пад назвайПрымадонна з Белай Русі”, якая распавядае пра творчы шлях таленавітай зямлячкі. Опера з юнацкіх гадоў стала не проста захапленнем Антаніны Гіль, а вялікай любоўю на ўсё жыццё.
Але дзе магла пазнаёміцца з операй дзяўчынка з маленькай вёсачкі Валокі? У сялянскай сям’і Сцяпана Кліменцьевіча і Марыі Сямёнаўны Гіль гадаваліся тры дачушкі — Зінаіда, Антаніна і Людміла. І ў бацькі, і ў матулі былі прыгожыя галасы. Бацька — скрыпач-самавук, спяваў у царкоўным хоры, працаваў жа ён цесляром, будаваў хаты.
Матуля, цудоўная рукадзельніца, сваіх дзяўчынак з малых гадоў прывучала да працы. У гэтым маглі пераканацца госці музея, разглядаючы на выстаўцы сукенку артысткі, прыгожа вышытую яе залатымі рукамі.
Антаніна з дзяцінства марыла аб сцэне, хацела быць артысткаю, але сяброўкам і аднакласнікам у гэтым не прызнавалася. Ды і хто б з іх паверыў тады, што вясковая дзяўчынка зможа стаць опернай спявачкай! На фотаздымках 1950-ых гадоў будучая артыстка нічым асаблівым не вылучаецца сярод вучняў Валокскай пачатковай школы, хіба толькі смелы позірк сур’ёзных вачэй затрымлівае нашу ўвагу на сціпла апранутай дзяўчынцы.
Светлая мара Антаніны Гіль прывяла яе на вакальнае аддзяленне Мінскага музычнага вучылішча імя Глінкі ў клас вакалу да выдатнага педагога Ларысы Місюк. Антаніна Сцяпанаўна і сёння ўдзячная бацькам за тое, што яны падтрымалі яе тады, калі, адвучыўшыся ўсяго год у Магілёўскім культасветвучылішчы, яна выпадкова ўбачыла ў адной з рэспубліканскіх газет аб’яву аб дадатковым наборы на вакальнае аддзяленне і рашуча сказала: “Еду ў Мінск, хачу вучыцца там”.
Ларыса Місюк не памылілася, высока ацэньваючы вакальныя здольнасці дзяўчыны. Ды і Антаніна настойліва працавала над сабою. Пераканаўшыся ў тым, што яркая адоранасць Антаніны Гіль патрабуе далейшай шліфоўкі яе майстэрства, Ларыса Данілаўна сама адвезла навучэнку ў Адэскую кансерваторыю да прафесара Вольгі Благавідавай.
Будучая спявачка паспяхова прайшла праслухоўванне і ў 1968 годзе стала студэнткаю гэтай навучальнай установы. А ўжо на чацвёртым курсе пачала выступаць на сцэне Адэскага акадэмічнага тэатра оперы і балета. На выстаўцы ёсць афіша спектакля “Царская нявеста”, у якім Антаніна Гіль, студэнтка 5 курса, выканала партыю Марфы.
У час вучобы наша зямлячка сустрэлася са сваім будучым мужам, вакалістам Віктарам Гаркушам, і пасля заканчэння кансерваторыі разам з ім пераехала ў горад Днепрапятроўск, дзе яны сталі салістамі тэатра оперы і балета.
Артыстычны талент Антаніны Гіль, яе прыгожае лірыка-каларатурнае сапрана запомніліся гледачам і ў спектаклі “Севільскі цырульнік”— оперы Д.Расіні паводле камедыі Бамаршэ, у якой наша зямлячка выканала партыю Разіты (дарэчы, партыю Фігара ў гэтым спектаклі выконваў яе муж, Віктар Гаркуша), і ў оперы Моцарта “Вяселле Фігара”, дзе яна спявала Сюзанну. У аперэтах “Цыганскі барон” і “Лятучая мыш” І.Штрауса Антаніна Гаркуша сыграла Арсену і Адэль. У операх Дж.Вердзі “Рыгалета” і “Травіята” яна спявала галоўныя партыі. І не проста спявала, а пражыла на сцэне жыццё сваіх гераінь так, што надоўга запомнілася гледачам і драма зняважанага кахання Джыльды, і трагічны лёс Віялеты. Партыя Віялеты ў оперы “Травіята” (паводле п’есы А.Дзюма “Дама з камеліямі”) і сёння любімая ў Антаніны Гіль.
І гэта далёка не ўсе оперныя спектаклі, у якіх удзельнічала наша зямлячка. Яна спявала Фраскіту ў оперы Ж.Бізэ “Кармэн”, Брыгіту ў “Іаланце” П.Чайкоўскага, Мюзету ў оперы Д.Пучыні “Багема”, Беласнежку ў музычнай казцы Э.Калманоўскага “Беласнежка”, выканала ролі галоўных гераінь у спектаклях “Чароўная музыка” і “Віялінка”.Двое сыноў-блізнят, Ігар і Алег, выраслі ў дружнай музычнай сям’і Гаркушаў. Яны таксама сталі музыкантамі, скончылі Адэскую кансерваторыю па класе тубы і трамбона, стажыраваліся ў кансерваторыі горада Фрайбурга ў Германіі. Ігар — артыст аркестра Днепрапятроўскага опернага тэатра, а Алег жыве і працуе на радзіме матулі, ён артыст аркестра Міхаіла Фінберга.Антаніна Сцяпанаўна 30 гадоў спявала на опернай сцэне. Працягвае выступаць перад публікай і цяпер. У яе вялікі рэпертуар камернай музыкі, і, што асабліва прыемна, у праграму сольных канцэртаў наша зямлячка абавязкова ўключае беларускія народныя песні, аб чым сведчыць афіша аднаго з канцэртаў, якая экспануецца на выстаўцы. А яшчэ Антаніна Гаркуша штогод абіраецца ў журы музычных фестываляў маладых талентаў Украіны “Светач Прыдняпроўя” і “Дзіваграй”.
Пра ўсё гэта распавядалі ўдзельнікам урачыстасці яе арганізатары. З вялікай цеплынёю і любоўю пра жонку і маці гаварылі муж і сыны Антаніны Сцяпанаўны, разам з ёй наведаўшыя раённы музей.
А па заканчэнні вечарыны яе гераіня літаральна зачаравала ўсіх прысутных голасам дзіўнай прыгажосці, выконваючы творы розных кампазітараў і народныя песні на беларускай, украінскай і рускай мовах.
Судакрананне з сапраўдным талентам усхвалявала і парадавала людзей, пакінуўшы ў іх душах спадзяванні на новыя творчыя сустрэчы на Карэліцкай зямлі.

Святлана КОШУР,
старшы навуковы супрацоўнік Карэліцкага раённага
краязнаўчага музея
На здымку: А.Гіль (у дзяцінстве) з бацькамі.