Прэзентацыі Гомеля

№ 43 (1014) 22.10.2011 - 29.10.2011 г

“К” працягвае знаёміць з тымі маштабнымі мерапрыемствамі, што адбываюцца сёлета ў Гомелі ў рамках праекта “Культурная сталіца Беларусі і СНД-2011”.

 

 Як распавяла нашаму карэспандэнту начальнік аддзела культуры Гомельскага гарвыканкама Кацярына Дзегцярова, учора ў горадзе выступіў з канцэртам малдаўскі танцавальны калектыў "Малдавеняска". Мерапрыемства было арганізавана пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва краін- удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Гэтая акцыя адбылася ў рамках праекта "Дні культуры краін Садружнасці", што ладзіцца ў Гомелі цягам апошніх двух месяцаў. У лістападзе жыхары і госці Культурнай сталіцы змогуць убачыць выстаўкі і канцэртныя выступленні ансамбляў з яшчэ дзвюх краін блізкага замежжа - Украіны і Арменіі.

 А 20 кастрычніка ў палацы Румянцавых і Паскевічаў адбылася прэзентацыя вынікаў работы рэстаўрацыйнай майстэрні Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Пад час імпрэзы наведвальнікі здолелі не толькі пазнаёміцца з працай рэстаўратараў, а і ўбачыць ды пагутарыць з самімі прафесіяналамі справы, якія даюць другое жыццё прадметам мастацтва.