ВЯРТАННЕ ДА ЛІСЦЯ КАШТАНАЎ

№ 43 (1014) 22.10.2011 - 29.10.2011 г

20 кастрычніка ў Кіеве адбылося адкрыццё помніка класіку беларускай літаратуры Уладзіміру Караткевічу, які быў створаны ў выніку дамоўленасці паміж Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам і ўкраінскім лідарам Віктарам Януковічам. Урачыстая цырымонія прайшла каля Пасольства нашай краіны з удзелам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі і міністра культуры Украіны Міхаіла Кулыняка.

/i/content/pi/cult/347/6506/1-1.jpgВечны дзень "пад белымі крыламі"

Культурны кантэкст Горада лісця каштанаў

Збіраючыся ва ўкраінскую сталіцу на сустрэчу з Уладзімірам Караткевічам (калі інтэрпрэтаваць заданне з камандзіровачнага пасведчання з пэўнай доляй лірыкі - менавіта так і атрымліваецца), варта было б пагартаць старонкі ягоных вершаў ці апавяданняў студэнцкіх гадоў, пачытаць радкі з публіцыстыкі і эпісталярнай спадчыны. Навошта? Ды каб атрымаць той асаблівы зарад энергетыкі нашага класіка, чый лёс шчыльна звязаны з горадам над Дняпром - Горадам лісця каштанаў, Караткевічавага юнацтва, кахання... Цяпер тая сувязь сталася яшчэ больш непарыўнаю, увекавечанай у бронзе. 20 кастрычніка каля будынка Пасольства Рэспублікі Беларусь ва Украіне ўрачыста адкрыўся помнік Караткевічу, які стварылі ў выкананне дамоўленасці паміж прэзідэнтамі дзвюх краін, а фінансаванне работ стала магчымым дзякуючы сродкам з рэзервнага фонду Кіраўніка нашай дзяржавы.

Прыярытэты Садружнасці

 А ўжо культурны кантэкст дня ва ўкраінскай сталіцы, а зрэшты - і ва ўсёй Садружнасці Незалежных Дзяржаў, вызначалі дзве партнёрскія сустрэчы-пасяджэнні: Савет па культурным супрацоўніцтве дзяржаў - удзельніц СНД, куды ўваходзяць міністры культуры краін Садружнасці, а таксама паралельнае яму сумеснае пасяджэнне Савета па гуманітарным супрацоўніцтве і Праўлення Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва краін арганізацыі.

На чарговым, дваццаць шостым па ліку, пасяджэнні Савета па культурным супрацоўніцтве, дзе нашу краіну прадстаўляў міністр культуры Павел Латушка, асаблівая ўвага была нададзена пытанням развіцця супрацоўніцтва ў сферы кінематаграфіі.

Беларускі бок ініцыяваў стварэнне рабочай групы на ўзроўні намеснікаў міністраў культуры краін Садружнасці для забеспячэння рэалізацыі сумесных праектаў, абмену вопытам паміж кінавытворчымі арганізацыямі. Прапанова была падтрымана членамі Савета. Беларускі бок праінфармаваў удзельнікаў пасяджэння аб рэформе падаткавага заканадаўства ў сферы культуры нашай краіны, у тым ліку з мэтай стымулявання кінавытворчасці. Як было падкрэслена на сустрэчы ў Кіеве, галоўны вынік года для сферы культуры Беларусі - уступленне ў сілу з 1 ліпеня 2011-га Указа Прэзідэнта "Аб некаторых пытаннях падаткаабкладання ў сферах культуры і інфармацыі".

Міністэрства культуры Беларусі таксама падтрымала ідэю стварэння Цэнтра захавання сусветнай культурнай спадчыны дзяржаў - удзельніц СНД. Ідэя яго ўзнікнення была выказана на міжнародным навучальным семінары для спецыялістаў, якія працуюць у сферы захавання сусветнай і нацыянальнай культурнай спадчыны Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Туркменістана, Узбекістана і Украіны. Прадстаўнікі Міністэрства культуры нашай краіны, нагадаем, прымалі ўдзел у пасяджэннях рабочай групы па распрацоўцы праекта Канцэпцыі Цэнтра.

Ініцыятывы Беларусі/i/content/pi/cult/347/6506/1-2.jpg

Пад час пасяджэння былі абмеркаваны і вынікі правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных 20годдзю Садружнасці Незалежных Дзяржаў, а таксама ход падрыхтоўкі праекта Палажэння Міждзяржаўнай праграмы "Культурныя сталіцы Садружнасці", працэс стварэння рэестра помнікаў культуры і аб'ектаў спадчыны на тэрыторыі СНД, адзінай базы даных па заканадаўстве ў сферы гісторыкакультурнай спадчыны.

Ужо пад час цырымоніі адкрыцця помніка Уладзіміру Караткевічу міністр культуры Павел Латушка падкрэсліў, што яго калегі з Расіі, Казахстана, Азербайджана, Малдовы з ініцыятывай падтрымалі прапанову беларускага боку аб стварэнні рабочай групы са спецыялістаў міністэрстваў культуры дзяржаў - удзельніц СНД, якая правядзе аналіз нацыянальных заканадаўстваў і складзе пералік нарматыўных прававых актаў у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Апошні кірунак, як зазначыў кіраўнік Міністэрства культуры Беларусі,- адзін з найпрыярытэтных для галіны.

Пасяджэнне Савета паказала: міждзяржаўныя адносіны ў прасторы культуры ў рамках Садружнасці працягваюць развівацца на партнёрскіх пачатках. Фармат сустрэчы дазволіў абагульніць назапашаны досвед, абмяняцца думкамі па яго інтэрпрэтацыі, прадэманстраваць новыя ініцыятывы і пацвердзіць зацікаўленасць у рэалізацыі дасягнутых раней дамоўленасцей.


Удзел у падзеі, што завяршаецца сёння, з беларускага боку прынялі міністр культуры Павел Латушка, намеснік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга, рэктар Акадэміі музыкі Кацярына Дулава, прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і творчых грамадскіх арганізацый.Учора ж сустрэча членаў савета атрымала своеасаблівы працяг у двухдзённым VI Форуме творчай і навуковай інтэлігенцыі дзяржаў - удзельніц СНД. У Кіеўскім нацыянальным універсітэце імя Тараса Шаўчэнкі разглядаліся пытанні развіцця гуманітарнага супрацоўніцтва, сумесных мерапрыемстваў і праектаў у сферы культуры на прасторы Садружнасці. У прыватнасці, як вядома, 2011-ы абвешчаны ў СНД Годам гісторыка-культурнай спадчыны, таму менавіта спецыялістам названай галіны ўручылі традыцыйную міжнародную прэмію "Садружнасць дэбютаў".

Феномен Кіева

Зразумела, у перадкамандзіровачных мітрэнгах нагадаць сабе феномен Кіева Караткевіча кніжным спосабам не атрымалася, таму на экране смартфона перагортваю вынікі інтэрнэт-пошуку.

 - Зрэшты,- дзеліцца ўражаннямі адзін з аўтараў помніка Канстанцін Селіханаў (яго калега-скульптар - Алег Варвашэня, архітэктар - Аляксандр Корбут), - мы, прыступаючы да працы над эскізамі, макетамі, што меліся прадставіць на рэспубліканскі конкурс, таксама не натхняліся творамі пісьменніка. Нібыта адразу прыйшоў да нас яго вобраз якраз такім, што сёння пабачыце ў бронзе...

Працягваю "гартаць" старонкі Сеціва. "І калі я ў творах сваіх хаця крыху ўрбаніст, то гэта таму, што многія і многія гарады я зведаў, але Кіеў быў адным з першых гарадоў, будынкі і плошчы якога ненавязліва вучылі мяне гэтаму", - піша Караткевіч у эсэ-нарысе "Сон аб тым, што было", выяўленым у ягоным архіве. Гэта калі сур'ёзна. А вось, узгадваючы студэнцтва, дадае ўжо жартам: "І дадатковай фарбай на палітры нейкага гіда ХХІ стагоддзя: "...Мост славуты яшчэ і тым, што яго, па пярылах, перайшоў на руках малавядомы беларускі паэт ХХ стагоддзя Уладзімір Караткевіч..." Так і хочацца крыху падправіць сціплыя эпітэты дасціпнага класіка (а тыя радкі - 1980-га) у ягонай аўтахарактарыстыцы.

А статус класіка засведчыць хаця б грунтоўная кніга з аповесцю "Дзікае паляванне караля Стаха" на чатырох мовах (у тым ліку і на ўкраінскай), якую беларуская дэлегацыя везла прэзентаваць у Кіеў. Выданне, што падрыхтавана Беларускім фондам культуры па ініцыятыве Міністэрства культуры нашай краіны, зазначым, ужо пабывала ва Украіне: тры асобнікі фаліянта ўжо перададзены беларускім Пасольствам Нацыянальнай бібліятэцы і Нацыянальнаму музею літаратуры краіны-суседкі, а таксама Цэнтру беларускай мовы і культуры пры Інстытуце філалогіі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі. Якраз там - у alma mater Уладзіміра Караткевіча - і распачаліся ўрачыстасці нашага высокага слова... На сустрэчу-прэзентацыю завіталі студэнты філалагічнага факультэта...

 - А вось да юбілею Максіма Багдановіча маем намер выдаць томік, які будзе змяшчаць тры ягоныя вершы на дзесяці мовах свету,- падзяліўся планамі старшыня БФК Уладзімір Гілеп.

"Пры сціжме людзей незлічонай..."

/i/content/pi/cult/347/6506/1-3.jpg

Гэты радок з "Песні пра зубра" Міколы Гусоўскага прыйшоў на памяць, калі, прайшоўшы колькі кварталаў ад Кіеўскага ўніверсітэта, звярнуў на вуліцу Міхаіла Кацюбінскага. Ля будынка Пасольства Беларусі ва Украіне было сапраўды шматлюдна. Прыслухаўшыся, разумею: тут не толькі афіцыйныя асобы, але і тыя кіеўляне, што шчыра ўлюбёны ў слова нашага класіка. Урачыстасць моманту надало выкананне дзяржаўных гімнаў Беларусі і Украіны, а лірычную нотку ўнесла выступленне ансамбля "Купалінка" Белдзяржфілармоніі.

Зразумела, жыхары горада над Дняпром ужо маглі пабачыць твор беларускіх скульптараў, паколькі помнік прыбыў у Кіеў колькі месяцаў таму. Аднак менавіта 20 кастрычніка міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка і яго ўкраінскі калега Міхаіл Кулыняк знялі палатно, што ў нейкі момант нават нагадала тыя белыя крылы над нашай зямлёй, апетыя Уладзімірам Караткевічам. За ягонай спінай яны бачыліся нават анёльскімі крыламі. Зрэшты, аналогія - невыпадковая: знакаміты нарыс пісьменніка "Зямля пад белымі крыламі" ўпершыню пабачыў свет менавіта на ўкраінскай мове і быў адрасаваны якраз тамтэйшаму чытачу.

Як зазначыў Павел Латушка, звяртаючыся да прысутных, адкрыццё помніка Караткевічу, незадоўга да ягонага 81-га дня нараджэння, - толькі пачатак своеасаблівай акцыі, што мяркуе ажыццявіць Міністэрства культуры Беларусі. Помнік Янку Купалу і Якубу Коласу мае паўстаць у Варшаве, постаць Францыска Скарыны ўпрыгожыць вуліцы Вільнюса, а жыхары і госці Санкт-Пецярбурга праз пэўны час змогуць прыпыніцца ля помніка Яну Баршчэўскаму... Міністр падкрэсліў таксама, што Беларусь - заўжды адкрытая для ўшанавання памяці слынных сыноў і дачок іншых народаў свету, прывёўшы ў якасці прыкладу мемарыяльную шыльду Лесі Украінцы і помнік Тарасу Шаўчэнку.

Пад час адкрыцця помніка міністр культуры адзначыў вялікую ролю Караткевіча ў айчыннай культуры. Творца, на думку Паўла Латушкі, даў беларусам разуменне таго, што наш народ мае багатую гісторыю, якая з'яўляецца часткай еўрапейскай. Помнік, падкрэсліў міністр, фактычна стане сімвалам яднання беларускага і ўкраінскага народаў. Таксама Павел Латушка сказаў пра вялікі ўплыў украінскай культуры на творчасць Уладзіміра Караткевіча.

Гатоўнасць да далейшага супрацоўніцтва прагучала і з украінскага боку ў слове міністра культуры Украіны Міхаіла Кулыняка, культурны фактар дыпламатыі адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ва Украіне Валянцін Вялічка, сваю канцэпцыю бачання постаці Караткевіча агучыў скульптар Канстанцін Селіханаў...

■ ■ ■

Здавалася б, сухі факт: работы па ўстаноўцы помніка ў Кіеве і добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі ажыццяўляліся за кошт сродкаў Кіеўскай мэрыі. Зразумела, без падобных нітоў узаемадзеяння нельга рэалізаваць ніводзін праект. І пра партнёрства ў культурнай сферы паміж беларускім і ўкраінскім бакамі было сказана нямала. А яшчэ адзін варыянт яго развіцця падказвае сам класік: "Мы дамо па Пячэрску вялікі крук, я мясціны табе пакажу...". Чым не будучы маршрут для турыстаў па вулках Кіева, што шчыльна паяднаны і з постацямі нашага мінулага? Пачатак - ля помніка Уладзіміру Караткевічу, які (выпадак ці задума стваральнікаў?) размясціўся акурат пад улюбёным пісьменнікам высокім каштанам, чыё лісце так і хінулася ўнесці сваю фарбу ў кіеўскую стрымана-сонечную восеньскую завею...

Фота Пятра ОВАДА, нашага спецыяльнага карэспандэнта

Мінск - Кіеў - Мінск