Рэцэпт action для старадаўніх муроў

№ 42 (1013) 15.10.2011 - 21.10.2011 г

Пружаншчына: ад брэндавасці да запатрабаванасці

Новы этап развіцця сяла: сацыякультурны зрэз

Шматлікія абласныя і міжнародныя фестывалі, прыкладна два дзясяткі народных і ўзорных калектываў, багатая гісторыка-культурная спадчына, сярод якой, найперш, - палацава-паркавы ансамбль Сапегаў - усё гэта складнікі культуры Пружанскага раёна. Ды плюс матэрыяльна-тэхнічная база гарадскіх і сельскіх устаноў культуры названага рэгіёна - адна з узорных на Брэстчыне. Пералічаныя дасягненні былі б папросту немагчымыя без пільнай увагі, якую надае сферы культуры кіраўніцтва мясцовага райвыканкама. І гэта - натуральна. Турыстычны патэнцыял Пружаншчыны мае вялікія перспектывы, і менавіта культработнікі, як лічаць улады, павінны "раскручваць" і піярыць свой рэгіён, ствараць шматлікія брэнды абласнога і нават рэспубліканскага значэння. Досыць вялікая работа ў гэтым кірунку ўжо вядзецца. Нездарма начальнік аддзела культуры Пружанскага райвыканкама Канстанцін Панімаш, як і яго падначаленыя, пастаянна знаходзіцца ў пошуку новых ідэй і мае свой погляд на развіццё сферы культуры раёна. 

 

/i/content/pi/cult/346/6505/pic_58.jpgНарод пытаецца і прапануе

"Калі адкрыюць СДК?"

Пытанні, якія задавалі жыхары Пружаншчыны, тычыліся як удасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры, так і развіцця турыстычнага патэнцыялу рэгіёна.

Святлана, маладая маці, аграгарадок "Новыя Засімавічы":

- Сёлета адрамантавалі будынак, дзе месцяцца сельская бібліятэка ды дзіцячая музычная школа. А калі плануецца адрамантаваць і адкрыць СДК?

Аляксандр, школьнік, г. Пружаны:

- Нядаўна ў райцэнтры адкрылі раённы Дом рамёстваў. Мне там вельмі спадабалася. Можа, нават запішуся ў які-небудзь гурток, напрыклад, разьбы па дрэве. Але, як падаецца, не стае Дому рамёстваў нейкіх цікавых мерапрыемстваў, напрыклад, майстар-класаў. А паглядзець на тое, як самабытны майстар выразае прадметы з дрэва ці лепіць з гліны, пагадзіцеся, заўсёды цікава... Ці плануецца праводзіць падобныя мерапрыемствы ў РДР?

Марыя Сяргееўна, настаўніца, г. Пружаны:

- Нядаўна пабывала разам са сваімі школьнікамі на экскурсіі ў нашым знакамітым Ружанскім палацы, што належаў вядомаму роду Сапегаў. Змены там - навідавоку, і гэта вельмі радуе. А ці ёсць намер прадоўжыць рэстаўрацыйныя работы? Што плануецца яшчэ зрабіць у палацы? Ці будуць тут ладзіцца мерапрыемствы на гістарычную тэматыку?

Марына і Людміла, школьніцы, аграгарадок "Шарашова":

- У нашым СДК заўсёды шмат цікавых канцэртных праграм, ды і на дыскатэках шмат людзей. Але ва ўстанове няма ноўтбука. А без яго сучаснаму дзі-джэю працаваць складана...

 

 /i/content/pi/cult/346/6505/pic_59.jpgПаляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры раёна, праца над раскруткай мясцовых "брэндавых" фестываляў, турыстычная дзейнасць і ўдзел у ёй культработнікаў - усе гэтыя і многія іншыя пытанні былі абмеркаваны на райвыканкамаўскай "лятучцы", ініцыяванай "К". У ёй прынялі ўдзел намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Сяргей ГУК і начальнік мясцовага аддзела культуры Канстанцін ПАНІМАШ.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Сяргей Міхайлавіч, што ўдалося зрабіць за апошнія гады ў сферы культуры раёна? Наколькі паспяхова яна, на вашу думку, працуе?

Сяргей ГУК:

- Напачатку хачу прывесці толькі адну лічбу: згодна з Дзяржпраграмай адраджэння і развіцця сяла, на Пружаншчыне пабудаваны 21 аграгарадок. Па гэтай лічбе мы - бясспрэчныя лідары на Брэстчыне. І, натуральна, ва ўсіх гэтых паселішчах даведзены да ладу ўстановы культуры.

Канстанцін ПАНІМАШ:

- Канешне, не ўсюды яшчэ хапае той жа сучаснай апаратуры, камп'ютараў у СДК і бібліятэках, але сітуацыю паступова будзем змяняць.

Сяргей ГУК:

- За гэтыя гады на капітальныя і цякучыя рамонты ўстаноў культуры раёна было выдаткавана звыш дзевяці мільярдаў рублёў. Сума досыць важкая, і цяпер ад культработнікаў залежыць, наколькі яны сваёй працай апраўдаюць тыя ўкладанні.

Канстанцін ПАНІМАШ:

- Дадам, што ў гэтую суму не ўваходзяць выдаткі на закупку мэблі, аргтэхнікі і гэтак далей. Так што канчатковая лічба - яшчэ больш значная. Гэта тыя сродкі, што паступалі да нас, згодна з інвестыцыйнай Дзяржпраграмай, з абласнога ўпраўлення культуры, а таксама грошы з мясцовага бюджэту.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Наколькі ведаю, у Пружанскім раёне цяпер рэалізуецца раённая Праграма адраджэння і развіцця сяла на 2011 - 2015 гады... Унікальны выпадак! Бадай, ні ў якім іншым рэгіёне Беларусі, якія наведваў цягам камандзіровачных выездаў, не было і гаворкі пра падобныя пачынанні...

Сяргей ГУК:

- Так, і ў гэтым плане мы сапраўды адрозніваемся ад іншых раёнаў вобласці, ды і, пэўна, усёй рэспублікі. Так што цяпер у нас ёсць аграгарадкі 2011-га! Натуральна, існуюць пэўныя цяжкасці з фінансаваннем згаданай праграмы, але тое, што запланавалі на гэты год, - абавязкова зробім. У тым ліку - у сферы культуры.

Канстанцін ПАНІМАШ:

- Напрыклад, у аграгарадку 2011-га "Новыя Засімавічы" мы ўжо завяршылі рамонт у будынку, дзе месцяцца бібліятэка і дзіцячая музычная школа. Цяпер даводзім да ладу тамтэйшы Дом культуры. Завершым рамонт да канца бягучага года. Толькі на гэтых аб'ектах ужо асвоена каля мільярда рублёў. А калі казаць пра ўсю раённую праграму адраджэння і развіцця сяла 2011 - 2015, дык, згодна з ёю, прадугледжаны рамонт у васьмі сельскіх установах культуры.

Сяргей ГУК:

- Хачу адзначыць і нашу працу ў аграгарадку мінулага года - "Ружаны". Гэта знакавае паселішча нашага раёна, таму да яго заўсёды будзе найвялікшая ўвага ў кіраўніцтва райвыканкама. А матэрыяльна-тэхнічная база сферы культуры ў Ружанах, на маю думку, цяпер на вышыні.

Канстанцін ПАНІМАШ:

- Летась мы адрамантавалі там дзіцячую школу мастацтваў, дзіцячую і гарпасялковую бібліятэкі, а таксама Цэнтр культуры і дасугу.

Сяргей ГУК:

- У гэтым гарадскім пасёлку пражывае прыкладна тры з паловай тысячы чалавек, і, зразумела, якасць культурнага абслугоўвання там павінна быць не горшая, чым у райцэнтры. Безумоўна, акрамя аб'ектаў сферы культуры, мы актыўна займаліся і займаемся рэстаўрацыйнымі работамі ў палацы Сапегаў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- "К" неаднаразова пісала пра іх ход і пра тое, што ажыццяўляюцца яны, у першую чаргу, за кошт сродкаў райбюджэту...

 Сяргей ГУК:

- Так. Важна, што сферу культуры ўсяляк падтрымлівае старшыня Пружанскага райвыканкама Аляксандр Юркевіч. Гэта датычыцца як пытанняў паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры, так і рэстаўрацыі Ружанскага палаца. Таму да апошняга часу ўсе работы на гэтым аб'екце праводзіліся за кошт сродкаў раённага бюджэту: асвоена больш за тры мільярды рублёў. На гэтыя сродкі былі адрэстаўраваны ўязная брама і ўсходні флігель, дзе размясцілася музейная экспазіцыя. А летась аб'ект трапіў у пратакол Даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і з рэспубліканскіх сродкаў нам было выдаткавана прыкладна 4 мільярды 800 мільёнаў рублёў на рэканструкцыю заходняга флігеля палацавапаркавага ансамбля.

Канстанцін ПАНІМАШ:

- Паводле пратакола Даручэнняў Прэзідэнта выдаткаваныя сродкі павінны быць асвоены ўжо сёлета, і мы абавязкова гэта зробім. Магчыма, у заходнім флігелі таксама будзе дзейнічаць музейная экспазіцыя. Да таго ж, з пачатку года на тэрыторыі Ружанскага палаца адкрылася сувенірная крама, якая вельмі дапамагае мясцовым музейшчыкам у выкананні плана платных паслуг.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Але за кошт чаго раённы бюджэт змог "пацягнуць" такую вялікую суму на рэстаўрацыйныя работы? Думаецца, ваш вопыт будзе цікавы і іншым раёнам, бо, як вядома, на Беларусі даволі шмат аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, якія патрабуюць рэстаўрацыі. На жаль, сродкаў на прывядзенне гэтых аб'ектаў у належны стан заўсёды не стае...

Сяргей ГУК:

- Не ведаю, ці змогуць выкарыстаць наш вопыт у іншых раёнах, але скажу толькі, што такія значныя фінансавыя ўкладанні мы здолелі зрабіць за кошт таго, што Пружаншчына дынамічна і паспяхова развіваецца. Наш раён - узорны ў плане сельскагаспадарчай вытворчасці, па многіх іншых вытворчых пытаннях. На сёння мы ўзнялі мясцовую вытворчасць на якасна новы ўзровень, а па валавым вырабе малака мы - лідары не толькі на Брэстчыне, а і на Беларусі. У раёне - 35 сучасных малочных фермаў, лічба, якая кажа сама за сябе... Натуральна, шмат станоўчага і ў сферы культуры.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Безумоўна, адраджэнне палаца Сапегаў у Ружанах можа прыносіць у перспектыве даволі значныя фінансавыя дывідэнды. Маю на ўвазе прыцягненне шматлікіх турыстаў, продаж сувенірнай прадукцыі і многае іншае... Як правіла, праблемай часта становіцца якраз нізкая і малаактыўная прапанова...

Сяргей ГУК:

- Я таксама лічу, што Ружанскі палац павінен прыносіць пэўны прыбытак. З цягам часу тут варта зрабіць тое, што і ў іншых краінах Еўропы: ладзіць у старажытных сценах шматлікія масавыя мерапрыемствы, фестывалі старадаўняй музыкі і рыцарскія баі, продаж сувенірнай прадукцыі... І, на маю думку, аддзелу культуры варта працаваць над "раскруткай" гэтага знакавага аб'екта Пружаншчыны, рэкламаваць усе нашы мерапрыемствы не толькі ў абласным, але і ў рэспубліканскім друку, Інтэрнэце...

 Канстанцін ПАНІМАШ:

- Так, Ружанскі палац - гэта месца для прыкладання сіл культработнікаў, і мы гэта выдатна разумеем. Ужо сёлета, упершыню, правялі тут фэст пад назвай "Ружанская брама", і гэтае мерапрыемства плануем ладзіць штогод. "Ружанская брама" сабрала звыш трох тысяч чалавек. Упэўнены, у наступныя гады яна прыцягне да сябе ўвагу яшчэ большай колькасці турыстаў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Пры правядзенні падобных маштабных акцый варта было б выкарыстаць магчымасці прыватнага бізнесу. Напрыклад, у Ашмянскім раёне дзяржаўна-прыватнае супрацоўніцтва пры правядзенні фестывалю ў Гальшанскім замку практыкуецца ўжо не першы год і прыносіць неблагія дывідэнды і раёну, і мясцоваму аддзелу культуры. А што на Пружаншчыне?

Сяргей ГУК:

- На жаль, нашы мясцовыя прадпрымальнікі пакуль толькі прыглядаюцца да партнёрства з раённымі ўладамі, з аддзелам культуры і ніяк сябе не праяўляюць. Тым больш, не кожны цяпер хоча ўкласці грошы ў такія аб'екты, дзе аддача прыйдзе не адразу, а праз пяць - дзесяць гадоў. Але я мяркую, калі мы будзем паспяхова ладзіць "Ружанскую браму," калі прадоўжым рэстаўрацыю палаца Сапегаў, дык бізнес не застанецца абыякавым да супрацоўніцтва.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Варта, лічу, падумаць і пра тэатралізацыі на гістарычную тэматыку. Тым больш, далёка па вопыт хадзіць не трэба: побач - Івацэвіччына са знакамітым палацам Пуслоўскіх у Косаве, дзе падобныя акцыі - даўняя завядзёнка...

 Канстанцін ПАНІМАШ:

- Мы таксама плануем ладзіць у Ружанскім палацы цікавыя гістарычныя тэатралізацыі - гэта сапраўды яшчэ адзін са сродкаў прыцягнення турыстаў на Пружаншчыну. Магчыма, тое будзе адбывацца ў рамках фестывалю "Ружанская брама". У далейшым, упэўнены, мерапрыемства займее рэспубліканскі, а мо і міжнародны статус.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

/i/content/pi/cult/346/6505/pic_60.jpg- Разгалінаваную турыстычную дзейнасць немагчыма ўявіць без развіцця прыдарожнага сэрвісу, своечасовага і якаснага рамонту дарожнага пакрыцця... Наколькі гэты накірунак дзейнасці развіты ў раёне? І як у прыдарожным сэрвісе плануеце задзейнічаць сферу культуры? На Віцебшчыне такая дзейнасць прыносіць прыбытак аддзелам культуры праз продаж сувеніраў у шматлікіх прыдарожных кафэ і гасцініцах...

Сяргей ГУК:

- У лістападзе, як вядома, будуць завершаны работы па пракладанні аб'язной дарогі ўздоўж Белавежскай пушчы. Дарога - рэспубліканскага значэння, яна праходзіць па маляўнічых мясцінах Брэстчыны, у тым ліку - і па Пружаншчыне. На ёй у нас вызначана дзесяць пляцовак для стварэння аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, і першыя ластаўкі ўжо ёсць: адно месца выкупіла ААТ "Жураўлінае", гэта гаспадарка раёна, другое - прыватная фірма. Хаця, трэба прызнаць, раённыя прадпрыемствы займаюць цяпер досыць узважаную пазіцыю па гэтым пытанні. Але аўкцыёны ў нас праходзяць рэгулярна, уся неабходная інфармацыя размешчана на сайце райвыканкама, таму, лічу, у бліжэйшай перспектыве ўсе абазначаныя намі пляцоўкі будуць выкуплены альбо прыватнікамі, альбо дзяржаўнымі арганізацыямі.

Канстанцін ПАНІМАШ:

- Маю такую ідэю: правесці ў якімнебудзь населеным пункце, што ляжыць уздоўж названай аб'язной дарогі, фестываль, каб прыцягнуць сюды турыстаў. Спадзяюся, у наступным годзе мы абавязкова здзейснім задуманае...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Яшчэ адзін шлях у накірунку развіцця прыдарожнага сэрвісу: выкупіць блізу дарогі які-небудзь будынак і зрабіць там гасцініцу аддзела культуры. Так зрабілі ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці, і цяпер гэтая гасцініца карыстаецца нязменным попытам у прыезджых гасцей. Або можна адкрыць аграэкасядзібу, дзе заезджыя турысты маглі б не толькі пераначаваць ды пакаштаваць стравы беларускай народнай кухні, а і атрымаць культурную праграму ад аўтэнтычнага калектыву... "К" пісала аб прыкладзе такой дзейнасці ў Іўеўскім раёне Гродзеншчыны...

Канстанцін ПАНІМАШ:

- У перспектыве ўсё гэта мы плануем здзейсніць. Цяпер, натуральна, нашы сілы кінуты на працу ў Ружанскім палацы, і мы абавязкова зробім з яго сапраўдны брэнд раёна. Там будуць прадстаўлены і тэатралізацыі, і народная кухня, і, магчыма, нейкія сцэнічныя пастаноўкі пад адкрытым небам... Што да гасцініцы, дык такая ідэя ў нас таксама прапрацоўвалася. Можа, сапраўды варта ўзяць нейкі будынак на свой баланс або набыць? Каб турыст мог там адпачыць і паўдзельнічаць у майстар-класах, паглядзець на вырабы майстроў народнай творчасці, пакаштаваць стравы народнай кухні, пакатацца на конях і набыць той або іншы сувенір...

Сяргей ГУК:

 - Нам вельмі хацелася б, каб Пружаншчына з цягам часу сталася прыцягальнай для турыстаў. Вядомыя Віскулі знаходзяцца на тэрыторыі Пружанскага раёна, Белавежская пушча - перліна Еўропы, палац Сапегаў, шмат аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны - згадаю Пружаны, Каштанаўку, Інтэрнацыянальны... Усё гэта можна "раскруціць" і цікава падаць. І ў рэкламе павінны абавязкова быць задзейнічаны супрацоўнікі аддзела культуры.

Канстанцін ПАНІМАШ:

- Мы пастаянна працуем над піярам свайго рэгіёна. У нас цяпер даволі шмат брэндаў: фестываль джазавай музыкі "Пружанскі блюз", згаданы ўжо фэст "Ружанская брама", абласны фестываль акадэмічных песняспеваў "Ляці, наша песня!". Сёлета зладзім у Пружанах свята-кірмаш, нешта накшталт "Мотальскіх прысмакаў", з прыцягненнем культработнікаў раёна, майстроў народнай творчасці. Гэты фэст, магчыма, з цягам часу стане рэгіянальным брэндам, і на яго абавязкова будуць прыязджаць турысты... А налета мы будзем адзначаць 120-годдзе з дня нараджэння Рыгора Шырмы- зладзім у вёсцы Шакуны, на яго малой радзіме, песенны фестываль, куды запросім нашы вядомыя раённыя і абласныя калектывы. Так што, я ўпэўнены, турысты да нас будуць прыязджаць часцей.

Сяргей ГУК:

- Цяпер у райцэнтры ёсць лядовая арэна, распачата будаўніцтва яшчэ адной гасцініцы, бо тая, што існуе, нас не задавальняе: яна разлічана ўсяго на 32 нумары. Калі пабудуем гасцініцу (хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца ў наступным годзе), дык у Пружанах зможам ладзіць спартыўныя, турыстычныя мерапрыемствы значна большага маштабу, чым цяпер. Калі ж казаць пра культуру, дык у Ружанскім палацы адкрылася сувенірная лаўка, якая прыносіць неблагі прыбытак. І гэты накірунак працы таксама варта развіваць далей. Бо турыст сёння хоча што-небудзь узяць на памяць аб тых мясцінах, дзе ён пабываў. І яшчэ. Я ўпэўнены, што без экшну, без нейкіх цікавых мерапрыемстваў любы аб'ект, нават Ружанскі палац, па-просту не запрацуе. Таму культработнікам раёна, аддзелу культуры трэба працаваць над насычэннем палацава-паркавага ансамбля Сапегаў разнастайнымі мерапрыемствамі, каб гэты выдатны помнік гісторыка-культурнай спадчыны сапраўды "ажыў". А кіраўніцтва райвыканкама будзе заўсёды спрыяць культработнікам у здзяйсненні іх крэатыўных задумак і прапаноў.

 Мінск - Пружанскі раён - Мінск

Фота аўтара  

 

Дэталь да агульнай карціны

Паданне пра Шарашова

Турыст, што завітае ў гэтае мястэчка, ніколі аб тым не пашкадуе.

Тут напісана Шарашоўскае Евангелле, тут можна ўбачыць старадаўнія царкву і касцёл, драўляную званіцу- унікальны помнік беларускай драўлянай архітэктуры канца XVIII стагоддзя...

Гісторыю мястэчка беражліва захоўваюць у Шарашоўскім цэнтры культуры і вольнага часу. А працуюць там людзі творчыя ды апантаныя. Гэта дырэктар установы Генадзь Фасевіч і мастацкі кіраўнік Станіслава Фасевіч - ягоная жонка, якія знаходзяцца ў пастаянным пошуку новых формаў работы з насельніцтвам.

Іхняя праца сапраўды ўражвае. Мяркуйце самі. Супрацоўнікі ўстановы выдаюць разнастайныя метадычныя дапаможнікі для клубаў, што знаходзяцца па суседстве з гарадскім пасёлкам, пастаянна ладзяць шматлікія масавыя святочныя мерапрыемствы на разнастайную тэматыку, актыўна супрацоўнічаюць з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій, што пражываюць на тэрыторыі рэгіёна. Пры ўстанове працуе дзесяць гурткоў і аматарскіх аб'яднанняў на любы густ - ад танцавальных і вакальных калектываў да шахматна-шашачнага клуба і клуба спартыўнай гімнастыкі, а дыскатэкі, што ладзяцца ў Шарашоўскім ЦКіВЧ, карыстаюцца нязменным попытам у жыхароў гарадскога пасёлка. Таму і не дзіва, што гадавы план платных паслуг, як распавёў дырэктар установы культуры Генадзь Фасевіч, быў выкананы яшчэ ў верасні. 

 

Дэталь да агульнай карціны

Сувенір з прыбыткам

Колькі месяцаў таму ў Пружанах адкрыўся раённы Дом рамёстваў.

Установа месціцца ў аднапавярховым вялікім будынку, і ў ёй ёсць некалькі гурткоў па самых розных відах народных рамёстваў - ад разьбы па дрэве да ткацтва і роспісу па шкле. У планах дырэктара РДР Людмілы Андросавай - праводзіць у будучым пры ўстанове майстар-класы майстроў народнай творчасці, ладзіць выстаўкі і разнастайныя цікавыя мерапрыемствы.

Па словах начальніка аддзела культуры Канстанціна Панімаша, з цягам часу прадукцыя супрацоўнікаў Дома рамёстваў абавязкова будзе выстаўляцца на продаж для ўсіх ахвотных. Таму ў наступным годзе пры ўстанове культуры будзе адкрыты салон-крама, дзе ахвотныя набудуць упадабаныя вырабы майстроў народнай творчасці. Такая ж сувенірная лаўка, па словах Канстанціна Панімаша, ужо цягам кастрычніка запрацуе ў яшчэ адной установе культуры райцэнтра - знакамітым Пружанскім палацыку.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"