Напрыканцы верасня разам з калегамі з Баранавіцкай ГЦБС у Навагрудскай ЦБС быў праведзены семінар па ўкараненні і развіцці інфармацыйных тэхналогій.
Станоўчую ролю адыграла ў свой час камп'ютарызацыя. У Навагрудскую ЦБС яна прыйшла ў 2002 годзе. Сёння з 29 бібліятэк камп'ютарызавана 17. Агульная колькасць камп'ютараў дасягнула 33-х. У 2007-м у Цэнтральнай раённай бібліятэцы створана лакальная сетка, поўнасцю аўтаматызавана ЦРБ. Тое ж- і ў калег з Баранавічаў. Бібліятэчныя працэсы аўтаматызаваны ў Гарадской цэнтральнай бібліятэцы імя В.П. Таўлая. Баранавіцкая цэнтральная гарадская бібліятэка ўваходзіць у рэспубліканскі кансорцыум па аналітычным роспісе дакументаў часопісных артыкулаў LibKARD. Спецыялісты з Баранавіцкай ГЦБС дзяліліся асаблівасцямі гэтай дзейнасці.
Чытачы 13 бібліятэк Навагрудскай ЦБС маюць магчымасць карыстацца рэсурсамі Інтэрнэта. Сувязь гэтых бібліятэк з іншымі падтрымліваецца праз электронную пошту. І Баранавіцкая ГЦБ, і Навагрудская ЦРБ маюць свае сайты ў Сеціве. Дарэчы, аналіз даных лічыльніка паказвае, што вэб-сайт Навагрудскай ЦРБ - запатрабаваны.
На семінары навагрудчане дзяліліся досведам работы бібліобуса. Ён абслугоўвае 11 маршрутаў, а гэта 31 вёска і аддзяленне круласутачнага знаходжання Навагрудскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У Баранавіцкай жа ГЦБС дзейнічае медыяаўтобус.
Фаіна МАЛЮЖЭНЕЦ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай ЦРБ