Чаго каштуе фаліянт?

№ 42 (1013) 15.10.2011 - 21.10.2011 г

“Людей способных” — для Астрожскага выдання

/i/content/pi/cult/346/6499/pic_50.jpgСярод кніжных помнікаў, прадстаўленых у Нацыянальнай бібліятэцы нашай краіны, асаблівае месца займае Астрожская Біблія- першае поўнае друкаванае выданне Бібліі на царкоўнаславянскай мове з выкарыстаннем біблейскіх тэкстаў на грэчаскай, яўрэйскай, лацінскай, чэшскай і іншых мовах. Сёлета спаўняецца 430 гадоў з часу яе выдання.

У 1578 годзе князь Канстанцін Астрожскі, маці якога паходзіла са старадаўняга роду Алелькавічаў, князёў Слуцкіх, заснаваў у сваім маёнтку друкарню. Як сведчаць архіўныя крыніцы, ці не галоўнай справай жыцця князя стала стварэнне ўмоў для падрыхтоўкі і выдання Астрожскай Бібліі, што ў выніку была прызнана кананічнай царкоўнай Бібліяй.

Як адзначыў даследчык гісторыі Праваслаўнай Царквы, протаіерэй Сергій Гардун, Біблія, надрукаваная Францыскам Скарынам, была, на жаль, не поўнай і не атрымала такога шырокага прызнання і пашырэння, як Астрожская, якая стала агульнапрызнаным тэкстам Свяшчэннага Пісання не толькі для Вялікага Княства Літоўскага, але і для прастораў Маскоўскай дзяржавы ды славянскіх народаў.

Цягам амаль двух стагоддзяў гэта была адзіная друкаваная славянская Біблія, якая выкарыстоўвалася на ўсёй прасторы ўсходняга славянства. Наступныя друкаваныя выданні, першым з якіх стала ў 1751 годзе Елізавецінская Біблія, ствараліся на падставе менавіта Астрожскай Бібліі.

Асобна варта сказаць колькі слоў аб працэсе падрыхтоўкі ўнікальнага выдання. Канстанцін Астрожскі хацеў падаць тэкст Бібліі ў найбольш дакладным выглядзе. Менавіта таму пад час падрыхтоўкі выдання князь неаднаразова звяртаўся да Патрыярха Канстанцінопальскага Іераміі з просьбай даслаць "добре исправленныя и безпорочныя греческия и словенския рукописи" і "людей способных". У выніку Канстанцін Астрожскі атрымаў копію Генадзіеўскай Бібліі з Масквы, адправіў давераных асоб у грэчаскія, сербскія, балгарскія манастыры для збору спісаў Бібліі. Выкарыстоўваючы ўжо існуючыя славянскія пераклады, у тым ліку зробленыя Францыскам Скарынам, складальнікі Бібліі ажыццявілі параўнаўчы аналіз і рэдагаванне розных тэкстаў.

Пасля вялікай падрыхтоўчай працы першае пробнае выданне Бібліі пабачыла свет 12 ліпеня 1580 г. і ўключала Новы Запавет і Псалтыр. Другое - асноўнае- выданне выйшла 12 жніўня 1581га і ўжо мела поўны біблейскі звод і ўсе прадмовы да кнігі. Як падлічылі даследчыкі, аб'ём тэксту Астрожскай Бібліі складае прыкладна 3 240 000 друкаваных знакаў. Пры гэтым уражвае і велізарны па тым часе тыраж: каля 1500 экзэмпляраў.

У даследаванні, прысвечаным Астрожскай Бібліі, член Біблейскай камісіі Беларускага Экзархату Таццяна Матрунчык прыводзіць два надзвычай цікавыя факты, а дакладней - выказванні адносна значнасці гэтага выдання. Першае належыць вядомаму чэшскаму філолагу і гісторыку ХІХ ст. Ёзэфу Добраўскаму, які зазначыў наступнае: "Я аддаў бы палову сваёй бібліятэкі за Астрожскую Біблію!" А прапаведнік і палеміст XVII ст. Міхаіл Андрэла-Арасвігоўскі сцвярджаў, што за адну яе старонку ён аддаў бы Чэхію, Англію, нямецкую веру, Прусію, Польшчу, Фландрыю з іх духоўнымі традыцыямі, бо ісціну яму адкрыла толькі гэтая кніга.

На здымку: тытульны ліст кнгі.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"