“Малайчына!”

№ 42 (1013) 15.10.2011 - 21.10.2011 г

Менавіта так Мікола Сымонавіч Гіль ацэньваў нясмела-паспяховыя высілкі падшыванцаў”-журналістаў. Плойма іх узвілася з-пад моцнага гілёўскага крыла. Сярод “акрыленых” — і сённяшнія “культураўцы”...

/i/content/pi/cult/346/6498/pic_49.jpgДнямі ён вярнуўся на "зімоўку" з роднай Слабады, з упадабанага апошнім часам лецішча, дзе вольна, вусцішна, няма гарадскога тлуму і жыве памяць. Кажуць, там не толькі дошкі габляваў, але і выбудоўваў штосьці са слоў і радкоў. Мемуары? Не прызнаецца. Піша... Не можа Мікола Гіль не пісаць. І яму, неаспрэчна, ёсць што згадаць. Не толькі распавесці, але і сказаць. Пераканаўча, доказна, прынцыпова. На дзясятак non-fiction хопіць.

Мікола Гіль больш за паўвека таму скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, працаваў рэдактарам перадач для дзяцей на Мінскай студыі тэлебачання, літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела "Літаратуры і мастацтва", у рэдакцыях "Роднай прыроды" і "Маладосці", быў галоўным рэдактарам "ЛіМа", апошнія гады - першым намеснікам дырэктара РВУ "Культура і мастацтва", галоўным рэдактарам часопіса "Мастацтва"... Словам, патрыярх беларускай журналістыкі, які шмат бачыў, перажыў і адчуў. Не менш напісаў у публіцыстыцы і прозе. А чаго вартыя ягоныя вусныя віртуозныя расповеды, расцяганыя намі на цытаты!

Пад час кіравання часопісам "Мастацтва" Мікола Сымонавіч уражваў глыбіннымі ведамі пра патаемныя працэсы тэатральнага жыцця, кінавытворчасці, ён цудоўна арыентаваўся ў праблемах мастакоў і артыстаў, не абмяжоўваючыся сталічнымі постацямі.

Не менш плённа ён працаваў і на нашу газету. Сярод "культураўцаў" быў не толькі адным з кіраўнікоў, але і старэйшым таварышам з пашанотным статусам. Ён быў, так бы мовіць, прафесійным дарадцам, аналітыкам, энцыклапедыстам, знаўцам Беларусі, якую аб'ехаў з журналісцкімі камандзіроўкамі ўздоўж і ўпоперак, непаўторным прыдумшчыкам адмысловых газетных ідэй, "гарачых" тэм і афарыстычных, часцяком рыфмаваных, загалоўкаў. А яшчэ - увасабленнем справядлівасці, шляхетнасці, чалавечай цеплыні, хоць і нарадзіўся на "халоднага Міколу". Такім ён, дзякаваць Богу, застаецца для нас і па сёння. Ягоная "грамадская прыёмная" адкрытая для кожнага з нас. Як і рэдакцыі "Культуры" і "Мастацтва" - для яго. І гэта грэе ды ў чарговы раз акрыляе.

Мы шчыра віншуем нашага настаўніка з юбілеем, зычым яму моцнага здароўя і новых лёгкіх радкоў пра час, век, эпоху і "культураўскім" хорам кажам шаноўнаму Міколу Сымонавічу: "Малайчына!" А ён у адказ жартуе-аддзячвае:

- Жыццё з "Культурай" - алес гут,

А без яе - яму капут!

Хто аспрэчыць словы патрыярха?

Ад імя "культураўцаў" - Яўген РАГІН і Юрый ІВАНОЎ (фота)