Загадка “невядомага” з невядомымі, або "Складаная" прастата Дмахоўскага

№ 42 (1013) 15.10.2011 - 21.10.2011 г

Яго называлі "родным братам Напалеона Орды"

/i/content/pi/cult/346/6497/pic_46.jpgНескладаныя падлікі выявілі: постаць нашага сённяшняга героя - пяцідзясятае імя, якое адкрываем у рубрыцы "Вяртанне імёнаў". І іх, гэтых слаўных асоб у гісторыі беларускай выяўленчай культуры, невядомых сучасніку, яшчэ пакуль нямала...

А вось сучаснікі Вікенція Дмахоўскага называлі яго "Клод Ларэн віленскіх наваколляў". Сапраўды, яго пейзажы Гродзеншчыны і Віленшчыны родніць з карцінамі выдатнага француза XVII ст. ідылічны дух, цікавасць да той "складанай" прастаты, што дазваляе знаходзіць у штодзённым далікатную паэзію, своеасаблівую эмацыйную напоўненасць. Абодва яны стваралі варыяцыі класіцыстычнага "ідэальнага" пейзажа, дзе адзінства прасторы дасягалася праз найтанчэйшую прапрацоўку святлопаветранага асяроддзя.

Ну, яшчэ я магу прыгадаць і трошкі ранейшых за Ларэна мастакоў - Адама Эльсгаймера і Анібале Карачы (2-я палова XVI - пачатак XVII ст.), - пейзажы якіх чымсьці нагадваюць творы нашага Дмахоўскага па паэтычнасці, інтымнасці, "ідэальнай прыгажосці" вобраза прыроды і людзей. Дмахоўскі мог бачыць работы гэтых творцаў і ў Пецярбургу, і ў музеях Еўропы.

Але што важна? Дмахоўскі ўсё ж- мо першы мастак, які зрабіў беларускі пейзаж нацыянальна-класіцыстычным з налётам мяккага рамантызму і мелодыяй чароўнай ціхай, пастаральнай паэзіі. У гэтым плане карціна "На радзіме. Нагародавічы", намаляваная ў 1843 г., з'яўляецца вельмі характэрнай для пейзажнай творчасці нашага земляка. Прасторны фальваркавы двор, што патанае ў зялёнай траўцы і дробных рамонках; тут пасвяцца куры, плаваюць ля берега рачулкі гусі, сушацца рыбацкія сеткі, тырчыць драўляная ручка таптухі; пад наглядам нянек гуляюць панскія дзеці; удалечыні, злева, у карэтніку, - расчыненыя дзверы, праз якія відаць аглоблі брычкі, а справа, за галінкамі дрэва, - аднапавярховы прысадзісты будынак фальварка пад саламяным высокім дахам. І ўсё гэтае сялянскае "царства" абкружана ліпамі, клёнамі, таполямі, што імкнуцца ў высокае неба, і фруктовымі садамі ў самай глыбіні палатна... Словам, тыповая карцінка вясковага жыцця на Беларусі ў сярэдзіне XIX ст.

Той жа настрой, ціхі і патрыярхальны, мы бачым і ў карцінах "Ля пераправы", "Маёнтак у Тугановічах", дзе калісьці жыла Марыля Верашчака - муза Адама Міцкевіча. Гэтае месца, дарэчы, апісана ў "Пане Тадэвушы".

А вось "Пажар у лесе" - больш дынамічны "карцінны"/i/content/pi/cult/346/6497/pic_47.jpg пейзаж, чым іншыя творы такога жанру. Тут ужо няма звыклай ідылічнасці. Лясныя зараснікі ахутаны пажарам. Але чамусьці пана, уладальніка лесу, і лесніка, якія стаяць у цэнтры палатна, не вельмі непакоіць здарэнне: пройдзе дождж, і ўсё стане на месца. А лес... Лес вырасце новы.

 І яшчэ адзін пейзаж - "Начлег". Ля вогнішча - фігуркі пастухоў, і ў начным паўзмроку патанулі абрысы дрэў і азёр. І толькі адзінокі месяц, высвятляючы аблокі, плыве сваім, толькі яму вядомым, звыклым шляхам... І нават фігуратыўная карціна "Крыжаносцы асаджваюць крэпасць Пуня"- таксама больш эпічны пейзаж, чым уласна гісторыка-батальная кампазіцыя. Так, шмат людзей - рыцараў і коннікаў - на лясістым рачным беразе, выяўленым на пярэднім плане. Крэпасць жа - у глыбіні, на тым баку шырокай ракі, пад аблокамі агромнага неба, якія нясмела закрылі сонца... Але дзіўна: ніякай трывогі, ніякай драмы вайны тут не адчуваецца. Усё як бы будзённа, спакойна, так бы мовіць, паўсонна. Калісьці я бачыў гэты твор у Дзяржаўным мастацкім музеі Літвы, які тады мяне здзівіў нейкай неадпаведнасцю драматычнай тэмы з тым спакойнаідылічным яе адлюстраваннем. Дмахоўскі, мабыць, і сам адчуваў, што не яго справа - маляваць гістарычныя карціны, і таму пасля 1837 года, калі ён стварыў гэтае палатно, г. зн., адразу пасля эміграцыі, больш не вяртаўся да падобнага жанру. Яго лёс - гэта пейзаж: лірычны, эпічны, а таксама пейзажныя "вобразы" тых беларускіх гарадоў ды мястэчак, гісторыка-архітэктурныя помнікі якіх дайшлі да яго сучаснікаў разбураныя войнамі і прыроднымі стыхіямі...

Дык хто ж ён такі, гэты мастак, якога, на жаль, так мала ведаюць на яго радзіме ў Беларусі? І хаця ў 2005 годзе па эскізе Ю.Пеўнева ў нас быў выпушчаны канверт з маркай, прысвечаны "беларускаму жывапісцу і тэатральнаму дэкаратару" Вікенцію Дмахоўскаму тыражом 54 тысячы экзэмпляраў, усё роўна становішча мала змянілася: гэтага творцу амаль не ведаюць нават нашы сучасныя мастакі і мастацтвазнаўцы.

І зноў тая ж гісторыя, як і з іншымі "памежнымі" мастакамі падобнага лёсу: літоўцы лічаць яго "сваім", як, зрэшты, і палякі. Так, жыццёвы шлях мастака сапраўды неаднойчы перасякаўся з Літвой, Польшчай, ды і з Расіяй - таксама. Але нідзе ў іх мастацтвазнаўчых крыніцах не ўзгадваецца, што Дмахоўскі нарадзіўся на Гродзеншчыне і жыў менавіта на этнічнай зямлі Беларусі.

Дакладна не вядома, калі мастак нарадзіўся: ці то ў 1805-м, ці то ў 1807-м. Год і месца смерці - 1862-ы, Вільня. Але ёсць версія, што памёр творца ў Нагародавічах. З месяцам таксама няўвязка: 22 лютага (па новым стылі) або 18 сакавіка? Ды і наконт месца нараджэння - дзве версіі: вёска Нагародавічы і вёска Самішчы на Ашмяншчыне, абедзве- Гродзенскай губерні. На маю думку, менавіта Нагародавічы - яго малая радзіма, што сцвярджае хаця б тая самая карціна "На радзіме. Нагародавічы".

/i/content/pi/cult/346/6497/pic_48.jpgПра дзяцінства Вікенція канкрэтных звестак таксама няма. Бацька быў шляхцічам сярэдняй рукі. Дзеці з такіх сем'яў рана ўваходзілі ў самастойнае жыццё і, як правіла, атрымлівалі добрую адукацыю -ад навуковай і гуманітарнай да ваеннай і рэлігійнай. Вось і Вікенцій, як і дзясяткі яго аднагодкаў, абраў для пачатку Віленскі ўніверсітэт - факультэт літаратуры і вольных (прыгожых) мастацтваў, рэктарам якога тады быў прафесар Вацлаў Пелікан.

Дмахоўскі навучаўся ў прафесара жывапісу Яна Рустэма, ахвотна наведваў лекцыі гісторыка і пісьменніка Лявона Бароўскага, родам з Піншчыны, доктара тэалогіі і прафесара экзегетыкі і герменеўтыкі, знаўцы беларускага друкарства Міхаіла Баброўскага, гісторыка, архівіста і аўтара кніг пра ВКЛ, прафесара Ігната Анацэвіча, родам з Гродзеншчыны, прафесара філасофіі, логікі і псіхалогіі Аніёла Даўгірда, які ў сваіх лекцыях і кнігах па логіцы імкнуўся сумясціць ідэі класіцызму і рамантызму, блізкія нашаму герою.

Але Дмахоўскі ўніверсітэт не скончыў. Даследчык ягонага жыцця Леанід Дробаў памыляецца, калі піша, што "...мастак вучыўся ў Вільні ў часы філаматаў і філарэтаў", што, магчыма, "...ён быў членам адной з тайных студэнцкіх арганізацый або нават "...знал токмо об обществе том" і не данёс". Мо за гэта і трапіў у салдаты? Але ж Вікенцій паступіў ва ўніверсітэт у 1826-м, тады, калі суполка філаматаў (і ў яе складзе- філарэтаў) была разгромлена тры гады таму, а яе арганізатары і члены, у тым ліку Зан, Адынец, Міцкевіч, Дамейка, Чачот, арыштаваны... Хаця канешне ж, іх пазіцыя не магла не паўплываць на светапогляд маладога Дмахоўскага...

Далей Дробаў піша: "Ужо ў 1830-м Дмахоўскі быў у чыне падпаручніка 13-га ўланскага палка. У гэтым жа годзе грымнула паўстанне, і мастак прыняў у ім удзел". Але тут штосьці наблытана. Справа ў тым, што Дмахоўскі не мог быць оберафіцэрам - падпаручнікам з дзвюма зорачкамі на эпалетах і насіць сіні ўланскі мундзір з чырвонымі лацканамі і абшлагамі. Каб мець такі чын, ён мусіў спачатку скончыць кадэцкі корпус, атрымаць першае малодшае афіцэрскае званне прапаршчыка і толькі потым стаць падпаручнікам. А, як мы ведаем, Дмахоўскі да таго, як кінуў універсітэт (у 1829-м), ніякага дачынення да ваеннай справы не меў. Адкуль у Дробава такія даныя, сказаць складана: можа, выкарыстаў памылковую польскую ці літоўскую крыніцу? Канешне, трапіць у радавыя салдаты студэнт папросту мог, але ж- не ў обер-афіцэры! А мо я проста нешта не ведаю з гэтага "кавалачка" біяграфіі мастака канца 1820-х...

Відавочна адно: пасля паражэння паўстання Дмахоўскі вымушаны быў эмігрыраваць ва Усходнюю Прусію, дзе прабыў шэсць гадоў. Але, у адрозненне ад сваіх аднадумцаў - Адама Міцкевіча і Іяхіма Лялевеля - на радзіму вярнуўся адразу пасля абвяшчэння амністыі. Вярнуўся, каб цалкам прысвяціць сябе мастацтву. Жыў, у асноўным, у Вільні, але часта прыязджаў на Навагрудчыну, дзе маляваў кампазіцыйныя пейзажы, акварэлі і невялічкія жанравыя карціны з побыту мясцовых жыхароў. У той час творы мастака былі шырока распаўсюджаны ў Беларусі, Літве ды Польшчы, і лічылася за гонар набыць іх для прыватнай калекцыі. Акрамя таго, Дмахоўскі працаваў і як сцэнограф. Калі жыў у Вільні, на пачатку 1850-х, стварыў дэкарацыі да опер "Галька" С.Манюшкі, "Італьянка ў Алжыры" і "Фаварытка" Б.Даніцэці. Работы не захаваліся, але, паводле водгукаў сучаснікаў, яны былі вельмі таленавітымі.

Ды ўсё ж галоўным кірункам творчасці Дмахоўскага 1850-х гадоў стала стварэнне мемарыяльных пейзажаў з відамі разбураных гісторыка-архітэктурных помнікоў. У гэтым яму ахвотна садзейнічалі граф Яўстахій Тышкевіч, ініцыятар стварэння і старшыня Віленскай археалагічнай камісіі ды Музея старажытнасці, і Адам Кіркор, вядомы археолаг, этнограф, гісторык і публіцыст. Менавіта яны ўцягнулі мастака ў дзейнасць камісіі, якая ставіла сабе за мэту збор "...в одно целое древних книг, актов, рукописей, монет, медалей, оружия, надписей и снимков с оных, статуй и прочих предметов, относящихся к истории Западного края России", садзейнічанне "...сохранению памятников древности"... Кіркор напісаў шмат нарысаў пра беларускія і літоўскія гістарычныя помнікі, якія друкаваў у тамах ілюстраванага выдання "Живописная Россия" і якія суправаджаліся выдатнымі малюнкамі Дмахоўскага. Вось што ў 1854 г. пісаў А.Кіркор у артыкуле "Літоўскія старажытнасці": "Віленская губерня - цэнтр старажытнага Літоўскага княства - багацейшая за тыя-сія помнікі мінулага. Дзякуючы таленту віленскага мастака Вікенція Дмахоўскага нам удалося ўявіць хаця б некалькі з гэтых помнікаў". Гаворка - пра серыю відаў руін замкаў. Так, мастак "паапісваў" у сваіх жывапісных і графічных творах руіны Гальшанскага, Крэўскага, Тракайскага, Меднікайскага замкаў, руіны палаца Варвары, дачкі Юрыя Радзівіла і жонкі Сігізмунда Аўгуста, рэшткі віленскага касцёла XV ст. Святога Міхаіла і Пятніцкай царквы, заснаванай Марыяй - князёўнай Віцебскай, жонкай вялікага князя Альгерда, дзе Пётр I хрысціў Ганібала, дзеда А.Пушкіна...

Вось, скажам, гравюра "Руіны замка ў Лідзе", зробленая мастаком незадоўга да смерці. Тут выяўлены той самы замак, які на пачатку XVIII ст. разрабавалі шведы. Пейзаж - панарамны, у чымсьці падобны па кампазіцыі да акварэлі Юзэфа Пешкі "Лідскі замак", створанай за чатыры дзесяцігоддзі да таго. Восень. Замак - на процілеглым беразе Лідзейкі, якая пачынае зарастаць. На першым плане, справа, - дзве чалавечыя фігуркі, якія глядзяць на пабудову. Мастак праз святлоценявыя рэфлексы асаблівую ўвагу надае такім важным для яго дэталям, як вялікія і малыя праёмы ва ўсходніх і паўднёвых сценах замка, паўднёвыя ацалелыя байніцы, абліцовачныя паясы (аркатуры), данскеры і г. д. Словам, сапраўднае архітэктурнае даследаванне таго, што яшчэ ацалела ва ўраганах часу. І ў гэтых адносінах Вікенцій Дмахоўскі - родны брат Напалеона Орды.

Прыкладна ў 1840-х гадах быў напісаны акварэльны аўтапартрэт, мабыць, адзіны ў творчасці мастака ў гэтым жанры. Яго месцазнаходжанне невядомае і цяпер. Захавалася толькі чорна-белая рэпрадукцыя. Але якое святло, нават у манахромнай выяве, выпраменьвае гэты высакародны шляхетны твар, абрамлены мяккімі хвалістымі, акуратна прычасанымі валасамі на галаве і тыповымі для таго часу бакенбардамі! Тонкія вусны, правільны нос і погляд вачэй - не на гледача, а кудысьці ўбок: пільны, праніклівы, уважлівы...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"