Пятая пара года

№ 42 (1013) 15.10.2011 - 21.10.2011 г

У Малой зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва адбудзецца прэзентацыя праекта Сяргея Кажамякіна “5-я пара года”.

Сяргей Кажамякін, вядомы сваімі канцэптуальнымі работамі, прадстаўляе ўласнае бачанне жанру і вызначае яго як "ментальны пейзаж".

Аўтар абраў свой аб'ект даследавання, а больш дакладна - прастору, і за год стварыў свой ментальны пейзаж, якога не існуе. Дакладней, ён існуе, але, з прычыны сваёй невідочнасці, - выключна для таго, хто здольны яго ўбачыць.

У аснову праекта пакладзены каляндарны прынцып. Праца над праектам вялася цягам 2009 - 2010 гг. Месца, дзе праходзілі здымкі, знаходзіцца за дзесяць хвілін хады ад адміністрацыйнага цэнтра беларускай сталіцы. Аўтара натхніла адасобленая пустата гэтых мясцін, дзе быццам бы нічога не адбываецца. Аднак адбываецца якраз самае важнае - тое, што ляжыць у прыродзе нашага ўспрыняцця свету: свет стварае форму і робіць яе бачнай для нас.

Задача аўтара - простая: прысутнасць, сузіранне, фіксацыя, асэнсаванне, прэзентацыя. Творчы метад - фатаграфічны мінімалізм, які базіруецца на прынцыпах, няхітрая прамая фатаграфія.