Экспедыцыя па Палессі

№ 42 (1013) 15.10.2011 - 21.10.2011 г

У сталічнай Гарадской мастацкай галерэі твораў Леаніда Шчамялёва да канца кастрычніка экспануецца “Фатаграфічная экспедыцыя-3. Палессе”.

Удзельнікі праекта - фатографы Дзмітрый Кароль, Уладзімір Парфянок, Ігар Пешахонаў, Ігар Саўчанка - не ўпершыню выпраўляюцца ў даследчыцкую вандроўку, узброеныя камерамі.

Нагадаем, першая частка праекта прэзентавала гледачам мадэль падарожжа па турмаршруце, куды ўвайшлі такія перліны Беларусі, як Мір, Нясвіж, Крэва, Гальшаны... Наступны этап - вандроўка фотаквартэта па паўднёвым захадзе краіны з адлюстраваннем знакамітых Ружанаў, Косава, Слоніма, Сынкавічаў.

Трэцяя ж частка, якая экспануецца ў Галерэі твораў Леаніда Шчамялёва, апавядае пра аўтэнтычнае і пракаветнае Палессе. Як зазначаюць самі аўтары, вынік іх падарожжа - праз Тураў, Верасніцу, Навабярэжнае, Столін, Пінск, Закозель - не з'яўляецца проста "краязнаўчай фатаграфіяй". Фактычна, перад гледачом - сумесная экспазіцыя, складзеная з аўтарскіх міні-выставак, дзе становяцца відавочнымі жанравыя і стылістычныя ўпадабанні майстроў.