Комплекс подыума?

№ 42 (1013) 15.10.2011 - 21.10.2011 г

Авангардная мода на авангардным “Маманце”: “Крызіс production” або… ідэй?

Фестываль сучаснага мастацтва і авангарднай моды "Мамант", які прашоў сёлета ў дванаццаты раз, пакінуў самыя разнастайныя ўражанні. Па-першае, "Мамант2011" у гісторыі фэсту будзе атаясамлівацца з феерычным канцэртам Уладзіміра Чэкасіна - спецыяльнага госця і старшыні журы форуму, - пад час якога ва ўзорным выглядзе была прадэманстравана канцэпцыя форуму: як захапляльна і з густам можна спалучыць самыя розныя віды мастацтваў. 

Па-другое, сёлетняя калекцыяпераможца конкурсу дызайнераў - "Крызіс production" Яўгена Іванчыка - сталася ідэальным прыкладам "творчага пераасэнсавання рэчаіснасці" праз мастацтва моды. Галоўнымі вобразамі лініі Яўгена з'яўляліся... прадукты харчавання. Калекцыя была пададзена ў жартаўлівым ключы, ды ўсё не без уважлівага стаўлення да кожнай дэталі кожнага касцюма (дастаткова ўзгадаць першы выхад, які задаваў тон усёй калекцыі), выдаючы ў аўтары прафесіянала. Прызнанне работы журы і публікай засведчылі: у дадзеным выпадку авангардныя біўні "Маманта" па-ранейшаму заточаныя, а яго касмастая скура яшчэ здольная вытрываць і не такое. Ды ўсё ж... Пэўныя хваробы ў нашага "звера" выявіліся.

Варта адзначыць, што праграма "Маманта-2011" складалася яшчэ з шэрагу цікавых падзей. Упершыню быў праведзены конкурс відэаарту, дзе выбіраліся найлепшыя відэаінсталяцыі і відэаперформансы. Конкурс жа рэкламнай фатаграфіі, ініцыяваны генеральным спопнсарам фэсту - "Мінскім гадзіннікавым заводам", - яшчэ вызначыць сваіх пераможцаў напрыканцы лістапада. Не хочацца забыцца і на такія мерапрыемствы сёлетняга форуму, як майстар-клас згаданага ўжо Уладзіміра Чэкасіна "Тэхналогія харызмы", канцэрт Пятра Ялфімава...

Ды ўсё ж, вядома, галоўнай персонай на форуме з'яўляецца авангардная мода. І тое, у якім стане яна знаходзіцца сёння, уключаючы і сам фестываль "Мамант", дазволіла вызначыць сустрэча журы з аўтарамі калекцый. Фармат дыскусіі дазволіў спецыялістам выказацца ў больш вольным ключы, у прыватнасці, не толькі падкрэсліць вартасці і недахопы пэўных калекцый, але і пазначыць "болевыя кропкі" самога фэсту. Іншымі словамі, атрымаўся сапраўдны "круглы стол", на якім пабываў і карэспандэнт "К".

Юрый БУЦЬКО, дырэктар Фестывалю сучаснага мастацтва і авангарднай моды "Мамант":

- Нягледзячы на тое, што дызайнераў на нашу сустрэчу прыйшло не так шмат, мне хацелася б папрасіць журы выказаць свае меркаванні на конт убачаных калекцый і, магчыма, форуму ў цэлым. Што прыйшлося даспадобы, што не спадабалася?

Дзмітрый СУРСКІ, старшыня Беларускага саюза дызайнераў:

- На самым пачатку нараджэння "Маманта" я быў адным з заснавальнікаў гэтага фестывалю. У 1995 годзе ідэя стварэння падобнага форуму авангарднай моды аказалася надзвычай актуальнай. Падзея - вельмі цікавая. Тут можна было ўбачыць самыя разнастайныя і смелыя прапановы, задумкі. У той перыяд мы адкрылі Івана Айплатава, шэраг іншых дызайнераў... Фестываль у тыя часы развіваўся і віраваў. Сёння, за выключэннем некаторых калекцый, у адрозненне ад былых "Мамантаў", у мяне ўзнікла адчуванне, што сучасным дызайнерам, даруйце, няма чаго сказаць...

Іван АЙПЛАТАЎ, дызайнер, галоўны мастак Нацыянальнай школы прыгажосці:

- Згодны. Прычым справа нават не ў наяўнасці фінансаў ва ўдзельнікаў. Я памятаю калекцыю мінулых гадоў, якая, падаецца, называлася "Райскія яблычкі". Сэнс яе у тым, што мадэлі выходзілі з дошкамі і цвікамі. Яны адкусвалі яблык і прыбівалі яго на дошку - усё было вельмі проста, але ж - запамінальна. Ці згадаем калекцыю, калі дзяўчаты пад час дэфіле рабілі такі нечаканы рух, нібы цік, галавой, - проста захоплівала дух ад знаходкі! Гэты шэраг можна доўжыць... Сёння нічога падобнага, за выключэннем, паўтару словы Дзмітрыя Сурскага, некаторых адзінак, не заўважыў.

Тамара ГАНЧАРОВА, дырэктар мадэльнага агенцтва:

- Далучаюся. У выніку асноўная загана - адсутнасць выразнай думкі - нараджала цэлы комплекс непаразуменняў. Чаму калекцыя дэманструецца менавіта пад гэтую музыку? Чаму частка мадэлей - у абутку, частка - басан о ж ? Ч а м у яны менавіта так рухаюцца? У чым ідэя? Подыум - гэта своеасаблівы рэнтген, які высвечвае ўсе недапрацоўкі.

Эльвіра ЖВІКАВА, галоўны мастацкі кіраўнік Беларускага цэнтра моды:

- У дадзеным кантэксце хачу згадаць калекцыю, якая развівае тэму беларускага этнасу. Так, аўтар імкнуўся выказацца на актуальную тэматыку, але ў выніку не выйшаў за кола сімвалаў, якія ўжо даўно набілі аскому. Беларускі этнас - не толькі лён, пэўныя арнаментальныя матывы, саломка, карта мясцовасці, - гэтая тэма значна шырэйшая і глыбейшая. Каб выказацца на беларускую тэму, не абавязкова скочвацца ў банальнасці - можна прыдумаць штосьці цікавае і актуальнае.

Яўген ДУХАН, загадчык кафедры мастацтваў і Цэнтра візуальных мастацтваў і медыя Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ:

- Я хачу тут у тэму прывесці такі прыклад. Сёлета распрацоўваўся праект рэстарана пры Пасольстве Беларусі ў Расіі. Пад час працы над ім прапаноўваліся самыя розныя варыянты, якія адсылалі да беларускай культуры: тая ж выцінанка, арнамент... Але ў выніку аднымі таленавітымі аўтарамі быў прыдуманы такі сюжэт: туман. Яны прапанавалі паказаць Беларусь праз гэтую асаблівасць. Ідэя ўсім прыйшлася даспадобы, бо, з аднаго боку, яна досыць арыгінальная, а з іншага- мае непасрэднае дачыненне да Беларусі, нашага клімату. Таму згодны з Эльвірай, што беларуская тэма можа быць паднесена больш цікава. У цэлым, я чакаў ад "Маманта-2011" вострых жэстаў, дадаізму, радыкалізму, а ўбачыў, хутчэй, відовішча. Яшчэ адна плоскасць - гэта суаднесенасць касцюма і цела: касцюм як структура супраць цела. Я хацеў убачыць гэтае ўзамадзеянне: рытм, рух, пэўныя цялесныя практыкі, але ж, на жаль, атрымаў толькі шоу.

Тамара ГАНЧАРОВА:

- З іншага боку, гэта таксама няблага. У мяне засталіся станоўчыя адчуванні ад сёлетняга праекта. Свята ўсё ж адбылося, нягледзячы на ўсе "але".

Марына РАМАНОЎСКАЯ, намеснік генеральнага дырэктара Цэнтра культуры "Віцебск" па спецпраектах, дырэктар Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі:

- Безумоўна, трэба падзякаваць Юрыю за тое, што ён не здаецца і робіць у дадзенай сіутацыі ўсё, што можа. Як чалавек, які кіраваў "Белай амфарай", мае дачыненне да іншых форумаў, я разумею, што за цяжкасці вам даводзіцца пераадольваць. Ды ўсё ж пагаджуся з калегамі: "Мамант" не мусіць быць ілюстратыўным фэстам. Кожную сваю думку дызайнеры павінны прадумваць і дакладна даносіць. Мне не хапала правакацый, а гэты фестываль- менавіта авангардны, дзе падобныя рэчы - да месца і нават вітаюцца. Хацелася б, каб пра гэта памяталі. Ды і спалучэнне танца, музыкі, моды.... Учора мы маглі бачыць, як гэта можа працаваць, на канцэрце Уладзіміра Чэкасіна. Гэта было дзейства сусветнага класа! І мне хацелася б, каб канкурсанты раўняліся на падобны прыклад, не пакідаючы сабе падстаў для апраўданняў.

Уладзімір ЧЭКАСІН, музыкант, кампазітар, рэжысёр, прарэктар Вільнюскай кансерваторыі:

- Мне хацелася б звярнуць увагу дызайнераў на тое, што вы не павінны забываць: ваша дзеянне адбываецца ў часе. Мне было дастаткова ўбачыць першую мадэль - і я зразумеў, што будзе далей. Аніякай інтрыгі! Вядома, каб я ўбачыў фота вашай калекцыі, мне гэтага было б дастаткова. Але я знаходжуся ў зале і чакаю дзеі. Ад таго, наколькі вы валодаеце часам, наколькі яго адчуваеце, залежыць поспех вашай прэзентацыі.

Дзмітрый СУРСКІ:

- Мне падаецца, што "крызіс жанру", які мы ўсе адзначылі, звязаны, у тым ліку, з арганізацыйнымі момантамі. Нямала людзей сёння мысляць авангардна, такім чынам, да ўдзелу можна было б далучыць не толькі дызайнераў, але і архітэктараў, сцэнографаў - усіх, хто жадае паспрабаваць сябе ў авангардным мастацтве. Трэба зацікавіць прафесійную публіку, як было на тым жа мерапрыемстве "Валёнак", калі нават Уладзімір Цэслер не абмінуў увагай падзею.

Юрый БУЦЬКО:

- Усё ж такі прэстыж мерапрыемства залежыць наўпрост і ад фінансавых фондаў. Сёлета з пятнаццаці спонсараў, які планавалі паўдзельнічаць у "Маманце", ад нас адмовіліся амаль усе. І ўсё роўна фэст адбыўся. У яго конкурсе прынялі ўдзел дызайнеры і з рэгіёнаў... Лічу гэта нашым плюсам.

Іван АЙПЛАТАЎ:

 - А мне падаецца, што "Маманту" патрэбна больш арыентавацца на прафесіяналаў. Усё ж такі гэта фестываль авангарднага мастацтва, і належыць яго выводзіць з шэрагу мерапрыемства для студэнтаў, адмовіцца ад пэўных, арыентаваных на іншую аудыторыю, так бы мовіць, папсовых нумароў, зрабіць стаўку на прыцягненне крэатыўнай прафесійнай публікі, "адсекчы" лішняе...

Юрый БУЦЬКО:

- Але ж пэўная выхаваўчая функцыя мусіць заставацца за фэстам. Шмат хто з дызайнераў мне сёння сказаў, што яму адкрыліся вочы на авангардную моду. Ці ж гэта дрэнна?

Іван АЙПЛАТАЎ:

- Так, неабходна прывабліваць крэатыўную моладзь. Але няўжо ніхто са знаных дызайнераў не хоча "адарвацца"? "Мамант" - менавіта тая імпрэза, якая дазваляе гэта зрабіць. Калі заахвоціць спецыялістаў, прывязаць фэст да пэўнай міжнароднай падзеі, "Мамант" можа стаць рэнтабельным.

Яўген ДУХАН:

- Яшчэ цікавей было б зладзіць фестываль у пэўным неакадэмічным месцы, каб сваю ролю адыграла і прастора. Да прыкладу, выкарыстаць пэўныя закінутыя будынкі, фабрычныя цэхі...

Іван АЙПЛАТАЎ:

- Зрабіць "Мамант" Вудстокам!

Юрый БУЦЬКО:

- Усё гучыць вельмі цікава і прывабна, дзякуй за слушныя прапановы! Але давайце пачнём з прызавога фонду,- і ўжо ў студзені я паспрабую ім заняцца.

 

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"