Дзесяць плюс пяць плюс дыплом

№ 42 (1013) 15.10.2011 - 21.10.2011 г

Свет, убачаны сэрцам

/i/content/pi/cult/346/6492/pic_43.jpgНязменным поспехам карыстаюцца ў Гомелі традыцыйныя выстаўкі дыпломных работ выпускнікоў Гомельскага мастацкага вучылішча. Як правіла, яны праходзяць у Карціннай галерэі Г.Х. Вашчанкі. Сёлета першымі іх ўбачылі наведвальнікі Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна. Экспазіцыя выставачнай залы складалася з дзесяці жывапісных работ і пяці дызайнерскіх праектаў.

Гомельскаму мастацкаму вучылішчу споўнілася 22 гады. За гэты час падрыхтавана больш за 500 спецыялістаў - жывапісцаў, графікаў, скульптараў, дызайнераў, выкладчыкаў выяўленчага мастацтва. Выпускнікі працуюць на прадпрыемствах, ва ўстановах культуры, агульнаадукацыйных і спецыяльных навучальных установах.

З чатырнаццаці выкладчыкаў вучылішча дзесяць з'яўляюцца сябрамі Беларускага саюза мастакоў. Больш за 120 навучэнцаў скончылі або атрымліваюць вышэйшую адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, у іншых ВНУ Беларусі і Расіі, сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, атрымлівалі штогадовыя прэміі Гомельскага абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў, а таксама ўзнагароды на розных творчых міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах ды фестывалях.

З самых яркіх дасягненняў за мінулы навучальны год варта вылучыць паспяховы ўдзел Фёдара Шурмялёва ў ХХХ Міжнародным кінафестывалі, які быў арганізаваны Усерасійскім дзяржаўным універсітэтам кінематаграфіі імя С.А. Герасімава: анімацыйная работа "Жудасны выпадак" увайшла ў дваццатку найлепшых у сваёй намінацыі. У гэтым конкурсе было прадстаўлена больш за 40 школудзельніц з 26 краін!/i/content/pi/cult/346/6492/pic_44.jpg

"Сёння педагагічны калектыў вучылішча імкнецца падрыхтаваць такіх спецыялістаў, якія маглі б быць запатрабаванымі, а значыць - канкурыраваць у цяперашніх умовах, - разважае дырэктар Аляксандр Фядотаў. - Быць сучасным творцам - азначае мець развітое мастацкае бачанне і ўяўленне, развітое пачуццё каларыту. Аналіз існуючых метадаў навучання паказвае, што ўменню вырашаць мастацкія задачы неабходна навучаць "ужывую".

Дыпломныя творы выпускнікоў жывапіснага аддзялення 2011 года прадстаўлены на выстаўцы пад агульнай назвай "Свет, убачаны сэрцам". У вобразах адбываецца асэнсаванне сябе і навакольнага свету.

Вольга Кулакова дакранаецца да вытокаў духоўнасці: у кампазіцыі "Дзяды" яна стварае сімвалічную карціну Савета старэйшын. "Аўтапартрэт у інтэр'еры" Яўгеніі Самковай таксама паўстае як сімвал няпростых разважанняў пра час і пра сябе. Жанравыя кампазіцыі Вольгі Жукавец "Маці", Наталлі Шкраба "За вуглом", Карыны Кляшчовай "Пасля ціхай гадзіны", Вольгі Калугінай "Спячая прыгажуня" перадаюць адчуванне ціхай, мірнай утульнасці, душэўнага святла, што выпраменьваюць абліччы маці, дзяцей. Зачароўвае пластыкай і ўсходняй дэкаратыўнасцю "Танец" Валерыі Чудаевай. Уражваюць палітрай розных настрояў пейзажы "Парк восенню" Ліліі Палуян, "Сабор" Аліны Смалянчук, "Сярод лугоў, туманаў і дажджоў" Яны Стамброўскай.

Сярод дызайнерскіх праектаў вылучаецца інфармацыйны стэнд "Гомель", які распрацавала Таццяна Шэметава. Кожны з шасці планшэтаў ахоплівае розныя гістарычныя пласты, пачынаючы з 1142 года, калі Гомель упершыню быў згаданы ў летапісе. Жывую зацікаўленасць выклікалі і графічныя ілюстрацыі да розных літаратурных твораў аўтарства Святланы Дзянісавай, Аніты Ігнацьевай, Юліі Леанковай, Дыянісіі Лявонцьевай.

 Уражанні ад выстаўкі? Аўтары - яшчэ вельмі маладыя, іхні шлях - гэта пошук сваёй дарогі як у выяўленчым мастацтве, так і ў новым свеце з яго "дарослымі" паняццямі і адносінамі. Увогуле, трэба прызнаць: не было ў зале абыякавых да вобразаў, створаных выпускнікамі Гомельскага мастацкага вучылішча, - яны далі імпульс да разваг.

Алег АНАНЬЕЎ, намеснік дырэктара Гомельскай абласной бібліятэкі па сувязях з грамадскасцю, адказны сакратар Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў