Пагутарым з Ругенам?

№ 42 (1013) 15.10.2011 - 21.10.2011 г

Гарманічна і гістарычна

/i/content/pi/cult/346/6491/pic_42.jpgУ апошнія дзесяцігоддзі не толькі Беларусь адкрываецца свету, але і мы адкрываем свет. Больш за дваццаць гадоў выязджае ў Германію і піша тамтэйшыя краявіды ды партрэты людзей беларускі жывапісец, прафесар кафедры малюнка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Васіль Ясюк.

Ён прымаў удзел у арганізаваных нямецкімі мастакамі міжнародных пленэрах, зладзіў колькі персанальных выставак.

Сёлета Васіль Ясюк вандраваў па востраве Руген. Мяркуючы па творах, якія будуць экспанавацца ў Германіі на выстаўцы ў кастрычніку, больш за ўсё мастака прывабілі гістарычныя матывы: царква ў Гінце, ратуша ў Бергене, тэатр у Путбуі ды іншыя.

- Тамтэйшая прырода - суровая і, адначасова, вельмі далікатная. Асабліва ўражвае, як гарманічна і натуральна ўпісваюцца ў краявіды ўсе гістарычныя помнікі, - распавядае мастак. - Часам здаецца, што тое або іншае збудаванне літаральна вырастае з асяроддзя. Людзі з вялікай пашанай ставяцца да сваёй гісторыі і прыроды. I ў сваіх творах мне хацелася перадаць сам дух тых цудоўных мясцін. Я вельмі люблю нашу Беларусь. Але ўсё пазнаецца ў параўнанні. I чым больш вандруеш, тым вастрэй адчуваеш унікальнасць кожнага краявіду, кожнага гістарычнага помніка, бачыш, як уплывае прырода на жыццё, побыт людзей. Каб стаць сапраўднымі сябрамі з далёкімі і блізкімі нашымі суседзямі па планеце, трэба больш падарожнічаць, дзяліцца адно з адным уражаннямі, ладзіць сумесныя пленэры і выстаўкі...

Цяпер персанальная экспазіцыя Васіля Ясюка з 30 твораў жывапісу працуе ў мастацкай галерэі г. Бінц, зямля Мекленбург-Форпрамэн.

Востраў Руген штогадова наведваюць каля двух мільёнаў турыстаў, так што многія з іх выстаўку нашага мастака не абмінуць...