Рэальныя віртуальныя дэміургі

№ 42 (1013) 15.10.2011 - 21.10.2011 г

Прыглядаючыся да “цудаў свету”

/i/content/pi/cult/346/6489/pic_36.jpgСёлетняй мінскай тэатральнай восені можа пазайздросціць любая сталіца: цэлых пяць буйных творчых форумаў прапануе яна прыхільнікам сцэнічнага мастацтва. І гэтая творчая пераемнасць не можа не радаваць: не паспелі адгучаць фінальныя фанфары Нацыянальнай тэатральнай прэміі, як "заслону" адкрыў Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ", імпрэзы якога будуць доўжыцца цягам усяго кастрычніка. "Сем краін - сем цудаў свету" - пад такім дэвізам арганізатары падышлі да фарміравання сёлетняй фестывальнай афішы.

Пра "цуд" пад назвай "прыбалтыйская рэжысура" ў апошнія некалькі дзесяцігоддзяў не казаў толькі лянівы. Трывалы феномен таго, як рэжысёры з гэтых краін раз за разам прымушаюць гаварыць пра сябе, ствараючы аўру адмысловасці і няўлоўнасці "іх" тэатра, не можа не прыцягваць да сябе. І кожны тэатрал марыць разгадаць гэты "сакрэт", разлічваючы, што такім чынам яму адкрыецца і сама таямніца тэатральнага мастацтва.

Латыш Алвіс Херманіс з "Гукамі цішыні" Новага Рыжскага тэатра і літовец Оскарас Каршуновас з "Гамлетам" ОКТ/Вільнюскага гарадскога тэатра - два гэтыя імені з афішы "ТЭАРТу" нязменна выклікаюць у колах беларускіх прыхільнікаў тэатральнага мастацтва трапяткое чаканне. І, разам з тым, гэтак жа "традыцыйна" расколваюць аўдыторыю на тых, хто з захапленнем распавядае потым пра ўбачанае, і шалёных "барацьбітоў" за прызнанне таго, што "нічога гэткага" ў іхніх спектаклях няма. А, між іншым, кожны - удалы ўзор для таго, каб паразважаць, у якім накірунку ў ХХІ стагоддзі развіваецца сучаснае рэжысёрскае мастацтва.

Спектакль "Гукі цішыні" Алвіса Херманіса - гэта /i/content/pi/cult/346/6489/pic_37.jpgпрыклад таго, як зададзеная рэжысёрам тэма развіваецца на сцэне дзякуючы эцюднаму метаду працы. Рэжысёр нібыта задае сваім акцёрам жорсткую сістэму каардынат: заглыбленне ў атмасферу канца 60-х гадоў, музыку "Бітлз" і спроба перадаць эвалюцыю, якую пражываюць звычайныя хлопцы і дзяўчаты таго часу. Аднак найважнейшым рэжысёрскім прынцыпам, на якім Херманіс будуе гэты і іншыя свае спектаклі,- перакананне: у першую чаргу глядач павінен не ўбачыць і зразумець час і свет герояў, а- адчуць іх. Гэта дасягаецца за кошт увядзення ў спектакль разнастайных рэальных прадметаў пэўнага перыяду, што выступаюць ні ў якім разе не як рэквізіт, а- у якасці дзейных асоб спектакля, такіх жа паўнапраўных, як і выканаўцы роляў. Старая кінакамера, дыяпраектар, зэдлікі, электрапліта, чамадан, прайгравальнік...- усе яны быццам бы ажываюць на сцэне: рэжысёр не проста дэманструе іх нам, абазначаючы такім чынам эпоху. Кожная з рэчаў выкарыстоўваецца па сваім прамым прызначэнні, і гэта стварае дзівоснае адчуванне пагружэння ў час і свет тых прадметаў, дзе ўсё - па-сапраўднаму, жыва і наіўнашчыра.

Такая густанаселенасць прасторы спектакля рэальным светам рэчаў надзвычайна ўскладняе акцёрам іх існаванне на сцэне. Аднак менавіта гэта ж і спараджае тую праўду існавання, якая так зачароўвае гледача. Не сакрэт, што ў сучасным тэатры вельмі часта - да месца і не - рэжысёры любяць ставіць перад акцёрамі задачу "сыграць атмасферу", і гэта тым часцей назіраецца, чым больш рэжысёр намагаецца прыхаваць уласныя сцэнічныя "дзіркі". Але Херманіс ідзе зусім іншым шляхам: свет ягоных спектакляў набывае атмасферную і эмацыйную афарбоўку менавіта за кошт гульні вакол рэальнасці прасторы ўнутры пастаноўкі. І вось ужо дзякуючы рэжысёрскаму "чарадзейству" сапраўднасць шклянога слоіка спараджае веру ў рэальнасць, праўдзівасць таго свету, які ўзнікае ў спектаклі "Гукі цішыні".

/i/content/pi/cult/346/6489/pic_38.jpgУвогуле, тэатральныя рэжысёры на пераломе стагоддзяў выйшлі ў сваім статусе за рамкі інтэрпрэтатараў драматургічных тэкстаў. Актыўная экспансія ў свет спажыўцоў камп'ютарных і мультымедыйных тэхналогій натуральным чынам прывяла да таго, што і тэатр становіцца месцам, дзе на сцэне ўзнікаюць новыя светы. Такія, у якіх віртуальнасць, "несапраўднасць" іх прыроды спалучаецца і пераплятаецца з рэальнасцю ды зайздроснай падрабязнасцю існавання. Калі Алвіс Херманіс сваімі спектаклямі ненавязліва прапаноўвае гледачам пабыць у ролі старонніх назіральнікаў, то рэжысёрскай манеры Оскараса Каршуноваса ўласціва актыўная пазіцыя: ён, бы дэміург, уцягвае нас у свет сваіх герояў, не пакідаючы аніякага шанцу застацца па-за ім. Дакладна прадуманая і пралічаная структура сцэнічнай прасторы спектакля - быццам матрыца, у якой для кожнай з'явы і дзеі, думкі і слова маецца свой кластар. Так што глядач апынаецца ў добраахвотным палоне чарады рэжысёрскіх прыдумак і рашэнняў.

Любая сцэнічная сітуацыя мусіць мець форму свайго рашэння, а спектакль - гэта шэраг прыёмаў, дзякуючы якім крок за крокам рэжысёр раскрывае ўласнае бачанне драматургічнага матэрыялу. У выпадку з шэкспіраўскім "Гамлетам" для Каршуноваса структураўтваральнай стала ідэя ўвасаблення на сцэне не персанажаў, а- іх адлюстраванняў. "Хто ты?" - гэтае пытанне, агучанае на розныя галасы на самым пачатку спектакля, здаецца, не перастае гучаць на працягу ўсіх трох гадзін сцэнічнага часу. Перад намі не шэкспіраўскія героі, а- маскі, рэзка акрэсленыя тэатральным грымам, адбіткі ў люстэрках грымёрных столікаў, што "размаўляюць" з залай тады, калі акцёры прамаўляюць маналогі спінай да нас... Пазнавальныя адсылкі да сучаснай гламурызаванай мас-культуры спалучаюцца са свядомай "стэрылізацыяй" сцэнічнай прасторы ад якіх-кольвечы пазнак канкрэтнага гістарычнага часу.

Спектакль складваецца не з сэнсаў і тэкстаў, што прамаўляюць персанажы,- яго фарміруе тое напластаванне адсылак і алюзій, якія кожны з гледачоў, у залежнасці ад уласнай падрыхтаванасці, здольны счытваць і складваць у тэатральны наратыў. І менавіта гэткім чынам Каршуновас фарміруе сваю тэатральную атмасферу - пастаяннага руху, дынамікі, - якая, аднак, вельмі часта з'яўляецца "рэччу ў сабе" і выяўляе ўнутраны стан не столькі сцэнічных персанажаў, колькі тых людзей, якія з заміраннем сочаць за імі з цемры глядзельнай залы.

Перспектыва дэміургічнай рэжысуры - пра гэта сёння ўжо не кажуць як пра з'яву "фантастычную" ды неверагодную. І тое, што спектаклі "Гукі цішыні" і "Гамлет" ў рамках "ТЭАРТу" далі падставы беларускім тэатралам убачыць іх менавіта на фоне лепшых айчынных пастановак, прадстаўленых у рамках Нацыянальнай тэатральнай прэміі,- удалая сітуацыя, якая, упэўнена, стварае прэцэдэнт для таго, каб зразумець, наколькі багатае і папраўдзе бяздоннае ў сваіх формах існавання і выяўленчых сродках тэатральнае мастацтва.

На здымках: сцэны са спектакляў "Гамлет" і "Гукі цішыні".

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА