Спіраль, якая заўсёды ноу-хау

№ 42 (1013) 15.10.2011 - 21.10.2011 г

Колькі ж важыць Тэрпсіхора?, або Найпершая заслуга Нацыянальнай тэатральнай прэміі

/i/content/pi/cult/346/6488/pic_29.jpgБеларусь цяпер таксама мае сваю Нацыянальную тэатральную прэмію- з усім шлейфам зорных россыпаў у выглядзе "чырвонай дарожкі", па якой творцы ўзносяцца да вяршынь славы, інтрыгі, што працягваецца акурат да ўскрыцця канвертаў з імёнамі пераможцаў непасрэдна на сцэне ў час узнагароджання, памятных статуэтак - важкіх, каб адчувалася сама творчая вага... Вынікі "тэатральна-прэміяльнага" марафону былі падведзены 10 кастрычніка, а рэха гэтай падзеі будзе асвятляць шлях да наступнай такой урачыстасці. Самы час не толькі ўзгадаць нядаўнія- па сутнасці, гістарычныя - імгненні, але і паразважаць пра вынікі.

/i/content/pi/cult/346/6488/pic_30.jpg

Аптымісты яшчэ доўга будуць распавядаць, як Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі напоўніўся тэатральным бамондам у вячэрніх строях (маўляў, я іх усіх бачыў - вось як цябе!). Як цудоўна, што спецыяльныя ўзнагароды Міністэрства культуры "За ўклад у тэатральнае мастацтва Беларусі" атрымалі славутыя народныя артысты СССР Тамара Ніжнікава, Расціслаў Янкоўскі, Генадзь Аўсяннікаў, Валянцін Елізар'еў. Якім незабыўным стаўся канцэрт, дзе з'ядналіся жанры оперы, балета, мюзікла, песні. Песімісты ды скептыкі дададуць "перцу" наконт прахалоднай тэмпературы ў час "чырвонасцежнага" шпацыру на Парнас. Згадаюць, што ніякавата слухалася фінальная песня пасля магутнай сцэны з "Аіды". Але ўсё гэта- знешнія рысы, якія лёгка падкарэкціруюцца "бесхірургічным" касметычным шляхам, простай спрактыкаванасцю, што, безумоўна, прыйдзе пры наступным правядзенні такога конкурсу.

/i/content/pi/cult/346/6488/pic_31.jpgАрганізатары ўжо зараз пераканаліся ў неабходнасці далейшага ўдасканалення і конкурсных умоў, і працэдуры вызначэння лепшых. І звяртаць увагу на ўсе гэтыя відавочныя "дробязі" - значыць, адцягнуць яе ад куды больш глыбінных праблем развіцця нашага тэатральнага мастацтва. А між тым, найпершая заслуга гэтай прэміі менавіта ў тым, што яна іх узняла: 12 спектакляў запар, цягам шасці дзён, далі магчымасць убачыць пэўныя тэндэнцыі.

Радуе беспамылковае вызначэнне лепшага рэжысёра-пастаноўшчыка- гэта, бясспрэчна, Аляксей Ляляўскі, які ў лялечных "Трох сёстрах" А.Чэхава, закамуфляваных пад "імпартную" назву "Драй швэстэрн", вымусіў нас і пасмяяцца, і задумацца. Ды так, каб думкі сталі жывой істотай. Цудоўна, што лепшым выканаўцам мужчынскай ролі быў прызнаны найталенавіты, віртуозны Павел Харланчук-Южакоў: на ім адным трымалася ўся камедыя становішчаў Р.Куні, якая наогул патрабуе бездакорнай ансамблевай ігры, своеасаблівага "спаборніцтва салістаў". Добра, што прэмію за лепшы спектакль падзялілі з "Набука": гэта стала знакам прызнання ўсім оперным артыстам (і асабліва- Станіславу Трыфанаву ды Ніне Шарубінай, вылучаным за найскладаныя оперныя партыі).

/i/content/pi/cult/346/6488/pic_32.jpgШкада, што не была прадугледжана прэмія за лепшае пластычнае рашэнне, бо яе, безумоўна, магла б атрымаць харэограф Наталля Фурман (спектакль "№ 13" Тэатра-студыі кінаакцёра). А яшчэ адным відавочным прэтэндэнтам стаў бы малады і перспектыўны Яўген Карняг ("Эсфір" Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага). Яшчэ больш шкада, што не было намінацыі з фармулёўкай кшталту "За творчы ўнёсак": яе даўно заслужыў кампазітар Уладзімір Кандрусевіч, больш за якога ніхто не "амузычвае" наша тэатральнае мастацтва. Таксама вельмі шкада, што ў бюлетэнях для галасавання не аказалася намінацыі "За лепшую арыгінальную беларускую драматургію". Уладальнікам гэтай прэміі, мяркую, павінен быў стаць Сяргей Кавалёў: яго "Магічнае люстра пана Твардоўскага", пастаўленае гродзенскімі лялечнікамі, не мела канкурэнтаў.

/i/content/pi/cult/346/6488/pic_35.jpgАбсалютна заканамерна, што прэміі амаль ва ўсіх намінацыях узялі купалаўцы: за лепшы спектакль ("Не мой" паводле Алеся Адамовіча), за лепшую сучасную беларускую пастаноўку (Аляксандр Гарцуеў), за лепшую жаночую ролю (Святлана Анікей), за лепшую сцэнаграфію (Барыс Герлаван і мастак па касцюмах Алена Ігруша), за лепшую музыку (Алег Хадоска). Апошняя ўзнагарода заслугоўвае асобных слоў. Здавалася б, што можа быць прасцей? Нават не праславутыя "сем нот", а ўсяго шэсць: спачатку ўніз, па гуках звычайнай мінорнай гамы, потым - уверх. Але ў іх адлюстравалася ўсё: і сарамлівы дотык першага кахання, і няўмольная бязвыхаднасць, і нямое пытанне, на якое няма адказу, і ўласна музычная асацыятыўнасць, пададзеная не плакатна, а максімальна "зрэтушавана" - ад сыходзячай гамы Па-дэ-дэ са "Шчаўкунка" П.Чайкоўскага да песні М.Блантэра паводле К.Сіманава "Жди меня". Простая, запамінальная тэма (нават не мелодыя - матыў) - і сапраўднае не толькі тэатральнае, а яшчэ і сімфанічнае мысленне без аніякіх прэтэнзій на псеўдасімфанічную "магутнасць разгорту". Строгае абмежаванне выразных сродкаў - і сапраўдная бязмежнасць, але без эклектыкі. А ўсё таму, што за тымі "шасцю нотамі" хаваўся ўдумлівы прафесіянал, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, на рахунку якога - чатыры сімфоніі, тры оперы, два балеты, шэраг буйных духоўных харавых партытур і іншых значных твораў.

Спектакль "Не мой" - сапраўды ўдалы, надзвычай стыльны, гарманічны. А да таго ж, скрозь наш, беларускі - родны і блізкі. Тут і зварот да тэмы вайны, вырашанай у пранізлівым трагедыйным плане, без чорна-белага падзелу на "дрэнных" і "добрых". І тонкі псіхалагізм замест пераможнай эпікі, па-быкаўску і па-адамовічаўску абвостраная праблема маральнага выбару, якая датычыцца кожнага героя, адшліфаваныя рэалістычныя фарбы, памножаныя на яркую мастацкую сімволіку. Адзначым і выразную, "гаваркую" сцэнаграфію (адна толькі сцэна дагараючай вёскі чаго вартая!), удала знойдзены прыём "спыненых імгненняў", занатаваных на фота. І, дарэчы, сапраўдны прафесіяналізм - ва ўсіх складніках пастаноўкі, пачынаючы ад добра распрацаванага рэжысёрам акцёрскага ансамбля (яшчэ адну прэмію за лепшую жаночую ролю вельмі хацелася аддаць Тамары Міронавай).

Вось толькі... Спакою не дае адно "але". Спектакль працягвае лепшыя традыцыі купалаўцаў 1970 - 80-х гадоў. І ў той час пастановак, падобных да гэтай, у Купалаўскім тэатры было мноства! Тое, што ў свой час з'яўлялася "прафесійнай нормай", сёння ўспрымаецца чымсьці неардынарным? А між тым, так і ёсць. Колькі б ні казалі крытыкі пра зніжэнне эстэтычных крытэрыяў, прыстасаванне пад густы публікі ды іншыя заганы цяперашняга айчыннага тэатральнага мастацтва, усё гэта ўспрымалася не больш, як "бурчанне". Аказалася ж- праўда. І тое, што феерверкам прызоў адзначана, па сутнасці, не ноухау, а вяртанне да традыцыі, - таксама сімптом. Мабыць, і сапраўды наспеў час параўнаць цяперашнія дасягненні з планкай "былых нарматываў"? І не проста параўнаць! Вярнуўшыся да "таго, што раньш было", адштурхнуцца ад яго, як ад пачатковай асновы, - і наноў рушыць наперад. Такія "вяртанні" ў мастацтве даследчыкі называюць парознаму: развіццём па спіралі, тэорыяй хваляў, прынцыпам "дагаворвання". Галоўнае - нават не "дагаварыць", а сказаць. Дакладней - выказаць думку. Бо пульсуючая, жывая думка - заўсёды ноу-хау.

Ды ўсё ж, лічу, канчаткова вынікі Нацыянальнай тэатральнай прэміі былі прааналізаваны не ў дзень урачыстага ўручэння ўзнагарод, а... назаўтра. Менавіта - на вільнюскім спектаклі "Гамлет" у пастаноўцы Оскараса Каршуноваса. Гэты "Гамлет" стаў тым "чароўным люстрам", зірнуўшы ў якое, можна было ўбачыць, на якім рэальным узроўні, у параўнанні з сусветнымі тэатральнымі дасягненнямі, палягаюць нашы. І колькі рэальна прыступак трэба пераадолець, разбіўшы ногі ў кроў (а чаму ж, як вы думаеце, "зорныя дарожкі" - чырвоныя?), каб дабрацца да сапраўднага Парнаса.

Фота Юрыя ІВАНОВА