“Люты” ў кастрычніку

№ 42 (1013) 15.10.2011 - 21.10.2011 г

Учора народны артыст Беларусі Валянцін Дудкевіч адзначыў 50-годдзе творчай дзейнасці. Роўна палова — 25 гадоў працы — аддадзены Дзяржаўнаму ансамблю танца, сольнік якога на сцэне сталічнай філармоніі стаў сапраўдным святам.

/i/content/pi/cult/346/6487/pic_27.jpgМайстар, якому споўнілася 68, поўны новых праектаў і ідэй. Свой дзень нараджэння ён справіў творчым вечарам у Быхаве - у рамках Міжнароднага музычнага фестываля "Залаты шлягер2011". А напярэдадні, як заўсёды, пазнаёміў журналістаў і балетных крытыкаў са сваімі новымі кампазіцыямі. Юбілейны канцэрт упрыгожылі дзве прэм'еры- "Дайнова" і "Люцічы". Разам з крыху ранейшымі "Крывічамі", якімі, паводле традыцыі, сталі адкрывацца выступленні ансамбля, яны складаюць новы кірунак дзейнасці калектыву - гэткае асучасненае этна, заснаванае на максімальна далёкай архаіцы. "Гэта эксперымент нават для мяне", - кажа Валянцін Уладзіміравіч. Калі ў "Дайнове" быў адшуканы свой, уласны, "прыбалтыйскі крок" з вертыкальным шпагатам, а ўвесь нумар ператварыўся ў сюіту з некалькіх кантрасных па пластыцы частак, дык "Люцічы" аднавілі стыхію язычніцтва. Гэта выключна мужчынскі нумар - брутальны, шаманскі, папраўдзе "люты", дзе барабан і кійкі, якімі артысты грукаюць аб падлогу, становяцца такімі ж "дзейнымі асобамі".

Усё гэта яшчэ больш/i/content/pi/cult/346/6487/pic_28.jpg падкрэсліць славутую дудкевічаўскую лірыку, класічным прыкладам якой могуць лічыцца тыя ж "Арэлі". Апошнім часам у іх саліруе кранальная Вольга Галавач, і гэта надае нумару яшчэ больш трапяткой адухоўленасці. "Мой гонар - склад ансамбля. Харэограф моцна залежыць ад выканаўцаў, галоўнае для яго - не толькі сабраць вакол сябе добрых выканаўцаў, але і ўтрымаць іх. Калі не грашыма - значыць, творчасцю".

Праз колькі дзён пасля ўрачыстасці калектыў выправіцца ў Бразілію, дзе дасць ажно 25 канцэртаў. Праз нейкі час - паедзе ў Кітай. Шчыльны графік замежных гастролей - з'ява для ансамбля звыклая. Многіх яго салістаў замежнікі ведаюць па імёнах. І складаючы кантракты, просяць, каб абавязкова ўзялі іх у паездку. А галоўнае- словазлучэнне "ансамбль танца Беларусі" вывучылі ледзь не на ўсіх мовах свету!..

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"