Акадэмія важнейшая за конкурс?

№ 42 (1013) 15.10.2011 - 21.10.2011 г

Адукацыйны тыдзень у фестывальнай школе

/i/content/pi/cult/346/6485/pic_24.jpgУрачыстым уручэннем дыпломаў і канцэртнай праграмай у Беларускай дзяржаўнай філармоніі завяршылася ІІІ Маладзёжная музычная акадэмія краін СНД.

Яна праходзіла пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД і сабрала больш як 30 маладых музыкантаў з дзесяці краін: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана, Украіны. Ёсць планы далучыць і тыя дзяржавы, што не ўваходзяць у СНД: тую ж Грузію, краіны Прыбалтыкі.

Сёлета Акадэмія аказалася больш прадстаўнічай не толькі па к о л ь к а с ц і ўдзельнікаў, але і спецыяльнасцей. Да леташніх скрыпкі, альта, віяланчэлі, фартэпіяна, сольных спеваў і камернага ансамбля далучыліся таксама кларнет і ўдарныя. Трэба спадзявацца, з часам з'явяцца і майстар-класы па медных духавых.

Склад "педагагічнай дэлегацыі" арганізатары штогод узгадняюць з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі, на базе якой праводзяцца заняткі. З тым жа кларнетам, як высветлілася, ёсць праблемы ў Таджыкістане: там яго практычна перасталі выкладаць. Палепшылася арганізацыя майстар-класаў: адпаведна з раскладам заняткаў, у Акадэміі музыкі вылучалася больш аўдыторый для сустрэч з педагогамі і для самастойнай працы. Як заўсёды, Маладзёжную акадэмію асвятляла каля дзясятка і расійскіх журналістаў ды мастацкіх крытыкаў, якія былі ўражаны ўзроўнем нашай выканальніцкай школы.

Удзельнікі Акадэміі далі тры канцэрты: на сцэне БДАМ, у Гомельскім палацава-паркавым ансамблі Румянцавых і Паскевічаў і ў Белдзяржфілармоніі. Прычым гэта былі тры розныя праграмы, бо арганізатары імкнуліся, каб выступіла як мага больш выканаўцаў. Некаторыя былі задзейнічаны ў розных складах - сольна і ў камерным ансамблі. Расійскія госці адразу адзначылі дзвюх скрыпачак: 16-гадовую Нілуфар Мухіддзінаву з Узбекістана і нашу студэнтку 4-га курса БДАМ Кацярыну Пукст. Калі ў першай з іх яшчэ толькі прамалёўваюцца рысы будучай зоркі, дык другая паўстала сапраўдным "дарослым" майстрам без аніякіх скідак на навучэнства. Праўда, займацца ёй для гэтага давялося багата: Каця ўжо другі раз удзельнічала ў Маладзёжнай акадэміі, а ўвесну цэлы месяц правяла ў Маскоўскай кансерваторыі, дзе працягвала назапашваць веды і вопыт. Гэтая стажыроўка сталася магчымай дзякуючы пагадненням паміж навучальнымі ўстановамі і падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі.

- Усё роўна хочацца працягу! - узрушана кажа Каця Пукст, узгадваючы заняткі з дацэнтам Аляксандрам Трасцянскім. - Той месяц у Маскве - папраўдзе незабыўны! У мяне была магчымасць наведваць класы розных выкладчыкаў і ад кожнага выносіць тое, што будзе мне блізкім. Шмат уражанняў засталося не толькі ўласна ад заняткаў, але і ад канцэртаў, якія я наведвала. Кожны вечар - абмеркаванні пачутага. Таму цяперашняя Маладзёжная акадэмія сталася для мяне натуральным працягам тых заняткаў. Майстар-класы, насамрэч, тады маюць сэнс, калі яны ахопліваюць час больш працяглы, чым некалькі гадзін...

- Такі "адукацыйны тыдзень", - лічыць рэктар БДАМ, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Кацярына Дулава,- з'ява для нас папраўдзе ўнікальная, бо сутнасць Маладзёжнай акадэміі - захаваць найлепшыя традыцыі непарыўнай адукацыі. А самае галоўнае тое, што моладзь пад час такіх сумесных праектаў пачынае сябраваць...

Невыпадкова сёлета ўзнікла яшчэ і Дзіцячая акадэмія, якая прызначалася для вучняў дзіцячых музычных школ краін СНД і праводзілася ў Самары, таксама пры перапоўненых залах. Не выключана, што наступныя дзіцячыя майстар-класы пройдуць у Беларусі: так спадабалася ў нас арганізатарам, гасцям і ўдзельнікам Маладзёжных акадэмій.

- Правядзенне такіх акадэмій,- прызнаўся Юрый Башмет,- цудоўная ідэя, якую мне заўсёды хацелася ажыццявіць. У былыя дзесяцігоддзі савецкая выканальніцкая школа, асабліва скрыпічная, ва ўсім свеце лічылася адной з наймацнейшых. Пры гэтым яна падзялялася на маскоўскую і пецярбургскую, якія мелі свае адрозненні. Апошняя, да прыкладу, вызначалася больш хуткай і актыўнай вібрацыяй. Сёння лепшыя расійскія музыканты і педагогі выкладаюць па ўсім свеце. Але н е л ь г а страчваць традыцыі на постсавецкай культурнай прасторы. Вы толькі ўдумайцеся: сёння ва ўсёй Ленінградскай вобласці толькі ў адной дзіцячай музычнай школе застаўся клас альта! Дык вось, дзеля падтрымкі таленавітай моладзі і ладзяцца падобныя майстар-класы...

Дарэчы, толькі ў свой цяперашні прыезд Юрый Башмет прызнаўся, што яго сувязі з Беларуссю насамрэч куды больш глыбокія. У юнацтве ў яго быў перыяд зацікаўленасці скрыпкай, і калі ён набыў сабе інструмент, аказалася, што той - "родам" з Мінска: яго прадаваў вядомы беларускі музыкант...

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"