БАСТРЫКАЎ Юрый Георгіевіч

№ 42 (1013) 15.10.2011 - 21.10.2011 г

Беларускае музычнае мастацтва панесла цяжкую страту. 8 кастрычніка 2011 года на 75 годзе пайшоў з жыцця народны артыст Беларусі, саліст оперы БАСТРЫКАЎ Юрый Георгіевіч.

/i/content/pi/cult/346/6484/pic_23.jpgБастрыкаў Ю.Г. нарадзіўся 8 красавіка 1937 года ў г. Екацерынбургу.

Скончыў Уральскую дзяржаўную кансерваторыю імя М.П. Мусаргскага ў 1966 г. і пачаў работу ў якасці саліста оперы Свярдлоўскага акадэмічнага тэатра оперы і балета.

Але больш за 30 гадоў - з 1969 па 2002-і - Бастрыкаў Ю.Г. аддаў служэнню Нацыянальнаму акадэмічнаму Вялікаму тэатру оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

Выдатнае майстэрства вылучала вакальную выканальніцкую манеру артыста, які валодаў моцным лірыка-драматычным барытонам. Ім створана галерэя мастацкіх вобразаў па творах беларускіх сучасных кампазітараў, сусветнай і рускай класікі. Сярод іх - Андрэй ("Андрэй Касценя" М.Аладава), Максім Багдановіч ("Зорка Венера" Ю.Семянякі), Ладавіка ("Джардана Бруна" С.Картэса), Беларэцкі ("Дзікае паляванне караля Стаха" У.Солтана), Рыгалета, Аманасра, Маркіз дэ Поза, Жэрмон, Рэната ("Рыгалета", "Аіда", "Дон Карлас", "Травіята", "Баль-маскарад" Дж.Вердзі), Скарпія ("Тоска" Дж.Пучыні), Эскамільё ("Кармэн" Ж.Бізэ), Фігара ("Вяселле Фігара" В.-А. Моцарта), Валянцін ("Фаўст" Ш.Гуно), Ялецкі і Томскі, Раберт ("Пікавая дама", "Іяланта" П.Чайкоўскага), Шаклавіты ("Хаваншчына" М.Мусаргскага) і іншыя.

У 1983 годзе Бастрыкаву Ю.Г. было прысвоена ганаровае званне "Заслужаны артыст БССР", у 1999-м - "Народны артыст Беларусі".

Гэтымі днямі грамадскасць развітваецца з выдатным спеваком Бастрыкавым Ю.Г. Яго жыццёвы шлях - прыклад адданага, сумленнага служэння нацыянальнаму музычнаму мастацтву. Яго творчасць - яркая старонка беларускай культуры. Светлая памяць аб Юрыі Георгіевічы надоўга застанецца ў сэрцах і памяці родных, блізкіх, сяброў, калег, гледачоў.

Латушка П.П., Грыдзюшка У.П., Дрынеўскі М.П., Карачэўскі У.М., Ламановіч Н.І., Лях Л.П., Ніжнікава Т.М., Пятроў У.Г., Пятроў Я.Ф., Руднева Н.А., Траян Ю.А., Франкоўскі С.У., Чарнабаеў В.М.