“Belart” — новы старт

№ 42 (1013) 15.10.2011 - 21.10.2011 г

Выстаўка “Belart.by. Маладыя мастакі Беларусі” працуе з 11 кастрычніка ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.

Экспазіцыя знаёміць з творамі маладых айчынных мастакоў з калекцыі музея, а таксама з новымі работамі выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў ды іншых профільных устаноў краіны. Жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, відэаарт адлюстроўваюць разнастайнасць мастацкіх пошукаў маладых аўтараў. Сярод удзельнікаў выстаўкі - стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і Міністэрства культуры краіны, пераможцы рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.

Галоўным прынцыпам пабудовы экспазіцыі быў абраны не энцыклапедычны агляд усіх існуючых тэндэнцый і накірункаў, а структурызацыя новага культурнага поля, спрыяльнага для самаідэнтыфікацыі беларускага мастацтва.