Малеча Гном

№ 38-39 (804-805) 29.09.2007 - 05.10.2007 г

Казка для дзяцей

 /i/content/pi/cult/130/648/Gnom.jpg
Д з е й н ы я   а с о б ы :
 
Малеча Гном
Тата Малечы Гнома
Мама Малечы Гнома
Конік
Старая Цётачка Куклянка
Варона
Матылёк-аднадзёнка
МатылькіАкт 1

Утульная Зялёная Веранда на кляновым лістку са столікам і саламянымі крэсламі, арэлямі на вяроўках. Свеціць сонца. 

Сцэна першая

На сцэну выходзіць Малеча Гном. Ён задумлівы, штосьці мармыча сабе пад нос. У руках у яго — маленечкі блакноцік і аловак.
Малеча Гном (дэкламуе паднос, сам сабе). Мой дзедка быў самы Маленечкі Гном, улегцы гуляў па ляску. Бабулю сустрэў, збудаваў сабе дом… (Спыняецца, запісвае атрыманыя радкі ў блакноцік.) Па ляску… збудаваў сабе дом… Па ляску… У кутку — у парыку — на лістку… (Радасна.) Бабулю сустрэў, збудаваў сабе дом на майскім кляновым лістку.
На сцэне з’яўляецца Конік.
Конік. Прывітанне, Малеча Гном!
Малеча Гном ледзь заўважае Коніка, толькі рассеяна ківае: ён вельмі заняты творчасцю.
Малеча Гном (сам сабе). Жылі яны ў ім без клапот і без бед, няхай бы і дождж сабе ліў…Конік. Складаеш вершык? Падумаць толькі!
Малеча Гном ківае галавой, запісваючы радкі ў блакнот.
Малеча Гном (працягвае, амаль не звяртаючы ўвагі на Коніка). У ліпені тата з’явіўся на свет, вясёлы, разумны ён быў.
Конік. Я пасяджу з табой, добра?
Малеча Гном зноў машынальна ківае, але ён так захоплены сваім заняткам, што ледзь заўважае сябра. Конік ціха садзіцца ў крэсла.
Малеча Гном працягвае пісаць.
Малеча Гном. У жніўні ён маму маю палюбіў, вяселле згулялі яны.
Конік. Ты не хвалюйся, пішы, я пачакаю. Я ж твой сябар.
Малеча Гном. А хутка і я на свет з’явіў… з’віў… А хутка і я на свет … (Коніку.) Чаму, як толькі я даходжу да сябе, радок становіцца занадта кароткім?
Конік уздрыгвае ад нечаканага пытання. Малеча Гном сумна ўздыхае, садзіцца на арэлі.
Малеча Гном. Ну чаму зноў нічога не атрымліваецца?
Конік падбягае да арэляў, разгойдвае Малечу Гнома.
Конік. Можа, проста твой вялікі талент у адзін радок не змяшчаецца? Ты сёння рана заняўся творчасцю, да захаду яшчэ далёка.
Малеча Гном. Няма калі чакаць. Мама запрасіла ў госці Цётачку Куклянку.
Конік. Гэтую нудную бабуленцыю?! Не, вы толькі падумайце! Навошта?
Малеча Гном. На гарбату з ажынай. І разам любавацца захадам.
Конік. Няўжо яна можа любавацца? Гэтая асоба толькі і ведае, што паўтараць: “А вось на самым пачатку мая, калі мы з вашай бабуляй былі зусім маладыя…” (Смяюцца.).
Малеча Гном. Цішэй, яшчэ пачуе хто-небудзь!
Конік. Няхай! Гэта ж праўда!
Малеча Гном. Але яна сапраўды ведала маю бабулю ў маладосці. І пражыла такое доўгае жыццё, што, напэўна, пабачыла ўсё на свеце.
Конік. Толькі падумайце, пабачыла! Ды ў яе паўжыцця пайшло, каб узлезці на гэты клён! Уяўляеш, як яна дзень за днём паўзла ўверх і цягнула на сабе свой дом! (Паказвае паходку Цётачкі Куклянкі, перадражнівае яе старэчы галасок.) “Вох-вох-вох, яшчэ цэлая палова дарогі засталася!” (Насмешліва.) Я б мог абагнаць яе тры разы на дзень!
Малеча Гном. Гэта так сумна… Усё жыццё ісці… І потым, яе дом — ён жа, напэўна, такі цяжкі! Уяўляеш, як ёй валачы на сабе і кухню з усімі каструлькамі, і спальню, і нават пакой для гасцей!
Конік (збянтэжана). Наўрад ці ў Цётачкі Куклянкі бываюць госці… Слухай, а давай пабяжым на Высокі Дуб, там мой знаёмы павучок та-а-акі гамак сплёў! Сядзіш, гайдаешся, увесь гай відаць! (Усхопліваецца, гатовы бегчы, але Малеча Гном не кранаецца.) Я цябе першым пушчу, га? Можна і разам пагайдацца, гамак вялізны, памесцімся!
Малеча Гном. Не магу. Трэба закончыць верш, я яго за гарбатай прачытаю.
Конік. Цябе прасілі?
Малеча Гном. Не. Але, ведаеш, як ім будзе прыемна?
Конік (азадачана). А-а, зразумела… Але вечар яшчэ пакуль прыйдзе!
Малеча Гном (з сумненнем). Не ведаю. Зараз кожны захад надыходзіць трохі раней, чым папярэдні. Як ты думаеш, чаму гэта?
Конік (нецярпліва). Не ведаю. Табе здаецца. Пойдзем хутчэй!
Малеча Гном (упарта). Не здаецца! Вечары падкрадваюцца так нечакана, раса ўсё халаднейшая, і нават захады сталі нейкімі трывожнымі. (Таямнічым паўшэптам.) Я думаю, у свеце нешта мяняецца.
Конік. Падумаеш! З намі ж ад гэтага нічога не здарыцца. А значыцца — навошта забываецца на забавы?
Раптам аднекуль зверху чуецца гучны і хрыплы смех. Малеча Гном і Конік спалохана ўздрыгваюць і глядзяць уверх. 

Сцэна другая

Зверху важна, не спяшаючыся, спускаецца неахайная шэрая Варона. Конік, спалохана зацвыркаўшы, ускаквае і хаваецца за Малечу Гнома, які са здзіўленнем і з апаскай глядзіць на Варону. Яна па-гаспадарску азіраецца і ўладкоўваецца ў самым утульным крэсле.
Малеча Гном (нясмела). Добры дзень.
Варона. Прывітанне, дурненькія!
Малеча Гном. Гэта вы з нас смяяліся?
Варона. А то з каго!
Конік (выглядаючы з-за пляча Малечы Гнома; абурана). Гэта чаму мы дурненькія?Варона (насмешліва). Ах, прабачайце-выбачайце! Вы так разумна разважалі пра доўгія вечары і халодную расу, што я спусцілася паслухаць такіх мудрацоў.
Малеча Гном збянтэжаны; Конік выскоквае з-за яго спіны.
Конік (задзірліва). Не, вы толькі падумайце! Мы — дурненькія!
Варона ляскае на яго дзюбай, робячы выгляд, нібыта хоча праглынуць. Конік адскоквае і зноў хаваецца.
Малеча Гном (прымірэнча). Шчыра кажучы, мы не так ужо шмат ва ўсім гэтым разумеем. Можа, вы растлумачыце, што адбываецца.
Конік. Ды нічога неадбы…(Бянтэжыцца пад пагражальным позіркам Вароны.)
Варона. Нічога незвычайнага.
Конік. Я ж казаў!
Варона. Проста надыходзіць восень.
Малеча Гном (зацікаўлена). Восень? Куды надыходзіць? (Уздымаецца з арэляў, падыходзіць бліжэй да Вароны.)
Конік. А, лухта нейкая. (Дэманстратыўна пачынае гайдацца на арэлях, адвярнуўшыся ад Вароны.)
Варона. Нікуды. Проста надыходзіць. Гэта значыць, усё хутка пачне мяняцца. Дні будуць станавіцца ўсё карацейшымі, паветра — халаднейшым, дажджы — нуднейшымі.
Малеча Гном садзіцца бліжэй да Вароны, і нават Конік спыняе арэлі і прыслухоўваецца.
Варона (працягвае). А лісце на дрэвах стане жоўтым, чырвоным і бурым…
Конік. Толькі падумайце, прыгажосць! (Таксама падсаджваецца бліжэй.)
Варона. А потым пачне паміраць і падаць на зямлю.
Малеча Гном (уражана). Падаць на зямлю?! Але яно не можа памерці!
Варона. Чаму яшчэ?
Малеча Гном (спалохана). Тут жа мой дом!
Варона (з горкім посмехам). Восені ўсё роўна, чый тут дом, яна ні над кім не злітуецца.
Малеча Гном (прыгнечана). І што ж далей?
Варона. Далей будзе ўсё халадней і халадней, і так — пакуль не надыдзе зіма.
Малеча Гном і Конік (разам, спалохана). Зіма?!
Конік (уражана). Падумаць толькі!
Варона. Усё пакрыецца халодным белым снегам, сцюжа разгоніць па сховішчах тых, хто паспеў іх падрыхтаваць.
Малеча Гном і Конік спалохана прыціскаюцца адзін да аднаго.
Малеча Гном (амаль шэптам). А хто не паспеў?
Варона. Самі вінаватыя. Ніхто і нішто не ўратуе іх.
Малеча Гном. І як гэта спыніць?
Варона. Гэта не спыніш.
Конік (ненатуральна бадзёра). Падумаеш! Усё не так страшна, і ўвогуле — хлусня. (Малечы Гному.) Няўжо хто-небудзь бачыў жоўтае лісце? Ці гэты снег?У цішыні, якая настала, голас Коніка гучыць фальшыва. Варона хрыпла, здзекліва смяецца, уздымаецца, распроствае крылы.
Варона. Пабачыце! (Адлятае.)
Малеча Гном і Конік нейкі час глядзяць ёй услед.
Малеча Гном. Няўжо нічога нельга зрабіць?
Конік. Што ты ёй верыш?! Ці не ведаеш, што кажуць пра гэтую Варону? Старая манюка!Малеча Гном. А раптам яна раз у жыцці не нахлусіла?
Конік не паспявае адказаць: чуецца голас Мамы Малечы Гнома.
Мама (з-за куліс). Малеча Гном, дзе ты? Ідзём піць гарбату!
Конік. Я пабег.
Малеча Гном (здзіўлена і расчаравана). Ты не застанешся назіраць захад?
Конік. Увесь вечар слухаць старую Куклянку? Не ўжо, з мяне хапіла Вароны! Не вешай нос! (Выбягае.) 

Сцэна трэцяя

Выходзяць Мама Малечы Гнома з бліскучым самаварам, Тата Малечы Гнома з падносам, поўным кубачкаў і сподачкаў, Цётачка Куклянка з домікам на спіне.
Цётачка Куклянка (працягваючы распачатую размову). Дык вось, я зразумела, што ўсялякай ягадзе свой час. Адны паспяваюць раней, іншыя — потым, і мы заўсёды пад’еўшыя. Але ўсё ж суніцы, што спелі ў часы маёй маладосці, былі смачнейшыя і карыснейшыя...
Пакуль Цётачка Куклянка гаворыць, Мама і Тата накрываюць на стол. Малеча Гном падсоўвае Цётачцы Куклянцы стул, дапамагае расстаўляць посуд. Мама налівае гарбату.
Мама (падаючы сподак). Калі ласка, цётачка, пакаштуйце ажыны.
Цётачка Куклянка (каштуе). Зрэшты, і гэтыя плады не такія кепскія.
Усе п’юць гарбату. Тата Малечы Гнома разгортвае газету і зусім хаваецца за ёй.
Мама. Скажы, Малеча, ты нешта напісаў сёння? (Цётачцы Куклянцы.) Ведаеце, цётачка, наш сын, здаецца, піша гісторыю нашай сям’і ў вершах.
Тата (з-за газеты). Някепска было б выдаць у “Вестках гаю”.
Цётачка Куклянка. Пачытай жа нам!
Малеча Гном (збянтэжана і ўрачыста). Гісторыя маёй сям’і. Мой дзедка быў юны Маленечкі гном, Улегцы гуляў па ляску. Бабулю сустрэў, збудаваў сабе дом На майскім кляновым лістку…
Малеча Гном гатовы працягваць, але Цётачка Куклянка перапыняе яго.
Цётачка Куклянка (летуценна). Так-так, я памятаю той час. Твая бабуля была такая прыгажуня! Яны запрасілі мяне на вяселле, я паспела якраз да пірага…
Усе слухаюць Цётачку Куклянку з цярплівай і ветлівай усмешкай.
Малеча Гном. Вы так шмат памятаеце! Праўда, што вы бачылі і ведаеце ўсё на свеце?Цётачка Куклянка (задаволена). Ну, не ўсё, хоць, можна сказаць, амаль. Ты хацеў пра штосьці даведацца?
Малеча Гном. Скажыце, цётачка, вы чулі пра восень?
Тата здзіўлена выглядвае з-за газеты, Мама замірае з кубкам у руцэ.
Усе (здзіўлена). Восень? Дзе ты пачуў гэтыя плёткі? Што ты ведаеш пра гэта?
Малеча Гном (усхвалявана). Я чуў ад Вароны…
Цётачка Куклянка. З якой, аднак, непрыемнай кампаніяй ты звязаўся! Ведала б твая бабуля!
Малеча Гном (усё больш усхвалявана). Яна расказала, што хутка ўсе лісты, і наш таксама…
Мама. Што — наш ліст?
Малеча Гном. Пажоўкне і ўпадзе.
Павісае паўза.
Цётачка Куклянка. Лухта! (Усе ўздрыгваюць ад нечаканасці.) Бяз-глуз-дзі-ца! Колькі жыву — а гэта нямала — ніколі нічога падобнага не бачыла. Гэта ж трэба ўявіць такое!Тата (з-за газеты). А вось “Весткі гаю” паведамляюць…
Цётачка Куклянка (насмешліва). Вашы “Весткі гаю” выдаюць жукі-даўганосікі, а яны — усім вядома — далей свайго носу не бачаць.
Мама. Але ўсё ж, што там пішуць?
Тата. Чакаецца пахаладанне. Пачнуцца вятры і дажджы. Праўда, тут сказана, што гэта часова.Парыў ветру, які раптам наляцеў, праносіць чародку вясёлых матылькоў, яркіх і шумных.
Матылькі (гамонячы наперабой). Які моцны вецер!.. Ён нясе і круціць нас… Вецер матляе нашы крылы… Ён самы моцны, ён ляціць з намі, як вялізны матылёк… Які ён халодны, які магутны!.. Вецер нясе нас удалечыню!..
Матылькі нейкі час кружаць вакол стала. Цётачка Куклянка незадаволена адмахваецца ад іх, Малеча Гном са здзіўленнем і разгубленасцю азіраецца, спрабуючы пабачыць іх усіх адразу. Матылькоў, якія кружаць і мітусяцца, выносіць вецер. Малеча Гном робіць пару крокаў ім услед, нібы таксама падхоплены паветраным патокам.
Цётачка Куклянка (з папрокам). Куды ж ты? Гэтая летуценная кампанія не робіць гонару ўнуку маёй сяброўкі! (Малеча Гном вяртаецца на сваё месца.) У часы майго юнацтва мы не былі такімі легкадумнымі.
Тата. А вецер і напраўду мацнее. Пойдзем лепей у дом.
Мама. А як жа захад?
Тата (згортваючы газету). Сядзем у гасцёўні, яго добра відаць праз акно.
Тата і Мама збіраюць посуд на паднос. Малеча Гном усё яшчэ глядзіць услед адляцелым матылькам.
Малеча Гном. Я яшчэ пасяджу.
Цётачка Куклянка. Правільна. Моладзі неабходна свежае паветра. У дні майго юнацтва…
Усе выходзяць. Голас Цётачкі Куклянкі сціхае, аддаляючыся. Малеча Гном застаецца адзін. 

Сцэна чацвёртая

Дзесьці зноў з гоманам праносіцца чародка матылькоў. На Зялёную Веранду раптам выносіць парывам ветру аднаго-адзінюткага Матылька. Ён кружыцца вакол стала, арэляў, Малечы Гнома, то заміраючы на адным месцы, то зноў мітусіцца.
Матылёк. Прывітанне, Малеча Гном!
Малеча Гном. Добры дзень. Хто ты?
Матылёк. Матылёк-аднадзёнка.
Малеча Гном. Як цябе завуць?
Матылёк (з вясёлым смехам). Няўжо таму, хто жыве ўсяго адзін дзень, патрэбна імя? Большасць з нас усё роўна не паспее ні з кім пазнаёміцца, ды і ніхто не запомніць нашых імёнаў.
Малеча Гном (ледзь паспяваючы сачыць, як пырхае Матылёк). Я б запомніў.
Матылёк раптам набліжаецца да Малечы Гнома і замірае, пільна гледзячы на яго.
Матылёк (сур’ёзна). Ты сумуеш, Малеча Гном. Нас, матылькоў-аднадзёнак, заўважае толькі той, каму сумна.
Малеча Гном. Так, мне сумна. І вельмі трывожна. Я чуў, што надыходзіць восень, якая забівае лісце.
Матылёк. Гэта праўда. Пра гэта спявае вецер і шэпчуць травы. Гэта ведаюць дрэвы, звяры і птушкі. Што ж тут такога?
Малеча Гном. Цётачка Куклянка памятае маладой маю бабулю, але яна не бачыла нічога падобнага. А крыклівая шэрая Варона кажа, што восень нельга прадухіліць.
Матылёк. Значыцца, яе не трэба прадухіляць.
Малеча Гном. Але ж наш ліст можа ўпасці на зямлю. Мы ж… (Пасля паўзы адважваецца працягнуць.) Мы загінем!
Матылёк. Гэта здараецца з усімі. (Раптам, успырхнуўшы, садзіцца на арэлі, адштурхоўваецца ад зямлі.) Толькі не ўсе ведаюць, калі.
Малеча Гном. А ты — ведаеш?
Матылёк (бесклапотна). Ведаю.
Малеча Гном. І не баішся?
Матылёк. Палохае толькі невядомасць. Ты не бачыў восені, не ведаеш яе — і табе страшна. А я пражыў дзень і ведаю, што пражыву яшчэ ноч.
Малеча Гном. Як сумна.
Матылёк (весела). Зусім не. Бо, можа быць, я паспею пабачыць новае світанне! Бачыш, нам, матылькам-аднадзёнкам, лёгка глядзець у будучыню з надзеяй… Але мне пара. Яшчэ так шмат трэба паспець! (Успырхвае з арэляў.) Удачы, Малеча Гном! Я цябе не забуду! (Адлятае.)
Малеча Гном (услед Матыльку). І я не забуду цябе.
Матылёк (ужо нябачны, толькі голас даносіцца зверху). Маё імя — Той, што танцуе з ветрам!
Малеча Гном. Бывай! (Цішэй.) Дзякуй табе, шчаслівы Матылёк-аднадзёнка.
Гасне святло. 

Акт 2


Зялёная Веранда стала чырвона-жоўтай, трывожнай і няўтульнай. Дзьме вецер, разгойдваюцца, парыпваючы, парожнія арэлі.

Сцэна пятая

На веранду выходяць Мама Малечы Гнома, захутаная ў неадпаведны па колеры сукенцы шэ-ры шалік, з пацямнелым самаварам у руках, Тата Малечы Гнома ў світэрах, якія відаць адзін з-пад аднаго, з падносам, поўным кубачкаў і сподачкаў, Цётачка Куклянка з домікам на спіне. Усе моўчкі расстаўляюць посуд, Мама Малечы Гнома налівае гарбату. Тата кладзе побач з сабой газету, мяшае лыжачкай у кубку.
Цётачка Куклянка (журботна і задумліва). Вось дык надышлі дзянькі. У часы маёй маладосці такога б не пацярпелі.
Мама (з трывогай). Дзе ж Малеча? Я так хвалююся, цяпер усё ў свеце надта ж ненадзейнае… (Змаўкае, толькі час ад часу са скрухай уздыхае.)
Цётачка Куклянка (да Таты). А што ў нас паведамляюць “Весткі Гаю”?
Тата разгублена гартае газету.
Тата (уздыхаючы). Усё пішуць пра восень ды пра лісты, якія паміраюць. Вось, ужо і на Высокім Дубе з’явіліся бурыя лісты. (Паказвае газету.) А Бярозавая алея і ўвогуле пазбавілася лістоты, яна ўся апала і мокне цяпер на зямлі.
Мама. Добра, хоць наш клён пакуль трымаецца. Праўда, лісты змянілі колер, але я яшчэ не чула, каб яны ападалі.
Цётачка Куклянка. Ды і ў газеце пра гэта не сказана.
Тата. Проста мы жывём на самым краі Гаю, на такім водшыбе, што нікому няма да нас і да нашага дрэва ніякай справы.
Мама. І ўсё ж, дзе Малеча?
Тата (з напускным спакоем). Вернецца. Не такі ўжо ён малеча.
З’яўляецца Малеча Гном. Ён апрануты ў некалькі світэраў і ўхутаны ў шалік.
Тата (строга). Ты спазніўся да гарбаты.
Малеча Гном (усхвалявана). Няўжо вы не ведаеце, што адбываецца?!
Тата (з ледзяным спакоем, спрабуючы супакоіць найперш сябе). Што б ні здарылася, вячэрняя гарбата ёсць вячэрняя гарбата.
Малеча Гном. Але там…
Тата. Да таго ж, з-за цябе хвалююцца трое дарослых. Сядай за стол, не вымушай болей цябе чакаць.
Малеча Гном. Вы не разумееце!
Цётачка Куклянка. Між іншым, даўнейшая моладзь не дазваляла сабе…
Малеча Гном (перапыняе Цётачку Куклянку). Наш клён губляе лісты!
На Верандзе павісае цішыня. Тата Малечы Гнома, уражаны, устае, упускаючы кубак і газету. Мама ўсхліпвае і хавае твар у далонях.
Малеча Гном (спалохана). Прабачце, я спазніўся… (Садзіцца за стол, спрабуючы здавацца незаўважальным.)
Тата. Наш клён? Ты ўпэўнены?
Малеча Гном. Я толькі што з нізу. На зямлі ўжо так шмат лістоў, што пад імі не відаць травы. І кожную хвіліну падае яшчэ адзін.
Мама. Як жа мы цяпер?
Тата. Ну, наш ліст пакуль яшчэ моцна трымаецца.
Мама. Ці надоўга гэта?
 Цётачка Куклянка. У часы маёй маладосці мы з вашай бабуляй ніколі не кідалі аднаадну ў бядзе.(Усе з надзеяй глядзяць на яе.) Перазімуеце ў мяне. Цеснавата, безумоўна, будзе, у мяне няма пакоя для гасцей, але…
Мама Малечы Гнома перапыняе Цётачку Куклянку, кінуўшыся да яе на шыю. 

Сцэна шостая


Мама
(скончыўшы абдымацца). Што ж, тады за справу. Бяром толькі самае неабходнае. (Да Таты.) Звяжы ўсе цёплыя рэчы — світэры, коўдры…
Тата выходзіць. Мама пачынае прыбіраць са стала. Цётачка Куклянка выносіць самавар.
Мама. А ты, Малеча…
Раптам чуецца голас Коніка, а потым з’яўляецца і ён сам.
Конік (узбуджана). Малеча Гном! Малеча! (Маме Малечы Гнома.) Добры вечар. (МалечыГному.) Такое адбываецца, ты і ўявіць не можаш! (Мітусіцца па ўсёй Верандзе, тармосіць Малечу Гнома, крычыць.) Толькі падумайце, на вялізным гамаку на вяршыні Высокага Дуба — дарэчы, ён ужо амаль без лісця — сабраліся ўсе мае знаёмыя павучкі, і яшчэ шмат незнаёмых, і кожны — з павуцінкай. Яны разгайдаліся — і… (Закружыўся вакол Малечы Гнома так, што той не паспявае за ім усачыць, у яго замітусілася ў вачах, і яму давялося сесці.)
Мама (спалохана). Божа, яны ўпалі і разбіліся!
Конік. Ды не! Яны ўзляцелі на павуцінках, і вецер падхапіў іх і панёс, панёс!.. Я паспрабаваў злавіць аднаго, але не даскочыў!.. Вы толькі ўявіце!
Ад мітусні і беганіны Коніка нават посуд на стале пачынае звінець.
Мама. Цішэй, Конік, не шумі, а то ажно ліст дрыжыць.
Малеча Гном ловіць Коніка, які прабягае міма яго, і саджае ў крэсла. Адразу робіцца ціха. Тольк кубкі і сподкі працягваюць звінець.
Малеча Гном (спалохана). Што гэта?
Посуд звініць усё гучней, пачынае дрыжаць усё навокал.
Конік (з жахам). Гэта я разгайдаў ліст?! Не ведаў, што я такі дужы! Вы толькі падумайце! (Закрывае вочы і замірае ад страху, учапіўшыся ў сваё крэсла.)
Мама (намагаючыся здавацца спакойнай і ўпэўненай). Так, дзеці, сядзіце спакойна. Не варушыцеся, не падыходзьце да краю ліста. Я зараз паклічу Тату, і ўсё будзе добра.
Раптам выходзяць Тата і Цётачка Куклянка з вялікімі клункамі.
Тата. Вы адчуваеце, ліст дрыжыць! Пара адыходзіць!
Мама. Паспяшаемся! Здаецца, часу не засталося!
Цётачка Куклянка. Як сказаў бы ваш дзядуля ў юнацтве — наперад!
Малеча Гном забірае ў Цётачкі Куклянкі клунак з рэчамі і ўзвальвае сабе на плячо. Мама бярэ за руку перапалоханага Коніка.
Мама. Пайшлі! Хопіць баяцца!
Конік (абурана). Я — баюся?! Не, вы толькі падумайце!
Усе — першы — Тата, апошняя — Мама, якая вядзе за руку Коніка, — сыходзяць з ліста, якідрыжыць усё мацней. Раптам Мама азіраецца.
Мама (уздыхае). Я забыла сваё вязанне.
Конік (вырываючыся з яе рукі). Я збегаю! Я не баюся! (Бяжыць у дом.)Усе (наперабой, усхвалявана). Конік, не трэба! Вярніся! Там небяспечна! Ты не паспееш!
Усе змаўкаюць і чакаюць. 

Сцэна сёмая

Раптам чуецца хрыплы смех. Усе ўздрыгваюць ад нечаканасці, глядзяць уверх. Да іх спускаецца Варона.
Варона (са здзекам). Ну што, не верылі? А восень усё роўна прыйшла! Што я казала?Цётачка Куклянка (злосна). Навошта прыляцела, старая сцярвятніца? Паглядзець на нашу бяду? Гэта ты ва ўсім вінаватая, ты накаркала!
Варона. Вось яшчэ! Думаеце, мне самой соладка? Не лепш, чым вам. Холадна, дождж ліе, зусім не стала ежы. (Хмурна гледзячы на гномаў.) Эх, шкада, што вароны Маленечкіх Гномаў не ядуць.
Тата (з пагрозай). Ну, ты, акуратней! Я табе пакажу, як нас ядуць!
Тата і Малеча Гном на ўсялякі выпадак засланяюць сабой Маму і Цётачку Куклянку. Раптам на лісток выбягае Конік, размахваючы маміным няскончаным вязаннем.
Конік. Знайшоў!
Варона (убачыўшы Коніка). Ага! Вось цябе мне і трэба! (Набліжаецца да Коніка).
Мама (з жахам). Яна яго з’есць!
Конік (спалохана). Не трэба! Ратуйце!
Малеча Гном кідае свой клунак з рэчамі, скача на ліст і становіцца паміж Конікам і Варонай.
Малеча Гном (грозна). Не смей!
Варона ад нечаканасці спыняецца. Раптам кляновы ліст, не вытрымаўшы моцнага парыву ветру, зрываецца і адлятае, несучы Малечу Гнома і Коніка. Яны схапіліся адзін за аднаго з перапуду і штосьці крычаць, але што — не разабраць.
Мама і Цётачка Куклянка (разам, з жахам). Малеча!
Варона (расчаравана). Ну куды ж вы?!
Мама і Цётачка Куклянка са слязамі кідаюцца на шыю да Таты. Ён абдымае абедзвюх.
Мама (са слязамі). Мой хлопчык, мой Малеча…
Цётачка Куклянка (таксама са слязамі). Які храбрэц! Зусім як яго дзядуля ў маладосці!..
Варона (збянтэжана). Не плачце, ну што зробіш… Восень яна і ёсць восень…
Тата гэтак грозна паглядзеў на Варону, што яна змаўкае і з апаскай адскоквае ў бок.
Тата (Маме і Цётачцы Куклянцы). Не плачце, яны не загінулі. (Усе, нават Варона, з надзеяй і здзіўленнем узнімаюць на яго вочы.) Кляновы ліст не дасць хлопчыкам разбіцца. Яны шчасліва прызямляцца, знойдуць сабе схованку ад сцюжы, ветру і сырасці і заснуць там да вясны, як усе маленькія істоты.
Мама (засмучана). А як жа Малеча вясной — прачнецца зусім адзін, забудзецца памыцца, ніхто не згатуе яму сняданне…
Тата (упэўнена). Ён не будзе адзін, з ім — верны сябра. І ён ужо даўно не Малеча. Удвух хлопчыкі адолеюць любыя цяжкасці.
Мама ківае і ўсміхаецца праз слёзы.
Тата. Але нам пара. Нам яшчэ трэба паспець схавацца ад халадоў да пачатку зімы. Тады мы абавязкова пабачым новую вясну.
Маленечкія Гномы і Цётачка Куклянка падымаюць клункі з рэчамі і адыходзяць. 

Сцэна восьмая

Варона доўга глядзіць услед ім, уздыхае.
Варона (сумна і вінавата). Няёмка неяк атрымалася… Усё гэтая восень, каб яе дажджом заліло і ветрам здзьмула!.. А ўсё-такі малайцы гэтыя Гномы. Такія маленькія — і такія храбрыя. Бач, як ён за гэтага зялёнага заступаўся! Нават мяне напалохаў… Праўда, ледзь-ледзь! Але затое я засталася без абеду. (З пагрозай.) Вось усыплю ім абодвум, калі сустрэнемся вясной. Калі, безумоўна, за зіму не акалею… А вось маляўкі гэтыя дачакаюцца цяпла, абавязкова дачакаюцца. (З зайздрасцю і захапленнем.) Як гэта яны сказалі? “Абавязкова пабачым новую вясну!” І пабачаць жа! Бо ўмеюць з надзеяй глядзець у будучыню… Ну, я паляцела. Можа, яшчэ пашанцуе здзяўбсці што-небудзь. Мяккай вам зімы! (Адлятае.)

Заслона.  

Таццяна ЛАМОНАВА нарадзілася ў 1979 годзе. Скончыла Полацкі педагагічны каледж імя Ф.Скарыны, працавала выкладчыцай англійскай мовы ў пачатковых класах. У 2006 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры (факультэт культуралогіі, спецыяльнасць “літаратурная работа (драматургія)”). Працуе па размеркаванні ў літаратурнай частцы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Аўтарка п’ес: “Последний дом”, “Всем, летящим на северо-запад” (у 2002 г. — лаўрэат Першай прэміі конкурсу беларускай драматургіі “Чалавек і грамадства” ў намінацыі “П’еса для дзіцячага тэатра”), “Малеча Гном” (у 2006 г. — дыпламант конкурсу п’ес для дзіцячага тэатра, які праводзіў Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача), “Славаю апантаны”, “Дьяволиада” — бюракратычны трагіфарс паводле аднайменнага твора М.Булгакава, “Идиллия для подзорной трубы с оркестром”.