Кінаклуб.BY: як пазнаёміцца з Феліні?

№ 42 (1013) 15.10.2011 - 21.10.2011 г

Паказы класікі экрана — пакуль на плячах энтузіястаў

/i/content/pi/cult/346/6479/pic_19.jpgНядаўна давялося пачуць наступную гісторыю. Студэнтам адной гуманітарнай ВНУ паведамілі, што хутка ім прапануюць вучэбныя паказы стужак Федэрыка Феліні. "А хто такі гэты Феліні?" - быццам бы спыталі з аўдыторыі... Выпадак гэты можна лічыць толькі трапным анекдотам: са стужкамі вялікага італьянскага рэжысёра, як і іншых класікаў кіно, можна пазнаёміцца ці не дзясяткам розных спосабаў, першы і самы просты з якіх - зайсці ў Інтэрнэт ці набыць дыск у адпаведнай краме. Трансліруюць кінакласіку і адпаведныя тэлеканалы, аднак, пагадзіцеся, у адрозненне ад большасці іншых відаў мастацтва кінематограф развіваецца вельмі хутка, і каб яго шэдэўры былі вядомыя кожнаму новаму пакаленню, патрэбна не толькі іх пастаянная прысутнасць на экране. Якім чынам у Беларусі можна азнаёміцца з вяршынямі сусветнага і нацыянальнага кінамастацтва і як кінакласіка пачувае сябе ў сучасных умовах хуткага тэхнічнага пераўзбраення кіназалаў, паспрабаваў высветліць карэспандэнт "К".  

 Кінаадукацыя? Самастойна!

У тым, што жыццё стужак не заканчваецца з фармальным завяршэннем іх пракату, упэўнены ўдзельнікі шматмільённага руху кінаманаў, якія з вялікім натхненнем займаюцца вывучэннем і папулярызацыяй класікі экрана па ўсім свеце ў шматлікіх клубах. Беларускія аматары "найважнейшага з мастацтваў" тут - не выключэнне. Развіццё лічбавых тэхналогій дало кінаклубнаму руху ў нашай краіне дадатковы штуршок, і аб'явы аб самастойна зладжаных праглядах аўтарскага кіно вельмі часта сустракаюцца ў Інтэрнэце і ў фае навучальных устаноў буйных гарадоў нашай краіны. Прычым маладых удзельнікаў кінаклубнага руху відавочна прыцягвае не толькі магчымасць глядзець даступныя іншым спосабам стужкі, але таксама і сама атмасфера, інтэлектуальна насычанае асяроддзе падобных мерапрыемстваў.

Такі аматарскі рух можна адно вітаць. У тым ліку - не толькі за тое, што ён робіць гарадское культурнае асяроддзе больш разнастайным: клубы далі нашаму кінамастацтву мноства прафесіяналаў. Сярод тых, хто навучаецца сёння на факультэце экранных мастацтваў БДАМ, таксама шмат былых наведвальнікаў падобных клубаў. Штуршок да творчасці і самастойнага мыслення - несумненны плюс паказаў. Тым не менш, казаць пра значныя поспехі апошніх было б на сённяшні дзень яўным перабольшаннем.

Справа ў тым, што большасці нашых кінаклубаў бракуе элементарнай арганізацыйнай базы, сістэмнага падыходу ў арганізацыі паказаў і абмеркаванняў. А выйсці на вышэйшы, у тым ліку матэрыяльны, узровень, аматарам не дазваляе іх неафіцыйны статус. Большасць іх збіраецца "пад крылом" навучальных устаноў, устаноў культуры, розных памяшканняў, кшталту кафэ, якія такім чынам завабліваюць да сябе кліентаў. Аднак "працягласць жыцця" падобных праектаў звычайна невялікая, бо часцей за ўсё яны трымаюцца на энтузіязме адзінак, які вельмі хутка вычэрпваецца.

 

Толькі на прафесійнай аснове

Відавочна, што паказамі аўтарскай класікі трэба займацца на прафесійнай аснове, як і паказам новага кіно. Наша выданне найперш вырашыла звярнуцца з пытаннем аб перспектывах арт-хаўсу на вялікім экране да айчынных кінапракатчыкаў, якія працуюць у рэгіёнах.

- Мы з задавальненнем займаемся класікай, сучаснымі стужкамі аўтарскага кінамастацтва, але, на жаль, у сённяшніх эканамічных рэаліях такія паказы збольшага эканамічна немэтазгодныя, - распавёў, у прыватнасці, карэспандэнту "К" Аляксандр ЛАЎРЫНЕНКА, генеральны дырэктар КУП "Гомельаблкінапракат". - Але гэта не значыць, што класіка і фестывальнае кіно не з'яўляюцца на экранах Гомельшчыны. Іншая справа - тыя паказы атрымліваюцца не такімі частымі, як нам таго хацелася б, бо праходзяць у рамках тыдняў кінамастацтва замежных краін, якія ладзяць пасольствы, ды пазаконкурсных праглядаў фестывалю "Лістапад". Зусім нядаўна ў нас праходзілі Дні ўкраінскага кінамастацтва, цяпер рыхтуецца рэтраспектыва французскага кіно. Зразумела, хочацца, каб мерапрыемстваў падобнага кшталту ладзілася больш, каб яны не насілі "кропкавы" характар. Але для гэтага яны павінны быць рэнтабельнымі. Так, аўдыторыя для фестывальнага аўтарскага кіно - ёсць: мы пільна адсочваем запыты патэнцыйных наведвальнікаў нашых кінатэатраў, у тым ліку тое, што яны пішуць на форумах і ў інтэрнэт-блогах. Часам атрымліваем сваю порцыю крытыкі з іх боку за тое, што дэманструем камерцыйныя, забаўляльныя стужкі. Але, калі ладзім паказы па іх запытах і запрашаем прыйсці ў кінатэатры, заплаціўшы за білет, увесь энтузіязм "крытыкаў з Інтэрнэта" некуды знікае, і сеансы яны чамусьці не наведваюць...

Апошняя праблема абласнога кінапракату добра вядомая і ў сталіцы, дзе тры гады таму спыніў сваё існаванне добра вядомы аматарам арт-хаўсу праект "Кінафармат 4х4". Як растлумачылі прадстаўнікі "Мінскага кінапракату", за шэсць гадоў правядзення гэтая акцыя, пад час якой кожны месяц у чатырох сталічных кінатэатрах цягам уік-энда паказвалі чатыры фестывальныя стужкі, так і не стала прыбытковай настолькі, каб упэўнена працягваць сваё існаванне: колькасць яе наведвальнікаў у выніку аказалася зусім невялікай.

Трошкі лепш ішлі справы ў сталіцы з паказамі кінакласікі, якія, фактычна, не перапыняліся апошнія дваццаць гадоў, толькі змяняючы месца свайго правядзення. Калісьці гэта быў знакаміты кінаклуб "Профіль" у кінатэатры "Піянер". Яго эстафету ў 2006 годзе падхапіла "Ракета", дзе дасюль глядзяць і абмяркоўваюць класічныя стужкі. Тыдні кіно розных краін, у тым ліку з рэтраўхілам, праходзяць у "Цэнтральным" і "Перамозе". У апошняй установе знайшоў прытулак і праект "CINEMASCOPE", які стаў спадкаемцам праекта "Кінаклуб" у гэтым жа кінатэатры. Яго галоўны арганізатар Георгій ГЛІК займаецца паказамі кінакласікі цягам амаль дваццаці гадоў, працуе ў рэкламным аддзеле сталічнага кінапракату і можа лічыцца прафесіяналам кінаклубнай справы. Хоць, як сам прызнаецца, значных даходаў "CINEMASCOPE" яму не прыносіць.

- Сучаснага гледача, "разбэшчанага" лёгкім доступам да відэакантэнту ў Інтэрнэце, вельмі складана завабіць у кінатэатр, - адзначае Георгій Глік. - Кінаклуб - гэта не толькі паказы, але і размовы, кантакты між гледачамі, сваё, унікальнае, асяроддзе. Чалавеку трэба абавязкова абмяняцца эмоцыямі пасля прагляду, аднак не кожны кінатэатр, асабліва ў цэнтры горада, адмовіцца ад наступнага сеанса і дазволіць гледачам застацца на абмеркаванне ў зале. Апрача таго, існуе яшчэ шэраг праблем. Так, мы паказваем фільмы з DVD-дыскаў, але гэта не значыць, што нам не трэба плаціць за правы на паказы, - за іх трэба плаціць праваўладальнікам, якія, найчасцей, знаходзяцца ў Расіі. Дамаўляцца ж з імі па юрыдычных і фінансавых пытаннях даволі няпроста...

- Аплата аўтарскіх правоў значна павялічвае сабекошт паказаў, але без гэтага немагчыма казаць аб цывілізаваных узаемаадносінах на кінарынку, - пацвярджае Аляксандр Лаўрыненка. - У Гомелі ў публічных месцах ладзяцца паказы фестывальнага кіно і класікі, у асноўным бясплатныя, якія, зразумела, збіраюць сваю аўдыторыю. Але іх арганізатары не аплачваюць аўтарскія правы, тым самым парушаючы заканадаўства, што прадугледжвае дазвол праваўладальнікаў нават на бясплатныя паказы, у тым ліку ў вучэбных мэтах. Наша арганізацыя такога сабе не дазваляе (нават у выпадках адзінкавых мерапрыемстваў, як, напрыклад, рэтраспектыва стужак Кшыштафа Занусі ў Гомелі) - мы набываем правы. Апошнія даволі дарагія, аплачваюцца ў валюце і дзейнічаюць цягам абмежаванага тэрміну, што, зноў-такі, кепска адбіваецца на рэнтабельнасці.

 

Носьбіты - ёсць. Справа - за гледачом

Такім чынам, практыка сведчыць, што попыт на паказы класікі аўтарскага кіно ёсць. У гэтым упэўнены і кіраўнік Музея гісторыі беларускага кіно Ігар АЎДЗЕЕЎ, які шмат гадоў самааддана прапагандуе найлепшыя ўзоры сусветнага і нацыянальнага мастацтва экрана:

- Тыя паказы, што ладзіць наша ўстанова у рамках сваіх праграм, заўсёды збіраюць пэўную колькасць прыхільнікаў. Зразумела, адны стужкі і імёны аўтараў больш папулярныя сярод мінскіх кінаманаў, іншыя - менш, але відавочнае жаданне людзей глядзець кінашэдэўры менавіта на вялікім экране. Прычым найбольш мэтанакіраваная частка аўдыторыі - студэнты ВНУ, якія зацікаўлены гісторыяй кіно. Канешне, нашы магчымасці не такія вялікія, як у кінапракатчыкаў. Зразумела, што гораду патрэбны арт-хаўсны кінатэатр, які будзе спалучаць сучаснае кіно і рэтра. Праўда, эфектыўная эканамічная схема яго працы пакуль пад пытаннем. Што да самой кінакласікі, то перавод яе на "лічбу", які цяпер адбываецца хуткімі тэмпамі, дае такім паказам вялікую перспектыву...

- Станоўчы досвед маскоўскіх кінаклубаў, дзе дэманструюць адноўленую ў "лічбе" класіку, сведчыць: ахвотныя глядзець яе на вялікім экране заўсёды знойдуцца, - зазначае Георгій Глік. - Нядаўна ў адным з тамтэйшых кінатэатраў з вялікім поспехам прайшла рэтраспектыва адрэстаўраваных фільмаў Марціна Скарсэзэ, якую дэманстравалі з новых лічбавых праектараў у фармаце высокай якасці. У нашых умовах перспектыўным можа быць фармат дыскаў Blu-Ray, які дазваляе весці вельмі якасную праекцыю...

Магчымасць паглядзець любімыя стужкі на вялікім экране і ў нябачанай раней вельмі добрай якасці можа даць класіцы другое жыццё, мяркуе Аляксандр Лаўрыненка:

- На жаль, плёнкі з тымі класічнымі фільмамі, якія знаходзяцца ў нас на складзе, практычна вычарпалі свой рэсурс, - іх ужо не пакажаш звыклым да лічбавай якасці гледачам. Тое датычыцца, у першую чаргу, класікі нацыянальнага кінематографа. Мы, пракатчыкі, чакаем, калі зможам працаваць з дыскамі з найлепшымі беларускімі карцінамі ў адпаведнай якасці. Аблегчыць доступ да класікі і новае абсталяванне, якое паступова прыходзіць у нашы кіназалы. Калі мы будзем мець дастатковую колькасць утульных, абсталяваных па апошнім слове тэхнікі залаў, тады ўзрасце і верагоднасць таго, што нейкія з іх будуць збіраць і прыхільнікаў класічнага ды фестывальнага кіно...  

 

■ ■ ■

Што да пераводу на "лічбу" нацыянальнай кінакласікі, то "К" абавязкова звернецца да гэтай тэмы бліжэйшым часам. А пакуль хочацца пажадаць поспеху энтузіястам паказаў кінакласікі, якія працуюць на будучыню нашага кінамастацтва, бо, як сведчыць практыка, новыя Феліні выходзяць не толькі з вучэбных аўдыторый кінаакадэмій, але, найперш, з залаў кінамузеяў і сінематэк. А поспех апошніх - у руках, дакладней, нагах іх патэнцыйных наведвальнікаў.