З майстэрняў мастакоў

№ 42 (1013) 15.10.2011 - 21.10.2011 г

Як паведаміў “К” кіраўнік Творчых майстэрняў “Цэнтр сучасных мастацтваў” Віктар Альшэўскі, музеі Магілёва, Крычава і Бялынічаў атрымалі днямі ў дар больш за 60 твораў жывапісу, графікі і скульптуры.

Цырымонія перадачы адбылася пад час Міжнароднага музычнага фестывалю "Залаты шлягер-2011" у Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.Масленікава. Ідэя акцыі належыць Віктару Альшэўскаму, вядомаму жывапісцу, ураджэнцу Магілёўшчыны. Сутнасць сумеснага праекта Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Творчых майстэрняў у тым, што творы мастацтва, назапашаныя за апошнія гады ў майстэрнях, перабяруцца ў раёны рэспублікі.

Па словах міністра культуры краіны Паўла Латушкі, які прыняў удзел у цырымоніі, вельмі важна, што гэтыя работы не застаюцца ў запасніках. Праект, зазначыў міністр, варты працягу, бо высокае мастацтва заўжды бярэ пачатак з рэгіёнаў. Як удакладніў для "К" Віктар Альшэўскі, перададзеныя творы папоўняць менавіта пастаянныя экспазіцыі. Інакш кажучы, вынік мастакоўскіх захадаў стане, урэшце, запатрабаваны.