“Захварэйце” на музыку!

№ 42 (1013) 15.10.2011 - 21.10.2011 г

Праз тыдзень надыдзе 38-я “Беларуская музычная восень”.

З 23 кастрычніка да 15 лістапада Беларуская дзяржаўная філармонія падорыць цэлую гронку адметных вечароў - на ўсе густы.

Адкрыецца "...Восень" сімфанічным канцэртам да 120-годдзя з дня нараджэння С.Пракоф'ева. Творы гэтага класіка ХХ стагоддзя прагучаць і ў іншыя фестывальныя дні. Памяць пра нашага класіка Яўгена Глебава будзе ўшанавана прэм'ерай прысвечанай майстру Другой сімфоніі Уладзіміра Гаркушы. Выкананне Рэквіема Моцарта будзе прысвечана памяці Генадзя Праваторава.

Прыхільнікі раяля будуць шчаслівыя вітаць Аляксея Чарнова, які сёлета стаў лаўрэатам найпрэстыжнага конкурсу імя П.Чайкоўскага ў Маскве. Сапраўдным святам для скрыпачоў станецца прыезд народнай артысткі Расіі, прафесара Маскоўскай кансерваторыі Ірыны Бачковай - разам са сваімі вучнямі. Колькі вечароў будзе аддадзена польскай музыцы розных напрамкаў, уключаючы джаз. Дзеці ў час восеньскіх канікул атрымаюць падарунак - прэм'еру оперы-дыяфільма "Гарадок Жур-Жур" ад Камернага аркестра Беларусі. А вечар 11.11.2011 г. крэатыўны кіраўнік гэтага калектыву Яўген Бушкоў абраў для праграмы "Салют, Кармэн!".