Форум літаратараў

№ 42 (1013) 15.10.2011 - 21.10.2011 г

Удзел у ІІ З’ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі, што адбудзецца 17— 18 кастрычніка, плануюць прыняць звыш за 500 айчынных творцаў, якія прадстаўляюць усе рэгіёны нашай краіны.

У Мінск прыедзе і шмат калег айчынных майстроў прыгожага пісьменства: літаратары з Сірыі, Чэхіі, Расіі, Літвы, Латвіі, Турцыі і Азербайджана.

Як паведаміў у гутарцы з карэспандэнтам "К" першы сакратар грамадскага аб'яднання "Саюз пісьменнікаў Беларусі" Генадзь Пашкоў, у межах справаздачнага з'езда, што праводзіцца раз на пяць гадоў, адбудуцца выбары старшыні і прэзідыума праўлення літаратурнага аб'яднання. Акрамя таго, будуць разглядацца асноўныя тэндэнцыі ў галіне прозы, паэзіі, дзіцячай літаратуры, драматургіі, літаратурнай крытыкі. Не застануцца па-за ўвагай пісьменнікаў і пытанні арганізацыйнага характару.

Па словах Генадзя Пашкова, запланавана таксама і абмеркаванне вынікаў традыцыйнага конкурсу "Лепшы твор года", заснавальнікамі якога, акрамя пісьменніцкай арганізацыі, з'яўляюцца міністэрствы культуры, інфармацыі і адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Варта нагадаць, што за апошнія пяць гадоў у нашай краіне было выдадзена больш за тысячу літаратурных твораў членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пры гэтым, найлепшыя творы айчыннай сучаснай прозы і паэзіі былі перакладзены на дзесяць моў свету.

Дарэчы, 13 кастрычніка, за колькі дзён да форуму літаратараў, у сталіцы адкрыта мемарыяльная дошка народнаму пісьменніку Беларусі Івану Навуменку. Створаная за кошт бюджэту горада скульптарам Уладзімірам Слабодчыкавым, яна была ўстаноўлена на доме нумар 36 па вуліцы Карла Маркса, дзе жыў майстар слова.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"