Горад на камянях

№ 41 (1012) 08.10.2011 - 15.10.2011 г

І паўстала вежа Камянецкая…

/i/content/pi/cult/345/6460/14-2.jpg

 Многія айчынныя прафесійныя гісторыкі і аматары-краязнаўцы спрычыніліся да вызначэння дакладнай даты "нараджэння" гарадоў, гісторыя ўзвядзення кожнага з якіх мае свае адметнасці і перыпетыі.

Возьмем, да прыкладу, 1276 год. Як сведчаць дакументальныя крыніцы, Князь Валынскі і Берасцейскі Уладзімір Васількавіч паслаў "мужа хітра Алексу, які і пры бацьку ягоным многія гарады будаваў, з тутэйшымі ў чоўнах у вярхі ракі Лесны... Ён жа, знайшоўшы месца патрэбнае, вярнуўся да князя"... Князь хутка сабраўся з баярамі і слугамі паглядзець знойдзенае Алексам месца над берагам Лесны. Яно яму спадабалася, і так, у выніку, узнік горад Камянец, які атрымаў сваю назву з-за таго, што зямля вакол была цвёрдая і камяністая. Малады горад стаў фарпостам берасцейскай зямлі. З высокай Камянецкай вежы, якую ў летапісах называюць "слупам каменным", вартавому было далёка бачна наваколле. І калі ён заўважаў варожае войска, насустрач апошняму з камянецкіх брам выязджала моцная, добра ўзброеная і навучаная дружына...

Здавалася б, звычайная гісторыя пра звычайныя для нашых продкаў падзеі. Аднак, як аказалася, за ёю стаіць значна больш драматычны асабісты лёс князя Уладзіміра, што нельга асобна не адзначыць, апавядаючы пра ўзвядзенне Камянецкай вежы і самога горада Камянца.

Гэтая гісторыя распачалася за дзевяць гадоў да ўзвядзення вежы, у снежні 1267-га. Бацька князя Уладзіміра, Васілька, прымаў у сваёй сталіцы гасцей - пляменніка Льва Данілавіча Галіцкага і князя-манаха Войшалка, сына Міндоўга. Як вядома, пасля Міндоўгавай смерці Войшалк адмовіўся ад спадчынных правоў на Навагрудак на карысць Шварна Данілавіча, што, відавочна, не спадабалася яго старэйшаму брату, Льву, які сам марыў пра Навагрудак. Каб адпомсціць, Леў забівае Войшалка, ды яшчэ і ў сценах Уладзімірскага мужчынскага манастыра, дзе той мусіў начаваць. Паміраючы, князь-манах паспеў праклясці каварны горад Уладзімір-Валынскі. Даведаўшыся пра тое, Васілька ў роспачы сам пастрыгся ў манахі і стаў жыць пустэльнікам у дзікай, зарослай ажынай пячоры./i/content/pi/cult/345/6460/14-1.jpg

Князем Валынскім і Берасцейскім стаў адзіны сын Васількі - Уладзімір. Летапісец кажа пра яго: "Гэты дабраверны князь Уладзімір ростам быў высокі, плячыма вялікі, тварам прыгожы, валасы меў жоўтыя, кучаравыя, бараду стрыг, рукі меў прыгожыя і ногі. Распавядаў ясна ад кніг, бо быў філосаф вялікі і лавец хітры, рахманы, ціхмяны, праўдзівы, не хабарнік, не хлуслівы, зладзействы ненавідзеў. Пітва ж не піў ад маленства свайго... У хрэсным жа цалаванні быў цвёрды... Найбольш жа міласцінаю быў літасцівы..." А яшчэ князь быў надта моцны фізічна: у адзіночку хадзіў на мядзведзя і дзіка.

 Як і ягонага бацьку, князя Уладзіміра ўзрушыла забойства Войшалка і яго перадсмяротны праклён. Здзейсненае зло Уладзімір вырашыў перамагчы дабром.

Першымі княжацкую ласку адчулі храмы зямель, што дасталіся яму ў спачыну ад бацькі. Уладзімір "у Бельску надаў царкве абразы і кнігі. Ва Уладзіміры ж перапісаў святога Дзмітрыя ўсяго і сасуды сярэбраныя скаваў... І завесы даў золатам шытыя, а іншыя аксамітныя з драбніцаю... У Епіскапію Перамышльскую даў Евангелле, акаванае срэбрам з перлінамі, сам жа перапісаў яго. А ў Чарнігаў паслаў Евангелле, золатам пісанае і акаванае срэбрам з перлінамі, і сярод яго Спаса з фініфць. У Луцкую Епіскапію даў крыж вялікі, сярэбраны з пазалотаю з Чэсным дрэвам".

Разам са сваёй жонкай, Вольгай Бранскай, князь таксама пабудаваў некалькі новых храмаў. Асабліва прыгожай атрымалася каменная царква Святога Георгія. Княжацкая пара "ўпрыгожыла яе іконамі каванымі і сасудамі сярэбранымі". Усе царкоўныя харугвы былі аксамітныя з залатым і жамчужным шыццём. Цікава, што вышывала іх сваімі рукамі княгіня Вольга. А князь Уладзімір для ўзведзенага храма ўласнаручна перапісаў колькі фаліянтаў, сярод якіх былі "Служэбнік святому Георгію" і "Чэцці мінеі" (зборнік жыцій святых у 12 тамах: на кожны месяц года - па томе). Але самым цудоўным падарункам царкве Святога Георгія сталі "званы, дзіўныя слуханнем, такіх жа не бывала ва ўсёй зямлі".

Адначасова князь займаўся і ўмацаваннем сваіх гарадоў. Старыя крэпасці Уладзіміра-Валынскага і Бярэсця даўно мелі патрэбу ў гэтым, тым больш, што заходнія суседзі, мазуры ды палякі, толькі і чакалі магчымасці захапіць іх. Акрамя таго, у 1274 і 1276 гадах у галіцкіх князёў былі з літоўскім князем Тройдзенем узброеныя канфлікты. Па закліку стрыечнага брата Льва Уладзімір удзельнічаў у іх, але без азлобленасці і асаблівага запалу. Значна больш непакою, чым Тройдзень, выклікаў ва Уладзіміра сам Леў. У паходах супраць суседзяў ён выявіў сябе не лепшым чынам: ганяўся за нажывай, маніў паплечнікам, даўшы клятву, не лічыў за правіла трымацца яе, пастаянна інтрыгаваў.

Зрэшты, Уладзімір прымушаў сябе быць да кузэна больш памяркоўным. Ён думаў, што яго непрыязнае стаўленне да Льва звязана з забойствам Войшалка. Некаторыя падданыя ўжо шапталіся, што Войшалкаў праклён пачаў дзейнічаць у дачыненні да сям'і самога Уладзіміра, паколькі Нябёсы не пасылаюць князю сваіх дзяцей.

І тады муж і жонка вырашылі ўзяць на выхаванне чужое дзіця. Дзяўчынку, ад якой адмовілася родная маці пры яе нараджэнні, прынеслі ў княжацкія палаты. Як дакладна вядома з летапісаў, новыя бацькі назвалі яе Ізяславай і любілі, нібыта родную.

Князь Уладзімір быў добры не толькі да сваіх падданых, але і да суседзяў. Аднойчы ў засушлівы год не ўрадзілі палі. Уладзімір загадаў адкрыць для простага люду свае ўласныя засекі. Княства квітнела, але Уладзіміра Васількавіча па-ранейшаму непакоіў праклён Войшалка. Жадаючы спытацца ў Нябёсаў, што яшчэ павінен ён здзейсніць, каб не закрануў гэты праклён яго падданых, князь аднойчы адкрыў наўздагад Біблію. І прачытаў там словы: "Дух Господень на мне... Воздвигнути городы пусты"...

Тады Уладзімір загарэўся ідэяй пабудаваць новы горад на пустых землях. Больш за ўсё падыходзілі для такой задумы велізарныя пустэчы на захад ад тэрыторыі сучаснага Брэста. Гэтак узнік Камянец з яго славутай вежай.

Князь Уладзімір пайшоў з жыцця 10 снежня 1288 года. Перад смерцю ён завяшчаў сваё княства аднаму з братоў Льва Данілавіча, Мсціславу, з якога ўзяў слова правіць сумленна і з гонарам. І толькі горад Кобрын "з людзьмі і данінай" ды сяло Гарадло "з мытам" завяшчаў князь сваёй жонцы, каб не давялося аўдавелай Вользе жыць пры Мсціслававым двары з літасці. Яго, бадай, апошнія словы, што зафіксаваў летапісец, былі наступныя: "Даю княгіні сваёй і манастыр Апосталы. І сяло даю да Апосталаў. А княгіня мая, калі я памру, калі захоча ў манахіні пайсці, няхай ідзе, калі не захоча - як ёй люба, няхай так і жыве. Мне не ўстаць і не пабачыць, што хто чыніць будзе пасля смерці маёй..."

 І здзівіліся, пачуўшы такія словы, тыя, хто не ведаў, як кахае Уладзімір сваю Вольгу, бо ніколі раней не дазвалялася княгіням гэтак свабодна вырашаць свой лёс. Аднак Вольга прыняла пострыг яшчэ да пачатку пахавальнай цырымоніі і з'явілася на яе ўжо ў чорным манаскім адзенні.

 Многія з тых, хто прыйшоў развітацца са сваім князем, сапраўды верылі, што Уладзімір, зняўшы з горада праклён, прыняў яго на сябе, ад чаго і памёр. Думаючы пра тое ж, гаротная княгіня Вольга ў манастыры стала адмаўляцца прымаць ежу. Уладзімірскі епіскап прыйшоў да яе і доўга дакараў, папракаючы ў прымхлівасці. Ён пераконваў княгіню ў тым, што ейны муж цяпер на Нябёсах, сярод святых і праведнікаў. І княгіня паверыла... А праз некалькі месяцаў, "у сераду перадвелікоднага тыдня", пераканалася ў гэтым. 6 красавіка 1289 года княгіня з епіскапам адкрыла труну мужа "і бачыла цела яго і белым, і водар ад труны быў падобны да водару шматкаштоўнага".

Ірына МАСЛЯНІЦЫНА, Мікола БАГАДЗЯЖ

 На здымках: Камянецкая вежа сёння; рэканструкцыя колішняга гарадзішча ў Камянцы.