Сем цудаў

№ 41 (1012) 08.10.2011 - 15.10.2011 г

Учора распачаўся Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТЭАРТ”.

 

Да 26 кастрычніка, нагадаем, мінчане пазнаёмяцца з прызнанымі ўзорамі сцэнічнага мастацтва з сямі краін свету. Арганізатар маштабнага праекта - Цэнтр візуальных і выканаўчых мастацтваў, які быў створаны Міністэрствам культуры краіны і адным з буйных банкаў.

 У аргкамітэце прынцыпова вырашылі скласці афішу толькі з замежных спектакляў. Канцэпцыя "ТЭАРТа" сфармулявана ў выразе "Сем краін- сем цудаў свету". У Мінск прыехалі лепшыя трупы Аргенціны, Паўднёвай Карэі, Латвіі, Літвы, Расіі, Польшчы і Францыі. Зазначым, што на сустрэчу з беларускім гледачом завіталі не толькі добра вядомыя нам рэжысёры Аскар Каршуновас і Алвіс Херманіс - арганізатары імкнуліся пазнаёміць айчынную публіку з імёнамі, новымі для нас, але ўжо знакамітымі ў свеце: Ко Сун Ун, Анджэй Бубень, Даніэль Веранэзэ, Януш Апрыньскі, Гжэгжож Яжына...

Фестывальная феерыя, акрамя падмосткаў Музычнага і Новага тэатраў, пройдзе на пляцоўках Палаца культуры прафсаюзаў, Дома Масквы, Канцэртнай залы "Мінск". А для грандыёзнага пластычнага спектакля "Сляпыя" тэатра "КТО" з Кракава замоўлены Палац спорту.