Прэмію — эстрадзе!

№ 41 (1012) 08.10.2011 - 15.10.2011 г

Да 1 лістапада працягваецца прыём заявак на ўдзел у конкурсе, па выніках якога будуць аб’яўлены пераможцы ў 16 намінацыях першай Нацыянальнай музычнай прэміі ў галіне эстраднага мастацтва.

 

Арганізатарамі яе, нагадаем, з'яўляюцца Міністэрства культуры Беларусі і ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне" пры арганізацыйнай падтрымцы Маладзёжнага тэатра эстрады.

 Як паведаміла карэспандэнту "К" начальнік канцэртнага аддзела Маладзёжнага тэатра эстрады Ірына Пазнякова, на сённяшні дзень ужо даслана некалькі дзясяткаў заявак: "У многіх дакументах кандыдатуры пададзены адразу на некалькі намінацый".

Да гэтага часу актыўна прыходзяць заяўкі са сталіцы. На жаль, пакуль амаль зусім не задзейнічаны іншыя гарады рэспублікі. "Арганізатары паабяцалі ў кастрычніку пашырыць рэкламную кампанію, таму разлічваем на актывізацыю рэгіёнаў", - патлумачыла Ірына Пазнякова.

 Днямі аргкамітэтам будуць зацверджаны лагатып і выява галоўнага прыза. Зараз на абмеркаванне арганізатарам прадстаўлена некалькі варыянтаў сімвалаў конкурсу аўтарства скульптара Андрэя Хацяноўскага.