“Гадзіннік...” спыніцца яшчэ раз

№ 41 (1012) 08.10.2011 - 15.10.2011 г

Праца над вольным рымэйкам вядомай стужкі Мікалая Фігуроўскага “Гадзіннік спыніўся апоўначы” поўнай хадой ідзе на здымачных пляцоўках Беларусі.

/i/content/pi/cult/345/6455/10-5.jpg

Васьмісерыйную тэлевізійную карціну пад назвай "Паляванне на гаўляйтара" стварае адна з расійскіх кінакампаній пры ўдзеле Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм".

Рэжысёрам-пастаноўшчыкам праекта выступае масквіч Алег Базілаў, а сцэнарыстам - Ігар Тэр-Карапетаў. Як і колішняя стужка Мікалая Фігуроўскага, новы фільм распавядае гісторыю ўдалага замаху на гаўляйтара Вільгельма Кубэ ў верасні 1943 года. Прычым, як і ў першай версіі, імёны галоўных дзейных асоб зменены. Паведамляецца, што больш мудрагелістым стаў і сам сюжэт, у які ўнесены прыгодніцкая і любоўная лініі./i/content/pi/cult/345/6455/10-4.jpg

Здымкі серыяла праходзяць на пляцоўках Мінска, Брэста, Бабруйска. У іх заняты як расійскія, так і беларускія акцёры, сярод якіх шмат вядомых твараў. Галоўныя ролі ў "Паляванні на гаўляйтэра" выконваюць Анастасія Заваратнюк, Марыя Машкова, наш Андрэй Сенькін, Сяргей Беляковіч.

 Чакаецца, што тэлегледачы змогуць убачыць стужку ўжо ў маі наступнага года.

А ў Латвіі, непадалёк ад беларускай мяжы, распачаліся здымкі другога ігравога праекта вядомага майстра аўтарскага кіно, мінулагодняга пераможцы Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" Сяргея Лазніцы. Сцэнарый стужкі "У тумане" заснаваны на аднайменным творы Васіля Быкава і напісаны самім рэжысёрам яшчэ на пачатку 2000-х.

 Дзея ў карціне разгортваецца на Беларусі пад час Вялікай Айчыннай вайны вакол чалавека, якому, па словах самога Сяргея Лазніцы, "даводзіцца рабіць маральны выбар у амаральных абставінах".

Праект з'яўляецца сумеснай вытворчасцю некалькіх краін. Аператарам-пастаноўшчыкам стужкі выступае Алег Муту, а гукааператарам - беларус Сяргей Галаўніцкі (абодва працавалі на папярэднім фільме Лазніцы - "Шчасце маё"). Плануецца, што праца над новай карцінай завершыцца бліжэй да наступнага лета.

На здымках: адна з першых сцэн "Палявання...", знятая ў Брэсце; рэжысёр Сяргей Лазніца.