Жывы курылка!

№ 41 (1012) 08.10.2011 - 15.10.2011 г

На жаль...

 

Прыгадалася мне н а с т у п н а я гісторыя зусім не з прычыны нейкай настальгіі. Якраз падзеі некалькіх апошніх дзён узнавілі яе ў памяці...

Было тое ў далёкі савецкі час. Мой калега, фотакарэспандэнт АПН Усевалад Тарасевіч распавёў гісторыю, якая надарылася з ім пры ўваходзе на маскоўскі стадыён "Дынама", дзе адбываўся матч першынства СССР па футболе. Нейкі ахоўнік непрэзентабельнага выгляду, аднак надзелены часовай уладай, гледзячы на рэдакцыйнае пасведчанне карэспандэнта, ці то па няведанні, ці то ад прыроджанай злосці сказаў сваё "дзяржымордаўскае":

- Не пушчу, таму што не дазволена.

- Даруйце, я фотакарэспандэнт АПН, і мне даручана зрабіць рэпартаж пра матч для замежнай прэсы. Гэта ўвойдзе ў матэрыял пра спорт у СССР, ды і гуляюць жа сёння знакавыя каманды - "Спартак" і "Дынама". Ды зразумейце ж вы: тое- гісторыя савецкага футбола! А надвор'е дазваляе зрабіць добрыя здымкі...

"Дзяржыморда" быў непахісны:

- Не пушчу, таму што не дазволена!

 Тарасевіч стаў яму тлумачыць, што матч - частка Гісторыі нашага жыцця, нарэшце:

- Калі я яе не пакажу, Гісторыя мне не даруе!..

Ды вахцёр нібыта і не чуў...

Усевалад Тарасевіч так і не трапіў на стадыён "Дынама" ў той дзень. Так, гісторыя, вядома ж, не спыніла сваё кола, і мой калега, на той час ужо неаднаразовы прызёр міжнародных конкурсаў, лаўрэат прэміі World Press Photo "Залатое вока", усё ж такі выканаў рэдакцыйнае заданне, зрабіўшы фатаграфіі на стадыёне ў Лужніках. Ягоныя здымкі цяпер складаюць "залаты фонд" гісторыі ХХ стагоддзя.

Даўно тое было, ажно ў 1960-я...

Але... Але жывы, жывы курылка! Хіба толькі перабраўся з таго часу ў наш. Я прыгадаў гэты эпізод з жыцця майго калегі нядаўна.

У Мінску 1 кастрычніка адкрыўся Фестываль Юрыя Башмета. Прызнаюся, я не вялікі спецыяліст у музыцы, але мяне захапіла яго музычная місія. "Паганіні альта", галоўны альтыст свету, дырыжор і педагог, прафесар Маскоўскай кансерваторыі, лаўрэат прэмій "Грэмі" і "Award-93" як лепшы музыкант-інструменталіст года (гэткі музычны "Оскар")... Дасягненні і тытулы Башмета, падаецца, можна пералічваць да бясконцасці, прыгадваючы тое, як яму ўдалося ператварыць сціплы альт у бліскучы сола-інструмент, як яму прысвячалі творы найлепшыя кампазітары сучаснасці, а таксама тое, што ягоная інтэрпрэтацыя многіх твораў прызнана непераўзыдзенай у гісторыі выканальніцкага майстэрства. Карацей, усё, за што ён бярэцца, імгненна становіцца вечнай класікай... Хаця дастаткова назваць ягонае імя - і ўсё стане зразумела. Ды і расшыфроўка прозвішча гэтага чалавека таксама таямнічая: "Бааль шэм тоў" - "Носьбіт добрага імені".

На мінулых фестывалях я з вялікім задавальненнем працаваў на яго канцэртах, рэпетыцыях, майстар-класах са студэнтамі Акадэміі музыкі. Чакаў сустрэчы з Башметам і на сёлетнім форуме. Адкрыццё, як ужо казаў, адбылося 1 кастрычніка, і я, зразумела, захацеў яго пабачыць.

Не буду распавядаць усе падрабязнасці - няхай гэта будзе журналісцкая тайна, - але я апынуўся ў абноўленым будынку Беларускага дзяржаўнага цырка і выканаў заданне рэдакцыі газеты "Культура".

Нябесная мелодыя галоўнага альтыста свету лілася з балкона пад купал цырка. Я зрабіў серыю здымкаў і быў зачараваны ігрой Юрыя Башмета, натхненнем рухаў... Адабраўшы некалькі здымкаў, вырашыў аддрукаваць іх для маэстра.

А ў панядзелак ранкам на рэдакцыйнай лятучцы ад калегі я даведваюся пра "цудоўную" навіну:

 - Вас не акрэдытавалі.

- Чаму?

- Без тлумачэнняў. Ды не перажывайце, пазалетась мяне таксама не акрэдытавалі. І- таксама без тлумачэнняў...

Фатаграфіі Юрыю Башмету я ўсё-такі перадаў. Ён шчыра ўзрадаваўся, пабачыўшы іх. Спытаўся:

- Вы хочаце, каб я падпісаў іх?

- Не, гэта вам на памяць, маэстра!

Побач апынуўся заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Міхаіл Жылюк, які прадставіў мяне свайму даўняму сябру Юрыю Башмету. А Юрый Абрамавіч прыціснуў канверт з фотаздымкамі да грудзей і сказаў:

- Геніяльныя фатаграфіі! І, зірнуўшы на мяне, спытаў:

- Я магу звярнуцца да вас, калі здымкі спатрэбяцца для публікацыі? - спытаўся ён, паўтарыўшы: - Геніяльныя фатаграфіі!..

Я аддаў сваю візітоўку, і мы развіталіся.

Пакінем на сумленні таго функцыянера адмову ў акрэдытацыі фотакара газеты "Культура".

Яшчэ ў 1825-м Аляксандр Пушкін напісаў эпіграму пра такіх людзей:

 Как уморить

 курилку моего?

 Дай мне совет...

 

Аўтар: Юрый ІВАНОЎ
фатограф